Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскую вайсковую авіяцыю перабазуюць на беларускія аэрадромы для апэратыўнага вучэньня


Знішчальнік МіГ-31 на Прыволжскім аэрадроме, Астраханская вобласьць, Расея. Ілюстрацыйнае фота

Апэратыўна-тактычнае вучэньне з авіяцыяй будзе праходзіць з 23 па 25 жніўня ў рамках падрыхтоўкі да сумеснага стратэгічнага вучэньня ўзброеных сіл Беларусі і Расеі «Захад-2017».

«Для сумесных дзеяньняў падчас вучэньня сплянавана перабазаваньне самалётаў і верталётаў Паветрана-касьмічных сіл Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі на вайсковыя аэрадромы Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Падчас вучэньня будуць адпрацаваныя пытаньні прымяненьня Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА Беларусі і Расеі «па забесьпячэньні ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы».

У расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», якія пройдуць 14–20 верасьня, плянуецца задзейнічаць каля 13 тысяч чалавек. Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь 15 жніўня.

Суседзі Беларусі выказваюць занепакоенасьць у сувязі з вучэньнямі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ды абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заяўляе, што арганізацыя і колькасьць вайсковых сіл, задзейнічаных у супольных расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017», сьведчыць пра падрыхтоўку ня толькі Ўзброеных сіл Расеі, але і ўсёй расейскай дзяржавы, з адпаведнымі выдаткамі матэрыяльных і іншых рэсурсаў, да «вялікай вайны» з Захадам.

Намесьнік міністра абароны Польшчы Міхал Дворчык заявіў журналістам пра існаваньне асьцярогі, што Расея ня выведзе войскі зь Беларусі пасьля вучэньняў «Захад-2017» у верасьні.

Мінабароны Беларусі паведаміла Свабодзе, што на вучэньні запрошана каля 80 міжнародных назіральнікаў, у тым ліку прадстаўнікі ААН, НАТО, АДКБ, СНД, Міжнароднага Чырвонага Крыжа.

Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.

Адзін зь лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў прапанаваў Міністэрству абароны Беларусі стварыць грамадзкую камісію для назіраньня за вучэньнямі «Захад-2017».

Аўтар блога 1863x Эдуард Пальчыс абвясьціў грамадзкую кампанію назіраньня за вучэньнямі.

8 верасьня Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу плянуе правесьці акцыю папярэджаньня на плошчы Незалежнасьці і прыняць Клятву свабоды, каб «не дапусьціць вонкавай агрэсіі, вонкавай акупацыі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG