Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барак Абама вяртаецца ў палітыку: будзе змагацца са зьменамі клімату


Барак Абама на саміце харчовых інавацыяў у Мілане (Італія)

44-ы прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў 9 траўня на саміце харчовых інавацыяў у Мілане (Італія), дзе зрабіў шэраг заяваў аб зьменах клімату.

Гэта першы публічны зварот Барака Абамы за мяжой пасьля пакіданьня пасады прэзыдэнта. Паводле Абамы, праблемы клімату будуць галоўным прыярытэтам ягонай дзейнасьці ў наступныя 10 гадоў.

«Падчас свайго прэзыдэнцтва я зрабіў праблему зьмены клімату адным са сваіх прыярытэтаў, таму што лічу, што з усіх праблемаў, зь якімі мы сутыкаемся, менавіта гэтая будзе вызначаць абрысы нашага стагодзьдзя — магчыма, больш выразна, чым любая іншая, — тлумачыў Абама. — Ніводная краіна, вялікая ці маленькая, багатая ці бедная, не застрахаваная ад наступстваў зьмены клімату. Мы ўжо адчуваем іх у Амэрыцы, дзе ў некаторых гарадах у сонечныя дні адбываюцца паводкі, дзе сэзоны лясных пажараў становяцца даўжэйшымі і больш небясьпечнымі, дзе на Алясцы адбываецца імклівы размыў берагавой лініі, а ледавікі растаюць тэмпамі, нябачанымі ў сучаснай гісторыі».

Абама таксама падкрэсьліў, што зьмена клімату ўжо ўскладняе вытворчасьць харчоў. Ужо назіраецца скарачэньне ўраджаяў і рост цэнаў на прадукты харчаваньня, што ў некаторых выпадках прыводзіць да палітычнай нестабільнасьці, адзначыў ён:

«А паколькі большасьць беднага насельніцтва сьвету занятая ў сельскай гаспадарцы, рэзкі разрыў паміж разьвітымі краінамі і краінамі, што разьвіваюцца, дзеля скарачэньня якога мы прыкладаем столькі высілкаў, будзе яшчэ больш складана ліквідаваць. Наступствы гэтага лягуць на плечы жыхароў бедных краінаў, менш за ўсё падрыхтаваных да таго, каб з гэтым справіцца. Па праўдзе, прыток уцекачоў у Эўропу ў асноўным абумоўлены ня толькі канфліктамі, але і недахопам харчаваньня ў некаторых краінах, што будзе адчувацца ўсё вастрэй па меры зьмены клімату».

Тым часам цяперашні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абяцаў выйсьці з Парыскага пагадненьня пра клімат, заключэньня якога дабіўся Абама. Але Белы дом 9 траўня чарговы раз адклаў нараду, прысьвечаную гэтаму пытаньню. Новая дата нарады не паведамляецца.

Беларусь падпісала Парыскі пратакол. Што гэта значыць?

Паводле памочнікаў Трампа, ён блізкі да прыняцьця рашэньня аб тым, ці выконваць дасягнутую ў 2015 годзе дамоўленасьць аб абмежаваньні выкідаў парніковых газаў дзеля стрымліваньня глябальнага пацяпленьня, у тым ліку дадзеныя ЗША абяцаньні ў скарачэньні забруджваньняў на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя. Рашэньне можа быць прынятае да таго, як Трамп накіруецца на саміт «Вялікай сямёркі», што адбудзецца ў траўні на Сыцыліі (Італія).

ЗША займаюць другое месца ў сьвеце ў забруджваньні навакольнага асяродзьдзя, саступаючы толькі Кітаю, і выхад краіны з Парыскага пагадненьня істотна зьнізіць ягоны ўплыў на сусьветную экалёгію. Старшыня КНР Сі Цьзіньпін тым часам заявіў у размове з новым прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, што Кітай і Францыя «маюць бараніць дасягненьні сусьветнага рэгуляваньня, у тым ліку Парыскія пагадненьні».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG