Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША працягнулі санкцыі супраць атачэньня Лукашэнкі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп працягнуў на год дзеяньне санкцыяў у дачыненьні шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Трамп скіраваў адпаведнае паведамленьне ў Фэдэральны рэестар ЗША: санкцыі працягнуцца пасьля 16 чэрвеня 2017 году ў сувязі зь «дзеяньнямі і палітыкай пэўных чальцоў ураду Беларусі і іншых асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты Беларусі, чыняць парушэньні правоў чалавека, зьвязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі, бяруць удзел у карупцыйных дзеяньнях».

Гэтыя дзеяньні, паводле ліста Трампа, «працягваюць прадстаўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і замежнай палітыцы ЗША». Асобам пад санкцыямі блякуюць рахункі ў амэрыканскіх банках і забараняюць уезд у Злучаныя Штаты, а амэрыканскім кампаніям забараняецца мець справы з гэтымі асобамі.

10 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША

Санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, імёны якіх не раскрываюцца, былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2006 году пры прэзыдэнце Джорджы Бушы- малодшым у сувязі з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў, прызнаных Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам недэмакратычнымі, а таксама гвалтоўным разгонам «Плошчы» і акцыі пратэсту на Дзень Волі.

У той жа дзень, калі былі працягнутыя санкцыі супраць атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, сэнатары ЗША дамовіліся наконт законапраекту аб узмацненьні санкцыяў супраць Расеі.

Злучаныя Штаты тым часам прыпынілі санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў, уведзеныя ў 2007 годзе. Першае прыпыненьне адбылося ў кастрычніку 2015 году, затым працягвалася раз на 6 месяцаў. Апошні раз прыпыненьне гэтых санкцыяў падаўжалі 30 красавіка 2017 году.

Эўразьвяз жа летась прыпыніў «ў чаканьні пазытыўных сыгналаў» большую частку санкцыяў, уведзеных у 2004 годзе супраць афіцыйнага Менску. Дзейнымі засталіся санкцыі адносна Ўладзімера Навумава, Дзьмітрыя Паўлічэнкі, Юрыю Сівакова і Віктару Шэймана, падазраваных у датычнасьці да выкраданьня апазыцыйных палітыкаў, таксама дзейнічае эмбарга на пастаўкі зброі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG