Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць парадак дня ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях?


Абмеркаваньне ў Атлянтычнай радзе ў Вашынгтоне адносін паміж Беларусьсю і ЗША выклікала вострую дыскусію сярод беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці. У чым прычына такой цікавасьці да гэтага пытаньня? Чаго афіцыйны Менск хоча ад ЗША? Ці ёсьць у Вашынгтону сфармаваная палітыка адносна Беларусі?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелПАН Аляксандар Класкоўскі.

У чым прычына цікавасьці грамадзкасьці да адносін Беларусі і ЗША

Валер Карбалевіч: «У Атлянтычнай радзе ў Вашынгтоне прайшла канфэрэнцыя на тэму беларуска-амэрыканскіх адносін, у якой узяў удзел намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, які таксама меў сустрэчы ў Дзярждэпартамэнце ЗША. Нячаста на замежную канфэрэнцыю прылятае намесьнік міністра замежных спраў. Алею ў агонь падліла тое, што канфэрэнцыю арганізоўваў Джэймстаўнскі фонд, які вядомы прыхільным стаўленьнем да афіцыйнага Менску. Пытаньні выклікаў і склад удзельнікаў ад беларускага боку. Чаму ў сацыяльных сетках разгарэліся жарсьці вакол гэтага мерапрыемства?»

Аляксандар Класкоўскі: «Гэтая гарачая спрэчка вынікае з самога фэномэну сацыяльных сетак. Яшчэ 10 ці нават 5 гадоў таму падобныя мерапрыемствы былі ў значнай ступені закрытыя. І толькі потым, празь некалькі дзён пасьля іх правядзеньня ўдзельнікі дзяліліся ўражаньнямі, і можна было даведацца, пра што ішла гаворка. Цяпер жа можна на сайце той жа Атлянтычнай рады паглядзець відэа гэтай канфэрэнцыі і выказацца па гарачых сьлядах.

У прыватнасьці, найперш разгарэлася палеміка паміж супрацоўнікам Радыё Свабода Франкам Вячоркам і палітыкам Андрэем Дзьмітрыевым, які таксама ўдзельнічаў у канфэрэнцыі. Вячорка лічыць, што Захаду варта больш патрабаваць ад беларускага рэжыму і менш яму патураць. А ў Дзьмітрыева і палітоляга Яўгена Прэйгермана падыход больш памяркоўны і гнуткі.

Калі ставіць праблему шырэй, то пытаньне палягае вось у чым: ці ўдасца Менску накінуць Вашынгтону падыход у духу рэал-палітык, як ужо ўдалося з Эўразьвязам? Ці ўсё ж ЗША будуць больш прынцыповымі ў адносінах да тэмы правоў чалавека?»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Андрэй Фёдараў: «Сапраўды, ёсьць прынцыповая розьніца ў падыходах розных прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці да таго, якая павінна быць палітыка Захаду адносна рэжыму Лукашэнкі. Адны настойваюць, што трэба жорстка ціснуць на Менск. Другія лічаць, што больш спакойны падыход можа прывесьці да станоўчых наступстваў».

Якія ў афіцыйнага Менску ёсьць спадзяваньні наконт новай амэрыканскай адміністрацыі?

Карбалевіч: «У ЗША ва ўладзе новая адміністрацыя. Менск мае спадзеў, што дачыненьні можна пачаць з чыстага аркуша. Чаго хоча беларускі бок ад Вашынгтону? Можа, крэдыту МВФ, бо вырашэньне гэтага пытаньня моцна залежыць ад ЗША».

Фёдараў: «Ёсьць стандартны набор чаканьняў афіцыйнага Менску ад Захаду. Гэта крэдыты, інвэстыцыі і тэхналёгіі. І каб ЗША і ЭЗ ня ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі, не крытыкавалі за парушэньне правоў чалавека. І зьявілася новая праблема. Беларускае кіраўніцтва чакае ад Захаду палітычнай падтрымкі перад пагрозай з боку Расеі. Праўда, не зусім зразумела, якім чынам гэта можна будзе зрабіць».

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Класкоўскі: «Менск хацеў бы нармалізаваць дачыненьні з ЗША. Зьвярніце ўвагу, Лукашэнка дазваляе сабе зьняважлівыя выказваньні на адрас эўрапейскіх палітыкаў, кшталту таго, што ў іх там чагосьці не хапае ў ніжняй частцы цела. У дачыненьні да амэрыканскага кіраўніцтва такога ён сабе ніколі не дазваляў. Бо паважае сілу».

Карбалевіч: «Хацеў бы вам запярэчыць. Вельмі груба і жорстка Лукашэнка выказваўся і на адрас Клінтана, і Буша. Маўляў, у вас рукі ў крыві. Таму было ўсякае».

Класкоўскі: «Так, але пераважна ён гэта рабіў тады, калі прэзыдэнты ЗША былі ў статусе „кульгавых качак“, то бок заканчвалі свой прэзыдэнцкі тэрмін.

А вось падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнка ня ўтойваў сваёй сымпатыі да Трампа. І пасьля перамогі апошняга ён даслаў цёплае і нефармальнае віншаваньне з гэтай нагоды. У зьвязку з гэтым у афіцыйнага Менску зьявіліся новыя надзеі або ілюзіі. У вачах Лукашэнкі Трамп — гэта такі грубаваты мужык, які „ідзе ад жыцьця“, як любіць казаць беларускі лідэр. Трамп бізнэсовец, таму зь ім можна зладзіць торг і паразумецца.

Вось намесьнік міністра замежных спраў Краўчанка ў Вашынгтоне пэдаляваў пытаньне бясьпекі. Дарэчы, дыскусія разгарэлася з нагоды таго, што Краўчанка даволі ўхіліста адказаў на пытаньне, ці застануцца расейскія войскі пасьля заканчэньня вучэньняў „Захад 2017“ у Беларусі. Ён сказаў: „Мы так ня думаем“. Магчыма, гэта была адмысловая шматзначнасьць, каб падкрэсьліць, што калі Захад ня будзе падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, то сюды можа прыйсьці Расея, і гэта стане для ЗША і ЭЗ новым галаўным болем».

Ці ёсьць у Вашынгтону сфармаваная палітыка адносна Беларусі?

Карбалевіч: «Ці можна канстатаваць, што ЗША маюць ясную палітыку ў стаўленьні да Беларусі? Вось пасьля рэпрэсій падчас акцый пратэсту, асабліва пасьля Дня Волі, гучалі крытычныя заявы з боку ЭЗ, МЗС краін Эўропы, была рэзалюцыя Эўрапарлямэнту. З боку ЗША была крытычная заява амэрыканскай амбасады. З Вашынгтону нейкіх асуджэньняў не прагучала. Адзіным палітычным крокам адносна Беларусі з боку новай адміністрацыі ЗША стала рашэньне працягнуць мараторый на санкцыі».

Фёдараў: «Ніякай новай палітыкі ў параўнаньні з той, якая была пры мінулай адміністрацыі Абамы, у Вашынгтоне ня выпрацавана. Там заўважылі, што Менск не выконвае абяцаньняў, якія ён даваў. Таму санкцыі не адмененыя, а толькі прыпыненыя.

Відавочна, што адміністрацыі Трампа цяпер абсалютна не да Беларусі. У яго шмат унутраных і замежнапалітычных праблемаў. Таму працягваецца ранейшая лінія.

Пэўную рацыю беларускае кіраўніцтва мае ў тым сэнсе, што Трамп ня будзе зацыклівацца на тэме дэмакратыі і правоў чалавека. Для Вашынгтону больш важная пазыцыя Беларусі ў пытаньні супрацьстаяньня паміж ЗША і Расеяй».

Карбалевіч: «Калі для адміністрацыі Трампа момант правоў чалавека ня вельмі важны, то чаму яна ўвогуле не адмяніла санкцыі супраць афіцыйнага Менску, а толькі працягнула мараторый на іх прымяненьне? Бо санкцыі былі ўведзеныя менавіта за парушэньне беларускімі ўладамі дэмакратычных нормаў».

Фёдараў: «Думаю, Вашынгтон насьцярожваюць тыя ж манэўры „Захад 2017“. Бо ў гэтым сэнсе Беларусь паводзіць сябе як верны хаўрусьнік Масквы».

Карбалевіч: «Сапраўды, гэтыя вучэньні, магчыма, адзіны чыньнік, дзеля якога ЗША зьвяртае ўвагу на Беларусь. Бо вось прыйшла інфармацыя, што летам побач пройдуць вучэньні НАТО, што ў Літве на нейкі час могуць зьявіцца амэрыканскія ракетныя комплексы».

Калі беларускае кіраўніцтва не наламае дроў, не сарвецца ў штопар рэпрэсій, то думаю, што павольны прагрэс у двухбаковых адносінах будзе назірацца

Класкоўскі: «Гандаль паміж Беларусьсю і ЗША невялікі, і я ня думаю, што ў каманды Трампа баліць галава пра абʼём узаемнага тавараабароту. Таму афіцыйны Менск, напэўна, спэкулюе на тэме бясьпекі, каб дамагчыся прагматычнага стаўленьня Вашынгтону. Вось той жа Краўчанка ў Вашынгтоне нагадаў, што празь Беларусь ідзе амэрыканскі транзыт грузаў у Аўганістан для войскаў ЗША, якія знаходзяцца ў гэтай краіне.

Што тычыцца правоў чалавека. Нават калі дапусьціць, што Трамп у гэтым пытаньні будзе не такі прынцыповы, то варта адзначыць, што ў ЗША існуе падзел уладаў. Амэрыканскі Кангрэс займае больш патрабавальную і прынцыповую пазыцыю што да гэтай тэмы, да каштоўнасьцяў. Таму ня думаю, што Менску ўдасца праштурхнуць свой варыянт двухбаковых адносін. Маўляў, мы прытрымліваемся пазыцыі нэўтралітэту ў канфлікце Расеі і Ўкраіны, мы донар бясьпекі ў рэгіёне, у падзяку за гэта вы не чапляйцеся да пытаньня правоў чалавека. Думаю, што гэтая тэма каштоўнасьцяў будзе заставацца ў фокусе двухбаковых дачыненьняў. І калі беларускае кіраўніцтва не наламае дроў, не сарвецца ў штопар рэпрэсій, то думаю, што павольны прагрэс у двухбаковых адносінах будзе назірацца».

Хто тармозіць вяртаньне амбасадараў?

Карбалевіч: «Больш за дзесяцігодзьдзе амбасады Беларусі і ЗША працуюць без амбасадараў. Гаворка пра іх вяртаньне вядзецца не адзін год, аднак справа ня рухаецца. Хто, які бок тармозіць вяртаньне амбасадараў?»

Фёдараў: «Напрыканцы мінулага году Лукашэнка казаў, што амбасадары сёньня ці заўтра могуць вярнуцца. А цяпер Краўчанка кажа, што чакаць хуткага вырашэньня гэтага пытаньня не выпадае. Думаю, менавіта ЗША ня вельмі сьпяшаюцца гэта рабіць».

Класкоўскі: «Думаю, дзейнічае інэрцыя з абодвух бакоў. І Менск, і Вашынгтон баяцца прайграць, больш саступіць, чым атрымаць. Для беларускага боку ёсьць пытаньне захаваньня твару. Лукашэнка не аднойчы прагаворваў, што няхай спачатку ЗША здымуць санкцыі, і толькі потым могуць вярнуцца амбасадары».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG