«Будзем адбудоўваць. Калі не зжывуць нас зусім». Рэпартаж з прыфрантавой украінскай вёскі. ВІДЭА

Репортаж из села Беленькое в Запорожской области в 18-ти километрах от линии фронта

No media source currently available

Рэпартаж зь вёскі Беленькае Запароскай вобласьці Ўкраіны за 18 кілямэтраў ад лініі фронту

Нават там, дзе лінія фронту адносна стабільная, мірныя жыхары Ўкраіны жывуць пад ударамі: расейскія дроны рэгулярна атакуюць прыфрантавыя вёскі.

Карэспандэнт «Настоящего времени» пабываў у вёсцы Беленькае Запароскай вобласьці — усяго ў 18 кілямэтрах ад расейскіх пазыцый.

Начальніца мясцовага аддзяленьня Укрпошты Алена паказвае наступствы патрапляньня ў яе аддзяленьне расейскага бесьпілётніка: «Усе цэлыя, усе жывыя, ніхто не пацярпеў. Адзінае, што крыху галава баліць з-за кантузіі ў дзяўчынак».

Ад удару моцна пацярпеў дах, але столь вытрымала, кажа яна:

«Усе ўсё атрымаюць. Пасылкі ўсе цэлыя, бачыце, усё добра. Усё стаіць».

Алена кажа: хутка яна і калегі навядуць тут парадак і прадоўжаць працу — калі зноў нічога не здарыцца. Гэта ўжо другі прыцэльны «прылёт» па пошце за адну раніцу.

«Гэта ўсё проста каб запалохаць, каб адсюль выгнаць людзей. Ну, я так думаю», — разважае Алена.

Насупраць пошты — офіс мясцовай аграрнай кампаніі, які ўначы таксама пацярпеў ад удару бесьпілётніка.

«Даху няма, столь ўпала. Усё. Што я магу яшчэ сказаць. Кожны дзень такая сытуацыя», — распавядае фэрмэр Андрэй Казырацкі.

Наступствы расейскага ўдару па вёсцы Беленькае Запароскай вобласьці
Наступствы расейскага ўдару па вёсцы Беленькае Запароскай вобласьці

Гаспадар аграфірмы Казырацкі скардзіцца: з-за абстрэлаў справы ідуць зусім дрэнна. Бо час ужо брацца за пасяўную.

«Мы ня можам выехаць [у поле], у мяне людзі баяцца, я не магу нікога прымусіць адназначна. Калі ў нас нічога не памяняецца ў Беленькім, то мы ўжо ўраджай сёлета зьбіраць ня будзем. І што рабіць з пайшчыкамі, як тлумачыць — ня ведаю», — кажа Андрэй.

Як і многія іншыя жыхары вёскі, ён ужо даўно абзавёўся дэтэктарамі дронаў. У такое яснае надвор’е яны залятаюць у сяло кожныя пятнаццаць хвілін.

Падчас інтэрвію дэтэктар спрацоўвае:

«Дрон! Хавайцеся, ідзіце сюды. Вось ён гудзіць. Вось яны ляцяць, пераварочваюцца. Так, зараз ён заходзіць, значыць, на „Нібулон“ да нас», — камэнтуе перамяшчэньне бесьпілётніка Андрэй Казырацкі.

Наступствы расейскага ўдару па вёсцы Беленькае Запароскай вобласьці
Наступствы расейскага ўдару па вёсцы Беленькае Запароскай вобласьці

Кампанія «Нібулон» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў сельгаспрадукцыі ва Украіне. На выходных тутэйшы філіял аграгіганта патрапіў пад авіяўдар. Абмежаваліся спалохам, расказвае вартаўнік Віктар:

«Гэта проста цуд, што мы так проста... А калі б яна вось тут сядзела, у гэтым пакоі, то з напарніцай маёй здарылася б дрэннавата».

Дроны бʼюць ня толькі па прадпрыемствах і інфраструктуры, але і па жыльлі. Пакуль здымачная група разам з жыхарамі хаваецца ад новага нападу, Тацяна — жонка Андрэя — паказвае, што здарылася з іх домам. Адзін з FPV нават патрапіў на камэру відэаназіраньня.

На вуліцах Беленькага машын амаль не відаць, мясцовыя жыхары перасоўваюцца на роварах ці мапэдах.

«Тое, што будавалася гадамі — разьбіваюць, сукі, за адну хвіліну, сэкунду наогул», — камэнтуе Андрэй Казырацкі, праяжджаючы па вёсцы на мотаролеры.

Разьбітыя склады, падбітая тэхніка і гара збожжа ўперамешку з абломкамі прафнасьцілу — гэта наступствы чарговага авіяўдару.

«Гэта быў ГАЗ-53. Вось тут была бочка, яно ўсё згарэла цалкам. Гэта сюды прыляцеў КАБ. Вось гэта незразумела, куды кузаў падзеўся, паляцеў... Але ў асноўным з таго боку. Вось гэта дзьве пліты сышло, адна на культыватары. Вунь хана трактару, ня ведаю, што рабіць. Збожжа — там, што застанецца, альбо не застанецца, — паказвае пашкоджанае прадпрыемства Андрэй. — Ну, і небясьпечна тут, яны ж прылятаюць да нас паглядзець, хто тут што хоча. Рамантаваць ніхто нічога не дае».


Беленькае стаіць на беразе Дняпра. На супрацьлеглым баку ракі — расейскае войска. Адлегласьць лёгка пераадольнае для сучасных дронаў — усяго 18 кілямэтраў. Пры гэтым тут працуюць сельсавет, крамы і шпіталь. Нават курсуюць маршруткі ў Запарожжа і назад. У сяле яшчэ застаюцца каля трох тысяч жыхароў.

«Будзем адбудоўваць ці што. Калі не зжывуць нас зусім зь вёскі. Таму што лётаюць кожныя пяць хвілін. Ляцяць і ляцяць», — кажа жыхарка вёскі Любоў.

«Страшна. Баімся. Асабліва я баюся. FPV-шак я баюся, усяго я баюся, — прызнаецца іншая жыхарка Беленькага, Ларыса. — У думках я ўжо задумваюся, каб адсюль выяжджаць».



​
XS
SM
MD
LG