Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча адкрыла дзіцячую ветразевую школу ў Браславе ФОТА


У рамках праграмы «Польская дапамога» амбасада Рэспублікі Польшчы ў Менску ажыцьцявіла праект па аднаўленьні традыцыяў ветразевага спорту на Браслаўскіх азёрах.

У 30-я гады мінулага стагодзьдзя на возеры Дрывяты было тры прычалы для яхт і лодак з ветразямі, аднак у 1939 годзе гісторыя ветразевага спорту у Браславе скончылася. І толькі з 2012 году ў Браславе аднавіліся рэгаты.

Па ініцыятыве польскай амбасады ў сакавіку летась была падпісаная дамова з раённымі ўладамі Браслава аб стварэньні дзіцячай ветразевай школы. На гэтыя мэты амбасада Польшчы інвэставала каля 100 тысяч эўра. На гэтыя грошы былі закупленыя 15 сучасных чаўноў зь ветразямі, перасоўны прычал, ангар для іх захоўваньня. На кожным ветразі падораных Польшчай чаўноў — сымбаль усьмешкі, знак праграмы «Польская дапамога».

Выступае амбасадар Польшчы Конрад Паўлік
Выступае амбасадар Польшчы Конрад Паўлік

Яшчэ 40 тысяч эўра Польшча інвэстуе ў дзейнасьць школы: беларускіх дзяцей будуць навучаць польскія інструктары з гораду-пабраціму Аўгустоў, дзе даўно існуе аналягічная школа. Як заявіў амбасадар Польшчы Конрад Паўлік, гэта адзін са ста праектаў малых грантаў, якія фінансавала амбасада Польшчы ў Беларусі. І калі большасьць гэтых праектаў насіла сацыяльны характар, то браслаўскі праект — асаблівы, раней праекты былі скіраваныя на дапамогу абяздоленым і хворым людзям, а гэты скіраваны на гаспадарчае і турыстычнае разьвіцьцё.

«Сёньняшні праект спрыяе мясцоваму і рэгіянальнаму разьвіцьцю ў розных плянах — турыстычным, эканамічным, грамадзкім. Ветразевая школа — гэта менавіта такі праект. Ідэя належыць супрацоўнікам амбасады, Ротары-клюбу і мясцовым уладам. Мы часта прыяжджаем на Браслаўшчыну, тут нам падабаецца. Вялікае возера, калясальныя магчымасьці для разьвіцьця воднага спорту. Турыстычная прыцягальнасьць гэтага месца, я ўпэўнены, будзе расьці», — заявіў Радыё Свабода амбасадар Польшчы Конрад Паўлік.

Адкрыцьцё школы віталі старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў і старшыня Браслаўскага райвыканкаму Уладзімір Дранеўскі.

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў і старшыня Браслаўскага райвыканкаму Уладзімір Дранеўскі
Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў і старшыня Браслаўскага райвыканкаму Уладзімір Дранеўскі

Старшыня Браслаўскага райвыканкаму заявіў:

«Для моладзі ветразевая школа — добрая магчымасьць далучыцца да здаровага ладу жыцьця, атрымаць унікальны вопыт. Белыя ветразі над Дрывятамі стануць сымбалем польска-беларускага сяброўства».

Сёньня 15 дзяцей з Браслаўскага раёну зрабілі сваё першае кола па возеры. Кажучы пра будучыя праекты польскай дапамогі, амбасадар Паўлік сказаў:

«Кожны год мы будзем рэалізоўваць 5-6 праектаў. Часткова гэта будуць праекты для людзей, якія церпяць нястачу, інвалідаў, дзяцей з сацыяльнымі праблемамі, але мы хочам рабіць і праекты, як сёньняшні, якія спрыяюць мясцоваму і рэгіянальнаму разьвіцьцю».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG