Расьсьледаваньне Тацяны Кошалевай і Ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Тацяну Ціпакову, актывістку зь Бярдзянску, дагэтуль перасьледуе памяць аб катаваньнях, якія яна перажыла ў 2022 годзе пасьля таго, як расейскія вайскоўцы арыштавалі яе за пратэст супраць акупацыі Ўкраіны. Яе месяцамі трымалі ў камэры даўжынёй усяго 3 мэтры і паўтара мэтра ў шырыню, сьведчыць яна.
«Яны б’юць і рукамі, нагамі, і нейкімі староньнімі прадметамі — мяне білі кніжкай і драўлянай палкай», — кажа Тацяна.
Што б ні здарылася, сказала яна сабе тады, трымайся.
«Калі ты ўпаў, ты разумееш, што мусіш устаць, бо калі ты ляжыш, цябе будуць біць нагамі і гэта будзе яшчэ больш балюча».
Ціпакова — адна з тысяч украінцаў, якіх выкрадалі і катавалі расейскія сілавікі, кажуць журналісты-расьсьледнікі з The Guardian, праекту «Навіны Прыазоўя» і IStories.
Amnesty International таксама паведамляе, што неафіцыйныя камэры для зьняволеньня, часта ў школах, прамысловых памяшканьнях або падвалах, ёсьць паўсюль на акупаваных Расеяй тэрыторыях.
І, нягледзячы на тое, што яна перажыла, кажа Ціпакова, яна ведае, што іншым было нашмат горш. «У нас ёсьць дзяўчаты, якія не былі ў падвалах, але іх згвалтавалі дома на вачах у маці, а потым маці гвалтавалі на вачах у дачкі».
Апроч катаваньняў, зьняволеных часта трымаюць інкамунікада месяцамі ці нават гадамі, а іхныя сем’і паняцьця не маюць, дзе яны знаходзяцца і ўвогуле ці яшчэ жывыя. Іх жорстка б’юць, але на другім месцы сярод мэтадаў ціску на ваенапалонных — катаваньне электрычным токам праз драты, прымацаваныя да іх целаў, кажа журналістка-расьсьледніца Паліна Ужвак з IStories.
«Многіх зьняволеных катуюць і б’юць, каб дамагчыся патрэбных сьведчаньняў, — кажа яна. — Гэта прост фармат утрыманьня. Бо выкрадаюць чалавека, які нічога і ня можа ведаць, але ўсё роўна б’юць яго, асабліва мужчын», — заяўляе Паліна Ужвак.
Тых, каго трымаюць на акупаванай тэрыторыі Ўкраіны, урэшце могуць выпусьціць, і яны вернуцца дадому, кажа Ужвак. — «Бывае, што кагосьці выкрадаюць і праз пэўны час адпускаюць. А кагосьці адпраўляюць далей — у расейскія турмы. Там ужо няма шанцаў быць вызваленымі, акрамя як праз абмен. Але ў абмен трапляюць адзінкі».
Дэпутат Дняпроўскай раённай рады Херсону Раман Баклажоў правёў 54 дні ў катоўні расейцаў, якія маюць звычку браць у закладнікі службовых асобаў у акупаваных раёнах Украіны. Ён кажа, што камэры, абсталяваныя для ўтрыманьня цывільных зьняволеных, не сакрэт.
«Катоўня можа быць дзе заўгодна, у якім заўгодна падвале якога заўгодна прыватнага дому, — кажа Баклажоў. — Гэта і школы, і аддзелы паліцыі ў Кахоўцы і Новай Кахоўцы — яны наагул вядомыя грамадзкасьці».
Украінскія ўлады лічаць зьніклымі бязь вестак дзясяткі тысяч украінцаў. Бальшыню іх, імаверна, трымаюць расейскія сілы, як сьцьвярджаецца ў справаздачах.
Расейскія следчыя больш не спрабуюць здабыць інфармацыю вайсковага зьместу ад палонных, кажа Барыс Петрунёк з Цэнтру правоў чалавека «Зміна».
«Зараз гэтая матывацыя, відавочна, больш зьмяшчаецца ў бок чыстай атакі на праявы ўкраінскай ідэнтычнасці і на неляяльнае насельніцтва, якое ў прынцыпе не прымае акупацыю, незалежна ад таго, ці складае такое насельніцтва пагрозу расейцам, ці не», — сьцьвярджае Петрунёк.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.