Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін абвінаваціў ЗША ў дэстабілізацыі міжнародных адносінаў


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін рэзка раскрытыкаваў зьнешнюю палітыку ЗША за апошнія два дзесяцігодзьдзі, падкрэсьліўшы, што Вашынгтон, злоўжываючы сваімі магчымасьцямі, дэстабілізаваў Блізкі Ўсход і міжнародныя адносіны ў цэлым.

Пуцін сустрэўся з удзельнікамі Пецярбурскага эканамічнага форуму ў фармаце «пытаньні і адказы». Сустрэчу мадэравала амэрыканская журналістка Мегін Кэлі. Пуцін абвінаваціў ЗША ў грубым і сыстэматычным умяшаньні ў справы Расеі на працягу многіх гадоў. Ён абвінаваціў ЗША ў падтрымцы «антыўрадавага перавароту ва Ўкраіне», маючы на ўвазе праэўрапейскія маніфэстацыі ў Кіеве, вынікам якіх стала ўцёкі прамаскоўскага прэзыдэнта вясной 2014 году.

Пуцін назваў NATO інструмэнтам зьнешняй палітыкі ЗША. Прэзыдэнт Расеі папярэдзіў, што Расея адкажа на, як ён выказаўся, «набліжэньне ваеннай інфраструктуры» NATO да расейскіх межаў.

Уладзімір Пуцін адхіліў сьцьвярджэньні аб неправамернасьці кантактаў расейскага амбасадара ў ЗША з асяродзьдзем Дональда Трампа. Прэзыдэнт Расеі адзначыў, што асабіста не знаёмы з утрыманьнем размоў пасла Расеі Сяргея Кісьляка з прадстаўнікамі Трампа, дадаўшы, што сустрэчы зь людзьмі і абмеркаваньне магчымасьцяў для паляпшэньня адносін паміж краінамі — гэта частка працы амбасадара.

Уладзімір Пуцін адхіліў абвінавачваньні ЗША ва ўмяшаньні Масквы ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году. Ён выказаў здагадку, што крыніцай абвінавачваньня сталі дэмакраты, якія спрабавалі ўскласьці віну на іншых за свае палітычныя няўдачы. Па словах Пуціна, стараньні ЗША знайсьці выхад з унутраных палітычных канфліктаў з дапамогай крокаў на міжнароднай арэне аказаліся дэструктыўнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG