Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Саюз палякаў будзе змагацца за адукацыю на польскай мове», — Анжаліка Борыс


Анжаліка Борыс

Старшыня непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс атрымала адказ зь Міністэрства адукацыі на ліст у абарону школ з польскай мовай навучаньня ў Горадні і Ваўкавыску. Ліст, пад якім падпісаліся блізу шасьці тысяч чалавек з усяе Беларусі, быў накіраваны ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Паводле Анжалікі Борыс, галоўнае ў адказе зь Міністэрства адукацыі — адсутнасьць канкрэтыкі.

«Нам напісалі, што праца над зьменамі ў заканадаўства аб адукацыі, паводле якіх ва ўсіх школах Беларусі выпускныя іспыты павінны будуць здаваць на адной зь дзяржаўных моваў, дагэтуль ня скончаная. Канчатковага рашэньня няма. Але магу сказаць, што Саюз палякаў гатовы да найгоршага рашэньня і будзе адстойваць адукацыю на польскай мове ў школах Горадні і Ваўкавыску».

Борыс сказала Свабодзе, што да яе часта зьвяртаюцца бацькі дзяцей, якія вучацца ў гэтых школах, іншыя сябры Саюзу палякаў:

«Адчуваецца, што людзі насамрэч хвалююцца за тое, што можа зьнікнуць адукацыя на польскай мове. І ў людзей няма даверу да ўладаў у гэтым пытаньні».

Польская школа ў Ваўкавыску
Польская школа ў Ваўкавыску

Напісаць ліст Аляксандру Лукашэнку прымусілі зьмены, якія, як чакаецца, будуць у ліпені ўнесеныя ў Закон аб адукацыі. Паводле гэтых зьменаў усе вучні Беларусі будуць здаваць выпускныя іспыты абавязкова на адной зь дзяржаўных моваў. Фактычна, як кажуць сябры СПБ, па-расейску.

І тады ў гэтых школах губляецца сэнс выкладаньня асноўных прадметаў — такіх, як матэматыка, фізыка, хімія — на польскай мове.

Анжаліка Борыс у траўні падавала заяўку ў Гарадзенскі гарвыканкам на пікет у абарону школаў з польскай мовай навучаньня. Але ёй адмовілі — маўляў, заяўка не адпавядае нормам закону.

У Беларусі дзейнічаюць дзьве школы з польскай мовай навучаньня: адна ў Горадні і адна ў Ваўкавыску. Апошнімі гадамі бацькі, якія хочуць, каб іхныя дзеці пайшлі ў школу з польскай мовай навучаньня, вымушаны стаяць у чэргах, каб пасьпець падаць заяву на прыём дзяцей у першую клясу.

Школы з польскай мовай навучаньня ў Горадні і Ваўкавыску існуюць больш за 20 гадоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG