Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Запрещается». Шэсьць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую ўсясьветную вайну


Улады Ўкраіны рассакрэцілі савецкую мэтадычку пра пасьляваенную цэнзуру.

Ва Ўкраіне зьнялі грыф сакрэтнасьці з выдадзенай у 1949 годзе ў Маскве мэтадычкі, у якой сабраны пералік забароненай для публікацыі інфармацыі ў адкрытым друку і на радыё.

Мэтадычка была выдадзеная ў колькасьці 2942 экзэмпляры і разасланая ў тэрытарыяльныя органы Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР ва ўсе рэспублікі. Асобны разьдзел у ёй прысьвечаны асьвятленьню Другой усясьветнай вайны.

«Прапагандысцкі міт пра „Вялікую Айчынную“ паўстаў дзякуючы таму, што сапраўдная інфармацыя цэнзуравалася і засакрэчвалася. У той час, калі расейская прапаганда працягвае выкарыстоўваць гэтыя міты, архівы асабліва павінны працаваць над тым, каб паказваць і адкрываць таямніцы камуністычнай цэнзуры», — перакананы дырэктар архіву Службы бясьпекі Ўкраіны Андрэй Когут.

Свабода сабрала асноўныя інфармацыйныя забароны савецкіх часоў пра Другую ўсясьветную вайну.

Пра мабілізацыю

«Забараняецца публікаваць зьвесткі ў абсалютных лічбах і ў адсотках пра колькасьць мабілізаванага ва Ўзброеныя сілы насельніцтва па СССР цалкам, рэспубліках, краях, абласьцях, гарадах і раёнах».

Асобная забарона тычылася колькасьці мабілізаваных жанчын.

Савецкая ўлада лічыла, што закрытай для распаўсюджаньня мае быць і інфармацыя пра колькасьць мэханізаванага і жывога транспарту, які забіраўся ня толькі ў цывільных міністэрстваў, але і ў людзей на карысьць Узброеных сілаў, яго стратах і вяртаньне гаспадарам.

Пра страты тэхнікі і жывой сілы

«Забараняецца публікаваць лічбавыя дадзеныя пра людзкія страты цалкам па СССР, Узброеных сілах, па асобных апэрацыях, па рэспубліках, краях, абласьцях, гарадах і раёнах».

Пад грыф «сакрэтна» таксама трапіла інфармацыя пра колькасьць інвалідаў вайны, стратах узбраеньня цалкам, па асобных апэрацыях і франтах, а таксама пра страты саюзьнікаў.

Пра трафеі

«Забараняецца публікаваць агульныя зьвесткі пра захопленыя Узброенымі сіламі СССР трафэі».

Асобная забарона тычылася зьвестак пра захопленыя дакумэнты генэральных штабоў, вайсковага камандаваньня і дзяржаўных органаў краінаў, якія ваявалі супраць СССР.

«Забараняецца публікаваць зьвесткі пра ўвоз і выкарыстаньне ў СССР захопленага на тэрыторыі праціўніка прамысловага і сельскагаспадарчага абсталяваньня, транспарту, прадметаў мастацтва, а таксама ўсю інфармацыю пра караблі і плаўсродкі, атрыманыя Савецкім Саюзам у выніку разьдзелу флёту дзяржаў, якія ваявалі супраць СССР».

Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР закрыла ўсю інфармацыю, што тычылася колькасьці вайсковай тэхнікі, атрыманай савецкай армій ад саюзьнікаў.

Пра партызанаў

Нягледзячы на тое, што партызанская барацьба ў савецкай прапагандзе гераізавалася практычна ва ўсіх савецкіх рэспубліках, забарона закранула і яе. У прыватнасьці, да дзяржаўнай таямніцы была аднесеная інфармацыя пра колькасьць партызанаў, якія дзейнічалі на часова акупаванай тэрыторыі, а таксама мэтады іхнай кансьпірацыі, маскіроўкі і дэталі абсталяваньня партызанскіх лягераў.

У той жа час менавіта ў дачыненьні да партызанаў, у адрозьненьне ад вайсковых выведнікаў, дазвалялася публікаваць зьвесткі пра тое, як яны пераапраналіся ў форму праціўніка.

Пра саюзьнікаў

«Забараняецца публікаваць абагульненыя зьвесткі і высновы адносна апэрацый замежных войскаў, якія бралі ўдзел у Другой усясьветнай вайне, за выключэньнем апублікаваных у адкрытым замежным друку».

«Забараняецца публікаваць зьведзеныя зьвесткі пра страты саюзьнікаў і праціўніка ў жывой сіле і тэхніцы па асобных франтах, флётах, злучэньнях і флятыліях».

Пра эпідэміі і захворваньні

Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР забараняла публікаваць абагульненыя зьвесткі пра ўплыў вайны на здароўе працоўных. У прыватнасьці, пра эпідэміі, зьніжэньне нараджальнасьці, харчовы рацыён і яго ўплыў на здароўе насельніцтва і жыльлёвыя ўмовы.

Пад забарону трапілі і зьвесткі, нават адзінкавыя, пра выпадкі захворваньня жывёлы і грызуноў на чуму, а таксама пра масавыя інфэкцыйныя захворваньні скаціны.

«Забараняецца публікаваць зьведзеныя дадзеныя ў абсалютных лічбах і адсотках пра маштабы падзяжу жывёлы цалкам па СССР, рэспубліках, краях і абласьцях, а таксама пра масавы падзеж жывёлы па раёнах і жывёлагадоўчых саўгасах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG