Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярпімасьці да рэлігіяў і канфэсіяў у беларусаў могуць павучыцца і ў Заходняй Эўропе


Беларусаў шмат у чым можна папракнуць. І ў суме па таталітарнай дзяржаве, абыякавасьці да роднай мовы, заплюшчваньні вачэй на рэпрэсіі, якія закранаюць апанэнтаў улады. Але не кажыце, што беларусы нецярпімыя да розных рэлігіяў. Гэта тое, чаму ад нас могуць павучыцца і ў Заходняй Эўропе.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч палемізуе зь мітрапалітам Кандрусевічам, які ў адкрытым лісьце да Сьвятланы Алексіевіч напісаў, што ў Беларусі «гістарычна склаліся добрыя як міжканфэсійныя, так і міжрэлігійныя адносіны».

«Зь якога часу? — пытаецца Сідарэвіч. — З часоў Рэчы Паспалітай? З царскага часу? Ці зь міжваеннага ў Заходняй Беларусі?» Гісторык сыпле фактамі, якія, на ягоную думку, сьведчаць пра нецярпімасьць па рэлігійнай прыкмеце ў Беларусі. Паводле Сідарэвіча, пакутавалі ўсе ад усіх, але паміж радкоў прасочваецца, што найбольш ад каталікоў. Нездарма спадар Сідарэвіч падсумоўвае свой тэкст так: «Мо Сьвятлана Алексіевіч не зусім дакладна выказалася, але я ўпэўнены, што выказацца так ёй падказала генэтычная ці то гістарычная памяць».

Перасьлед расейскім царом юдэяў, або міжваеннай польскай уладай беларускіх духоўных — гэта не праблема беларусаў.

Адзіная вайна ў гісторыі нашых земляў, якую з нацяжкаю можна назваць рэлігійнаю, адбылася ў 1430-х гадах, калі Сьвідрыгайлу падтрымалі праваслаўныя, якіх тады абмежавалі ў правах. Рэлігійны фактар, але нават ня другасны паводле значэньня, прысутнічаў падчас падзелаў Рэчы Паспалітай і паўстаньня Каліноўскага. Наўрад ці гэтыя падзеі меў на ўвазе Сідарэвіч, кажучы пра генэтычную памяць Алексіевіч.

Факты, якія пералічыў гісторык, праўдзівыя. І гэтую заганную практыку няма чаго апраўдваць. Але пры чым тут беларусы? Перасьлед расейскім царом юдэяў, або міжваеннай польскай уладай беларускіх духоўных — гэта не праблема беларусаў. Чаму мы мусім апраўдвацца за акупацыйную ўладу на нашых землях і казаць mea culpa за тое, што казакі рэзалі нашых жа суайчыньнікаў іншай рэлігіі? Гэтыя факты — вынік дзеяньняў палітычных уладаў, радзей гіерархіі. І найлепш пра гэта сьведчаць самі факты. Міжваенная Польшча перасьледавала беларускіх каталіцкіх сьвятароў не таму, што тыя былі каталікамі. Самі ўлады ў Польшчы былі каталіцкія, а каталіцызм быў фактычна дзяржаўнай рэлігіяй. Справа была ў беларускасьці, а не рэлігіі, у неляяльнасьці да польскай дзяржавы. Ня блытайце каталіцызм з польскай рэлігіяй.

Чаму мы мусім апраўдвацца за акупацыйную ўладу на нашых землях і казаць mea culpa

На кожны факт Анатоля Сідарэвіча можна прывесьці багата контрфактаў, якія сьведчаць пра адваротнае. Чаму мы павінны чырванець за гета ў Віленскім унівэрсытэце? Давайце лепш узгадаем студэнта Ўсевалада Караля, які дэманстратыўна перасядаў да габрэяў, калі для іх увялі асобныя лаўкі. Польскія шавіністы цягалі яго за рукавы, хацелі выцягнуць адтуль. Але наш герой быў настолькі буйным чалавекам, што зрушыць зь месца яго было немагчыма, проста рвалі рукавы. Пасьля некалькіх такіх выпадкаў Беларускі студэнцкі саюз прыняў рашэньне ўсім складам сядаць да габрэяў. Гэта ня раз даводзіла да боек. Падчас вайны тысячы беларускіх сем’яў ратавалі ад сьмерці юдэяў. Адзін толькі праваслаўны Косьцік Казлоўскі з Наваградчыны выратаваў іх больш за пяцьсот.

Ці былі ў Беларусі канфлікты, калі мястэчка ішло на мястэчка і адбываліся чысткі на рэлігійнай прыкмеце? Я пра такія ня чуў. Рэлігійныя канфлікты — гэта гугеноцкія і гусіцскія войны, гэта крывавая барацьба пратэстантаў і каталікоў у Паўночнай Ірляндыі, гэта абстрэл мусульманамі ў Францыі вучняў габрэйскай школы.

Ці можа быць рэлігійна нецярпімай краіна, дзе галоўны нацыяналіст кажа: «Беларускія татары — гэта вельмі добрыя беларусы»?

Ці магчымыя такія канфлікты ў краіне, дзе стагодзьдзямі на плошчах каля цэркваў будавалі касьцёлы, а непадалёк былі сынагогі зь мячэцямі, а часам і кірхі? Юдэі маглі не любіць хрысьціянаў і наадварот, але яны заўсёды ўжываліся на беларускіх землях. Ці можа быць рэлігійна нецярпімай краіна, дзе галоўны нацыяналіст Зянон Пазьняк кажа: «Беларускія татары — гэта вельмі добрыя беларусы»?

Памятаеце чульлівую песьню Віктар Шалкевіча «Яна праваслаўная, я каталік»? Аўтар напісаў яе ў 1996 годзе. Ці шмат вы ўзгадаеце гісторый драматычнага каханьня па канфэсійнай прыкмеце ў наш час? Ці навязваюць дзецям атэістаў у беларускіх школах прадмет «Закон Божы»? Ці зразаюць каталікі праваслаўныя крыжы, а каталікі праваслаўныя? Я вырас у каталіцкай вёсцы, дзе праваслаўную царкву пабудавалі дзесяць гадоў таму. Спачатку людзі паціскалі плячыма, не разумеючы навошта, калі ёсьць касьцёл, куды ўсе праваслаўныя ходзяць маліцца разам з каталікамі. А сёньня праваслаўны бацюшка і каталіцкі ксёндз узгадняюць сваю працу ў вёсцы, п’юць гарбату і віншуюць адзін другога са сьвятамі.

Ці навязваюць дзецям атэістаў у беларускіх школах прадмет «Закон Божы»?

Анатоль Сідарэвіч завяршае свой тэкст пытаньнем.

«Скажыце, а паганцы (язычнікі), паклоньнікі Сонца і Агню, Перуна і Мокашы маюць права на існаваньне, маюць права будаваць свае сьвяцілішчы і кумірні? Шчыра скажыце, панове праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, іудзейскія і мусульманскія сьвятары і пастары».

Дзіўна ўвогуле адрасаваць гэтае пытаньне духоўным. Яго павінны вырашаць не сьвятары і пастары, а чыноўнікі дэмакратычнай і сьвецкай дзяржавы. Бо калі вырашаць пра рэгістрацыю рэлігійных аб’яднаньняў у нас будуць самі сьвятары, вось тады можна будзе казаць пра сур’ёзную паталёгію.

Беларусы — не анёлы, але не кажыце, што яны рэлігійна нецярпімыя. Бо гэта проста няпраўда. Дэмакратыі ў Беларусі, на жаль, пакуль няма, але рэлігійная згода была і ёсьць — гэта факт. І дзіўна яго адмаўляць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG