Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усім вядома, што ў ЖКГ існуе практыка адкатаў», — бізнэсоўцы пра справу Кныровіча


Аляксандар Кныровіч

Беларускія прадпрымальнікі разважаюць, ці сапраўды меў Аляксандар Кныровіч дачыненьне да карупцыйнай схемы, пра выкрыцьцё якой абвясьціў КДБ?

27 студзеня КДБ пацьвердзіў затрыманьне кіраўніка кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандра Кныровіча і яшчэ 10 чалавек у справе аб карупцыі ў ЖКГ.

У КДБ сьцьвярджаюць, што кампанія Кныровіча «СарматТэрма-Інжынірынг» «шляхам змовы і подкупу кіраўнікоў і службовых асоб прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацыяў энэргетыкі забясьпечвалі правядзеньне „заказных“ біржавых таргоў для рэалізацыі дарагой прадукцыі — папярэдне тэрмаізаляваных труб». Сумы «адкатаў» пры гэтым закладаліся фірмай у сабекошт прадукцыі, завышаная цана якой пасьля ўлічвалася пры фармаваньні камунальных тарыфаў.

Прыбытак кампанія «СарматТэрма-Інжынірынг» нібыта выводзіла ў замежжа, дзе і пераводзіла яго ў гатоўку. 24–26 студзеня пры атрыманьні хабару на суму больш як 20 тысяч рублёў быў затрыманы шэраг службовых асоб дзяржаўных арганізацыяў. Супраць іх была распачатая крымінальная справа паводле артыкула 430 (атрыманьне хабару).

25 студзеня быў затрыманы Кныровіч, ягоныя намесьнікі Максімаў і Папоўскі, сузаснавальнік Дашкевіч і два вядучыя спэцыялісты кампаніі. У дачыненьні іх была распачатая крымінальная справа паводле арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў).

Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін кажа, што злачынная схема, апісаная КДБ, выглядае цалкам рэальна. Але ці мае да яе дачыненьне Кныровіч, ён сказаць ня можа.

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

«Пакуль няма нейкай судовай пастановы, каб казаць, вінаваты ён ці не. Я ня ведаю, ці меў ён дачыненьне да гэтых злачынных схемаў. Але тое, што ў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі існуе практыка „адкатаў“, дык гэта ўсім вядома. У існуючых у Беларусі ўмовах гэта нават натуральна: нічога іншага і быць ня можа, бо ў Беларусі фактычна існуе адзіны кліент у жыльлёва-камунальнай гаспадаркі — гэта дзяржава. І тая дзяржава праз сваіх прадстаўнікоў, празь дзяржаўныя прадпрыемства і ўстановы разьмяркоўвае гэтыя грошы рукамі наёмных супрацоўнікаў. У такой сытуацыі ўзьнікае вялікая верагоднасьць пераблытаць сваю кішэню зь дзяржаўнай. А ў прадпрымальніка ў сваю чаргу ўзьнікае спакуса даць хабар дзяржаўным службоўцам за тое, што яны паспрыяюць заключэньню нейкай зьдзелкі на выгадных для бізнэсоўца ўмовах. Таму такая практыка існуе, але казаць, што Кныровіч ёй не займаўся ці займаўся, не магу», — падкрэсьліў у інтэрвію Свабодзе Балыкін.

Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка лічыць справу Кныровіча «палітычнай расправай»:

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

«Гэта тое, пра што мы заўсёды кажам: любога прадпрымальніка сёньня можна пазбавіць бізнэсу нібыта „паводле закону“, і любога прадпрымальніка можна падвесьці пад крымінальны артыкул. Ну што, толькі адзін Кныровіч працуе ў сфэры ЖКГ?.. На мой погляд, гэта замова, палітычная расправа. Бо прадпрымальнік выказваўся на надзённыя тэмы, а Лукашэнка неаднойчы казаў, што калі прадпрымальнікі будуць умешвацца ў палітыку, то зь імі будуць разьбірацца паводле законаў палітыкі. А законы палітычнай барацьбы Лукашэнкі нам усім добра вядомыя.

Гэта сыгнал буйным прадпрымальнікам — рот трымайце на замку, лішняга не кажыце, сядзіце моўчкі. Вось і ўсё. Таму тут адназначна палітычная расправа. Сёньня любы прадпрымальнік можа апынуцца на месцы Кныровіча — была б толькі замова», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG