Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьбіраецца Польшча паляпшаць дачыненьні зь Беларусьсю любым коштам?


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з маршалкам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч

Глод: У адной з найбуйнейшых польскіх газэт — Rzeczpospolitа — 13 красавіка выйшаў артыкул пад назвай «Ці будзе Польшча рабіць адносіны зь Беларусьсю цяплейшымі любым коштам?». Артыкул мае і падзагаловак: «Пацяпленьне польскіх адносін зь Менскам усё яшчэ актуальнае, рэпрэсіі і новыя палітвязьні не перашкаджаюць».

Зразумела, што зусім не выпадкова артыкул зьявіўся ў той самы дзень, калі ў Беларусі завяршыўся трохдзённы візыт дэлегацыі польскага Сэйму на чале з Адамам Андрушкевічам — сустаршынём групы па супрацы з Нацыянальным сходам Беларусі. Чарговы візыт польскіх парлямэнтароў у Беларусь, а ён стаў ужо трэцім, пачынаючы са жніўня мінулага году, даў падставу аўтару артыкула паразважаць над станам польска-беларускіх дачыненьняў. На погляд аўтара Руслана Шошына, у Польшчы пануе думка, што лепш мець стасункі з такой Беларусьсю, якая ёсьць цяпер, чым зь Беларусьсю, якая яшчэ больш схіліцца ў бок Расеі ў выпадку новых заходніх санкцый.

«Польская дыпляматыя любым коштам хоча даслаць Лукашэнку сыгнал, што ёсьць яшчэ магчымасьць адмовы ад рэпрэсій і што цяпер Менск ужо балянсуе на чырвонай лініі», — цытуе Rzeczpospolitа былога намесьніка міністра замежных спраў Польшчы Паўла Коваля.

У падыходзе афіцыйнай Варшавы да беларускіх праблемаў нічога новага фактычна няма. Пачнём з таго, што любыя ўлады ў Польшчы хацелі б бачыць Беларусь, якая не схіляецца занадта блізка да Расеі. Беларусь выглядала для палякаў добрым буфэрам паміж Польшчай і Расеяй. Вядома, у ідэале было б цудоўна, калі б Беларусь стала сапраўднай дэмакратычнай краінай. Але да гэтага пакуль далёка. У Варшаве хацелі б бачыць сваю суседку хоць бы збольшага нэўтральнай дзяржавай. Таму палякі лічаць неабходным, нягледзячы на сакавіцкія падзеі ў Менску і іншых рэгіёнах Беларусі, падтрымліваць больш-менш устойлівыя стасункі зь беларускім кіраўніцтвам.

Зразумела, што агульную палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі выпрацоўваюць у Брусэлі. Але і Польшча, і, дарэчы, Літва — бліжэйшыя суседзі Беларусі — спрабуюць, я думаю, згодна з дамоўленасьцямі ў Брусэлі часьцей кантактаваць з афіцыйнымі беларускімі ўладамі. І гэта таксама зразумела, бо тут і агульная дзяржаўная мяжа, і агульная гісторыя. Усё гэта так.

Аднак, на мой погляд, як існуе чырвоная лінія для беларускіх уладаў, гэтаксама існуе мяжа, за якую варшаўскім чыноўнікам пераходзіць было б немэтазгодна. Магчыма, тое, што польскія дэпутаты выслухалі і прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, дапаможа ім не зайсьці за яе.

Пакуль жа, паводле слоў амбасадара Польшчы ў Беларусі Конрада Паўліка, кожны візыт польскіх дэлегацый у Беларусь дае плён. Як прыклад ён прывёў цяперашнюю сустрэчу дэпутатаў у Міністэрстве адукацыі, дзе яны пабачылі адкрытасьць да дыскусіі на тэму польскіх дзяцей, якія ходзяць у беларускія школы: для палякаў важна, каб дзеці мелі адчуваньне ўласнай айчыны, але і былі добрымі грамадзянамі Беларусі.

Амбасадар Польшчы, мабыць, не наіўны чалавек. Але беларускую спэцыфіку, на маю думку, яму яшчэ трэба засвойваць. Я для прыкладу вазьму папярэдні візыт у Беларусь польскай парлямэнцкай дэлегацыі больш высокага роўню. Тады старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч паабяцаў гасьцям зрабіць усё, каб вырашыць праблемы з двума саюзамі палякаў у Беларусі і аб’яднаць іх у адзін. А што мы маем на сёньня? Публічна заяўлена, што ў Беларусі ствараецца яшчэ адзін саюз палякаў — ужо трэці. Вось такі досьвед «вырашэньня» праблемаў мае афіцыйны Менск.

Цыганкоў: Цяперашні паварот падзей у Беларусі ставіць перад Польшчай нават у большай ступені, чым перад іншымі заходнімі краінамі, такую стратэгічную дылему: як зноў трэба ставіцца да афіцыйнага Менску? У большай ступені — таму што менавіта Польшча найбольш уклалася ў тое самае пацяпленьне адносін зь Беларусьсю, у нармалізацыю, якая назіралася апошнія два гады. Афіцыйная Варшава бегла паперадзе паравоза, паперадзе Брусэлю, і была больш актыўнай і ў наладжваньні стасункаў з афіцыйнымі структурамі Беларусі, з парлямэнцкімі структурамі, і ў тым, што менавіта геапалітычны падыход, а не ідэйны, павінен пераважаць цяпер у стаўленьні да афіцыйнага Менску. Калі гэта перадаць нейкай ляпідарнай фразай, то Польшча паставіла на незалежнасьць, а не на дэмакратыю ў Беларусі, разумеючы, што да дэмакратыі яшчэ далёка, а незалежнасьці трэба дапамагаць дыпляматычнымі і палітычнымі сродкамі ўжо цяпер.

Апошнія падзеі лютага-сакавіка ў Беларусі, а менавіта палітычныя рэпрэсіі, якія аднавіліся, ставяць перад польскай палітыкай пытаньне, як цяпер ставіцца да афіцыйнага Менску. Выглядае, што пакуль Варшава і большасьць польскіх палітыкаў ня хочуць мяняць сваю пазыцыю, у якую яны ўкладаліся даволі моцна, спадзеючыся і нават даючы афіцыйнаму Менску намёкі, што трэба яму вярнуцца да «нармальнасьці», якая была апошнія два гады. Хоць на самай справе вопыт і гісторыя Беларусі паказваюць, што «нармальнае» для беларускага рэжыму — гэта якраз палітычныя рэпрэсіі і ўціск грамадзянскай супольнасьці. Але Польшча спадзяецца, што ў гэтым сэнсе Менск ня пойдзе надта далёка, як гэта было 19 сьнежня 2010 году, і ўсімі сродкамі спрабуе данесьці да беларускай дыпляматыі такое пасланьне: заставайцеся ў рамках прыстойных паводзін, і мы па-ранейшаму будзем вас падтрымліваць. Наколькі мэтазгоднай і апраўданай будзе гэтая палітыка, можа паказаць толькі далейшае разьвіцьцё падзеяў.

Карбалевіч: Для сёньняшняга кіраўніцтва Польшчы нармалізацыя дачыненьняў зь Беларусьсю — адзіны, бадай, кірунак замежнай палітыкі, які можна назваць посьпехам.

Бо адносіны Варшавы з Брусэлем аказаліся напружанымі. Ускладніліся стасункі Польшчы і Ўкраіны з прычыны дэмаршаў, зьвязаных з падзеямі Другой сусьветнай вайны. Дачыненьні з новай адміністрацыяй ЗША пакуль незразумелыя, бо адміністрацыі Трампа пакуль не да Польшчы. І толькі зь Беларусьсю працэс разьвіваўся па нарастаючай. Краіны перажывалі своеасаблівы дыпляматычны «мядовы месяц». Адбываліся бясконцыя візыты польскіх дэлегацый у Беларусь.

Але гэтую ідылію трохі сапсавалі апошнія палітычныя падзеі ў Беларусі. Масавыя зачысткі падчас вулічных акцый прымусілі Польшчу неяк рэагаваць. Афіцыйна Варшава заявіла, што калі рэпрэсіі будуць працягвацца, то яна можа памяняць сваю палітыку ў дачыненьні да Менску.

Прычым рэпрэсіі ж тычацца найбольш журналістаў польскага тэлеканалу «Белсат». Кіраўніца «Белсату» Рамашэўска-Гузы ўскосна абвінаваціла ў гэтым польскае кіраўніцтва. Маўляў, спыненьне фінансаваньня каналу ў канцы гэтага году разьвязала рукі беларускім уладам.

А тут яшчэ Лукашэнка заявіў, што ў лягерах Украіны, Польшчы і Літвы рыхтуюць беларускіх баевікоў. Плюс у прапагандысцкіх фільмах БТ таксама Польшча фігуруе як краіна, якая робіць нешта дрэннае для Беларусі.

Таму кіраўніцтва Польшчы апынулася трохі ў непрыемнай сытуацыі. Але, нягледзячы на афіцыйныя заявы, Варшава працягвае ранейшы курс. Пра гэта сьведчыць візыт дэлегацыі польскага сэйму. Яна магла б адкласьці візыт у зьвязку з палітычнымі рэпрэсіямі і несяброўскімі крокамі афіцыйнага Менску. Але не, Варшава працягвае ранейшую дыпляматычную лінію. Бо цяжка выскачыць з каляіны, у якую на беларускім кірунку стала польская дыпляматыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG