Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два бакі справы «Мотавела»: вярнулі дзяржаве завод, але адпудзілі інвэстараў


Аляксандар Мураўёў у судзе

30 студзеня ў Фрунзенскім судзе Менску быў агалошаны прысуду бізнэсоўцу Аляксандру Мураўёву, якога лічылі ўладальнікам «Мотавела», хоць паводле дакумэнтаў ён быў толькі прадстаўніком асноўнага інвэстара з Аўстрыі.

Аляксандар Мураўёў, асуджаны на 11 год, з жалезнай клеткі пасьпеў заявіць, што абавязкова падасьць апэляцыю. Сваякі Мураўёва ад камэнтароў устрымаліся. Карэспандэнт Свабоды задаў пытаньні прадстаўніцы абвінавачаньня Крысьціны Асран і Віктару Федаровічу, які назіраў за працэсам.

Пракурор: «Акцыямі «Мотавела» інвэстар завалодаў незаконна

Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачаньня пракурор Крысьціна Асран пракамэнтавала прысуд журналістам:

«Асноўны фігурант крымінальнай справы прызнаны вінаватым па ўсіх 5 эпізодах абвінавачаньня. Сярод іх — крадзеж акцыяў „Мотавела“ праз махлярства ў асабліва буйным памеры. Махлярства палягала ў невыкананьні ўмоваў куплі-продажу акцыяў, паводле якіх акцыі „Мотавела“ прадаваліся па намінальным кошце, які быў у 7,5 раза ніжэйшы за рыначны кошт.

У сваю чаргу пакупнік, аўстрыйская кампанія, мусіў выканаць шэраг умоваў дамовы. Адной з такіх умоваў было інвэставаньне ў разьвіцьцё таварыства ў суме ня менш за 20 мільёнаў даляраў ЗША. Інвэставаныя грашовыя сродкі павінны былі быць накіраваныя на мэты, прадугледжаныя бізнэс-плянам, які распрацоўваў сам пакупнік.

У ходзе судовага разбору высьветлілі, што грашовыя сродкі ў суме 20 мільёнаў даляраў у 2007–2012 гадах сапраўды залічаліся на рахункі „Мотавела“, але ў наступныя некалькі дзён гэтыя грошы пералічаліся на іншыя фірмы, падпарадкаваныя абвінавачанаму Мураўёву. Такім чынам, мэты, якія прадугледжваліся бізнэс-плянам, дасягнутыя не былі.

У 2012 годзе кампаніяй-пакупніком, інвэстарам прадстаўляецца справаздача аб нібыта цалкам выкананых умовах дамовы куплі-продажу. Менавіта гэтая фальшывая справаздача дазволіла праз падман завалодаць акцыямі ААТ „Мотавела“. Красамоўна, што цягам месяца пасьля разблякаваньня акцыяў яны перапрадаюцца ад адной кампаніі, якая была пад кантролем абвінавачанага, другой аўстрыйскай кампаніі.

Другі фігурант крымінальнай справы, дырэктар ААТ „Мотавела“ Казімір Мароз, прызнаны вінаватым у крадзяжы грашовых сродкаў „Мотавела“ ў асабліва буйным памеры. Паводле другога эпізоду суд перакваліфікаваў ягоныя дзеяньні на службовую нядбайнасьць. Канчаткова суд прызначыў пакараньне, прапанаванае абвінаваўчым бокам — 5 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем на 5 год права займаць кіруючыя пасады.

Дзеяньні Тацяны Лукавец суд перакваліфікаваў з пасобніцтва ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі на службовы падлог. Паколькі гэтае злачынства адносіцца да тых, якія не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі, а тэрмін даўнасьці для прыцягненьня да адказнасьці скончыўся, абвінавачаная прызнаная вінаватай, ёй прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 1 год, аднак яна вызваленая ад адбыцьця пакараньня».

Карэспандэнт «Радыё Свабода» запытаў Крысьціну Асран, як пракуратура адрэагавала на заяву ў судзе Аляксандра Мураўёва пра зьбіцьцё яго падчас сьледзтва. Пачуўшы гэтае пытаньне, пракурор Крысьціна Асран усьміхнулася, але нічога не адказала і сышла.

Паводле Аляксандра Мураўёва, падчас сьледзтва яго нібыта зьбівалі, а таксама шантажавалі пагрозай судзіць брата і патрабавалі сплаціць значна больш грошай, чым ён пагаджаўся. Пра гэта Аляксандар Мураўёў сказаў у апошнім слове.

Выступаючы з апошнім словам, бізнэсмэн настойваў на сваёй невінаватасьці і даводзіў, што ня быў уладальнікам «Мотавела» і ня краў акцый заводу. Аляксандар Мураўёў выказаў больш за 200 заўваг супраць абвінавачаньня, выстаўленага яму пракуратурай, назваўшы яго ілжывым і эканамічна непісьменным.

Назіральнік: Суд забраў акцыі, якія Мураўёву не належаць

Журналіст «Беларускай газэты» Віктар Федаровіч, які назіраў за працэсам, са зьдзіўленьнем адзначае, што рашэньнем суду ў фізычнай асобы адабралі акцыі, якія насамрэч належаць юрыдычнай асобе.

«Ключавы момант у гэтай справе — што Мураўёў насамрэч ня быў уладальнікам «Мотавела», а быў прадстаўніком асноўнага інвэстара — ATEC Investment, дзе ён быў дырэктарам, найманым мэнэджэрам. Між тым сьледзтва палічыла, а цяпер і суд гэта прызнаў, што ён фактычны ўладальнік і «Мотавела», і аўстрыйскай фірмы-інвэстара. На падставе чаго? На падставе меркаваньня нейкіх сьведак, якія лічылі яго гаспадаром «Мотавела» — чаго не было, бо паводле дакумэнтаў насамрэч юрыдычным уладальнікам была аўстрыйская кампанія ATEC Investment.

У юрыдычнай асобы «ATEC Investment» паводле прысуду, які быў вынесены фізычнай асобе Аляксандру Мураўёву, забіраюць акцыі і вяртаюць дзяржаве! Гэта нешта новае ў нашым правасудзьдзі

І вось парадокс. Цяпер паводле рашэньня суду ўсе акцыі, усе 77 мільёнаў акцый «Мотавела» канфіскуюць, і яны ідуць у даход дзяржавы. У юрыдычнай асобы «ATEC Investment» паводле прысуду, які быў вынесены фізычнай асобе Аляксандру Мураўёву, забіраюць акцыі і вяртаюць дзяржаве! Гэта нешта новае ў нашым правасудзьдзі — ёсьць пра што падумаць і ў чым разьбірацца юрыстам.

Між тым упершыню за шмат гадоў у 2013 годзе прадпрыемства пачало працаваць з прыбыткам! Экспэртыза ў справе даказала, што ў разьвіцьцё прадпрыемства Мураўёў як інвэстар уклаў 20 мільёнаў 111 тысяч даляраў. Выходзіць, што інвэстар уклаў грошы і ўсё роўна аказаўся махляром? Так, з гэтых 20 мільёнаў ён уклаў у закуп абсталяваньня 2,5 мільёна замест 15, як плянавалася паводле бізнэс-пляну. Але астатняе пайшло на выплату крэдытаў, падаткаў, на заробкі, на закуп матэрыялаў, камплектуючых — каб прадпрыемства працавала. У выніку на 2013–2014 гады «Мотавела» ўпершыню за апошнія дзесяцігодзьдзі выйшла на прыбытак. Пасьля арышту топ-мэнэджэраў прадпрыемства зноў працавала зь мінусам. Цяпер выявілася, што бізнэс-плян — гэта важней за пасьпяховую працу заводу і што ў невыкананьні гэтай паперы вінаваты толькі Аляксандар Мураўёў.

А яшчэ сумнае ў гэтым прысудзе — гэта мэсыдж будучым інвэстарам, якія зьбіраюцца ўкладаць у Беларусь грошы. Што вы можаце іх сюды прынесьці, можаце стаць уладальнікам прадпрыемства, але ў любы момант дзяржава можа прыйсьці і сказаць, што вы ўладальнікам заводу сталі незаконна і мы яго адбіраем. Што і адбылося».

Фрунзенскі суд, які разглядаў справу «Мотавела», зрабіў і шэраг прыватных вызначэньняў. У тым ліку на адрас Міністэрства прамысловасьці і Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці — за адсутнасьць належнага кантролю за дзейнасьцю «Мотавела» і ягоных акцыянэраў.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG