Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: «Мяне бурлівае жыцьцё мышэй не цікавіць»


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў ініцыятыву Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу аб правядзеньні ў Менску 8 верасьня акцыі папярэджаньня.

— У верасьні пройдуць сумесныя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні «Захад-2017». Сцэнар гэтых вучэньняў звычайна агрэсіўны, ён прадугледжвае прарыў у бок Сувалкаўскага калідора. Безумоўна, такі фармат напружвае суседзяў Беларусі. Цяпер на фоне абвастрэньня адносінаў Расеі з НАТО і вядзеньня баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, ва ўдзеле ў якіх абвінавачваюць Расею, гэтыя засьцярогі яшчэ большыя.

Гучаць галасы пра тое, што тыя тысячы расейскіх вайскоўцаў, якія ўвойдуць у Беларусь падчас вучэньняў, могуць застацца тут у выглядзе пастаяннай вайсковай базы. Акрамя таго, ёсьць засьцярогі і пэўная інфармацыя, што рыхтуюцца базы захоўваньня для расейскай вайсковай тэхнікі. І гэта таксама будзе сьведчыць пра падрыхтоўку да магчымай агрэсіі супраць суседзяў Беларусі, нават калі на гэты раз расейскія войскі выйдуць. Гэта стварае вялікую небясьпеку для незалежнасьці Беларусі, уцягваньня яе ў вайсковы канфлікт.

Беларускі рэжым знаходзіцца ў поўнай эканамічнай, палітычнай і вайсковай залежнасьці ад Расеі. І пры жаданьні расейскае кіраўніцтва здольнае прымусіць яго да любога, у тым ліку да новых вайсковых базаў, да базаў захоўваньня і гэтак далей.

Ва ўсіх прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацый ёсьць магчымасьць даказаць, што яны патрыёты

Таму мы лічым, што трэба рэагаваць і папярэдзіць гэтую небясьпеку. Мы вырашлі правесьці 8 верасьня акцыю папярэджаньня. Гэта папярэджаньне агрэсару і гэта спроба папярэдзіць нэгатыўны сцэнар разьвіцьця падзей, пагрозы беларускай незалежнасьці.

Мікалай Статкевіч адзначыў, што 8 верасьня спаўняецца 25 гадоў, як тысячы беларускіх вайскоўцаў, дзейных і ў запасе, прынялі на плошчы Незалежнасьці сымбалічную прысягу на вернасьць Беларусі. Яны паабяцалі бараніць краіну ў выпадку пагрозы.

— Мы лічым у Радзе БНК, што цяпер ёсьць нагода зрабіць падобную акцыю. Мы прапануем Клятву свабоды. Каб людзі, якія выйдуць на гэтую акцыю, пакляліся вызваліць Беларусь з-пад унутранай акупацыі і не дапусьціць вонкавай агрэсіі, вонкавай акупацыі. Мы лічым, калі акцыя будзе масавай, то яна здолее папярэдзіць нэгатыўныя сцэнары. Мы заклікаем усіх патрыётаў Беларусі далучыцца да гэтай акцыі ў 18 гадзін на Кастрычніцкай плошчы Менску 8 верасьня.

— Ці гатовы тэкст Клятвы свабоды?

— Мы будзем яго зацьвярджаць, над ім будзе больш працаваць Уладзімер Някляеў. Мы ўсе будзем працаваць над ім. Я думаю, мы яго надрукуем бліжэй да гэтай акцыі папярэджаньня.

«Перад кім і каму клясьціся?». Палітыкі пра ідэю «прысягі свабоды» 8 верасьня

— Ці разьлічваеце вы на падтрымку іншых партый ці рухаў?

— Калі мы пачыналі 17 лютага кампанію сацыяльнага і палітычнага пратэсту ў Менску, мы не разьлічвалі на падтрымку нейкіх канкрэтных арганізацый, якія не ўвайшлі ў БНК. Але мы разьлічвалі на падтрымку простых людзей, дэмакратычных актывістаў з усіх арганізацый. Мы гэтую падтрымку ў той ці іншай ступені атрымалі. І цяпер мы будзем разьлічваць на падтрымку патрыётаў. А ва ўсіх прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацый ёсьць магчымасьць даказаць, што яны патрыёты. А інакш няхай яны шукаюць аргумэнты, чаму яны ня хочуць супрацьстаяць рэальнай пагрозе.

— Андрэй Дзьмітрыеў прапанаваў Міністэрству абароны Беларусі стварыць грамадзкую камісію для назіраньня за беларуска-расейскімі вучэньнямі. Як вы ставіцеся да гэтай ініцыятывы?

— Мяне не цікавяць ініцыятывы людзей, якія паразытуюць на нашым змаганьні. Якіх іншы раз улада прыцягвае, каб паказаць насуперак тым дэмакратычным сілам, якія змагаюцца, што яны нейкія іншыя, нібыта канструктыўныя і гэтак далей. Калі б мы не змагаліся, то гэтыя блазны былі б не патрэбныя і ўладзе. А цяпер яны запатрабаваныя і таму яны бегаюць са шматлікімі ініцыятывамі. Мне гэта не цікава. Я вось сяджу ў доме, там пад падлогай, мабыць, у норах, жывуць мышы, у іх там нейкае цікавае ўнутранае жыцьцё. Але мяне бурлівае жыцьцё мышэй не цікавіць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG