Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Расея руйнуе дэмакратыю ва ўсім сьвеце, — справаздача Freedom House


Уладзімер Пуцін, архіўнае фота

Міжнародная няўрадавая праваабарончая арганізацыя Freedom House прадставіла справаздачу «Руйнуючы дэмакратыю: задачы, стратэгіі і мэтады сучасных аўтакратаў».

Аўтары дасьледаваньня лічаць, што імклівы рост сучаснага аўтарытарызму ў такіх краінах, як Расея і Кітай, уяўляе сур'ёзны выклік лібэральнай дэмакратыі ва ўсім сьвеце, бо гэтыя дзяржавы здольныя значна ўзмацняць уплыў на палітычныя рашэньні ў дэмакратычных краінах шляхам прыцягненьня палітычных кансультантаў і лабістаў.

Як пішуць дасьледчыкі, сучасны аўтарытарызм мае посьпех там, дзе праваліліся папярэднія таталітарныя сыстэмы, праз новыя стратэгіі рэпрэсіяў, эксплюатацыю адкрытых супольнасьцяў, а таксама распаўсюджаньне нелібэральных палітык у дэмакратычных краінах.

Расея пры прэзыдэнце Пуціне, як сьцьвярджае Freedom House, мае вялізную ролю ў разьвіцьці сучасных аўтарытарных сыстэмаў, асабліва ў кантролі сродкаў масавай інфармацыі, прапагандзе, здушэньні грамадзянскай супольнасьці і паслабленьні палітычнага плюралізму. Згубнае спалучэньне несправядлівых выбараў і «мажарытарызму» распаўсюджваюцца на нелібэральных лідэраў часткова дэмакратычных краінаў.

Усё часьцей палітыкі-папулісты ва ўладзе абвяшчаюць сваё права на здушэньне СМІ, грамадзянскай супольнасьці і іншых дэмакратычных інстытутаў, спасылаючыся на падтрымку большасьці выбарнікаў, гаворыцца ў справаздачы. Пашыраецца фэномэн найму палітычных кансультантаў і лабістаў з дэмакратычных краінаў, каб прадстаўляць інтарэсы аўтакратыі.

Перапісваньне гісторыі ўсё больш распаўсюджваецца сярод аўтакратаў, піша Freedom House. Тут ініцыятыву ўзяла на сябе Расея, дзе дзяржава ўзяла на сябе паўнамоцтвы пісаць падручнікі гісторыі і пераглядаць гістарычную ролю Сталіна.

Што пішуць пра Беларусь

Беларусь у справаздачы ўпамінаецца некалькі разоў. Гаворыцца, у прыватнасьці, пра тое, што апазыцыйным лідэрам цяпер пагражае ня толькі забойства, але і турэмнае зьняволеньне ды іншыя мэтады застрашваньня і перасьледу (згадваецца таксама «зьнікненьне бязь зьвестак» чатырох чалавек у 1999-2000 гадах). Беларусь згадваецца таксама ў кантэксьце зьняцьця абмежаваньняў на канцэнтрацыю ўлады ў руках аднаго чалавека.

Адсутнасьць дыпляматычных наступстваў за свае дзеяньні можа заахвоціць аўтакратаў «скінуць квазідэмакратычны камуфляж»: у прыклад прыводзіцца Беларусь як «апошняя дыктатура Эўропы», якой пастаянна даюць «яшчэ адзін шанец на рэформы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG