Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыпыненьне санкцый накіравана на падтрымку эканомікі Беларусі і ўзмацненьне яе незалежнасьці», амбасада ЗША


Міністэрства фінансаў ЗША абвесьціла пра падаўжэньне часовага прыпыненьня санкцый у дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў.

Санкцыі прыпыняюцца амэрыканскім бокам з 30-га красавіка на шэсьць месяцаў.

«Прыпыненьне дзеяньня санкцый накіравана у першую чаргу на падтрымку эканомікі Беларусі і ўзмацненьне яе незалежнасьці», паведамляе амбасада ЗША ў Беларусі.

«Мы ўдзяляем пільную ўвагу пытаньням мірных сходаў, свабоды аб’яднаньняў і свабоды словы. Мы працягваем заклікаць улады Беларусі да ажыцьцяўленьня станоўчых крокаў для паляпшэньня сытуацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі, а таксама да выкананьня сваіх абавязацельстваў паважаць свабоду сходаў і аб’яднаньняў, свабоду слова і друку, і іншыя фундамэнтальныя свабоды, у тым ліку правы журналістаў і праваабаронцаў», таксама паведамляе амбасада ЗША.

У кастрычніку 2004 году Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША аднагалосна пастанавіла ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і яе прэзыдэнта.


Санкцыі былі ўведзеныя ў 2007 годзе і тычыліся ў асноўным дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў. У кастрычніку 2015 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, амэрыканскія санкцыі былі часткова скасаваныя. З таго часу кожныя паўгода амэрыканскі бок падаўжае гэтае рашэньне.
Часткова санкцыі зьнятыя з канцэрна «Белнафтахім» і яго прадстаўніцтва, адкрытых акцыянэрных таварыстваў «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно», «Беларускага нафтавага гандлёвага дома».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG