Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніца ў NATO: На вучэньні «Захад-2017» на запрашэньне Беларусі прыедуць два экспэрты альянсу


Пра гэта нашаму карэспандэнту ў Брусэлі Рыкарду Юзьвяку паведаміла на ўмовах ананімнасьці крыніца ў штаб-кватэры Паўночна-атлянтычнага альянсу.

Два прадстаўнікі NATO прыбудуць на вучэньні на адзін дзень, які будзе адкрыты для ўсіх прадстаўнікоў замежных вайсковых місіяў.

Суразмоўца нашага карэспандэнта падкрэсьліў, што гэта адрозьніваецца ад поўнага назіраньня, аднак Беларусь таксама прапанавала ўрадам некаторых суседніх дзяржаў, у тым ліку і дзяржаў NATO, накіраваць на вучэньні сваіх назіральнікаў на тэрмін 5 дзён.

Ананімны прадстаўнік NATO, спаслаўшыся на паведамленьні друку, сказаў, што Расея запрасіла вайсковых аташэ шэрагу замежных пасольстваў, акрэдытаваных у Маскве, наведаць вучэньні «Захад-2017» на 2 дні. Пры гэтым NATO, як арганізацыі, Расея наагул не накіравала запрашэньня ўзяць удзел у назіраньні, — паведаміў ананімны прадстаўнік NATO нашаму журналісту.

На папярэднія беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2013» назіральнікаў менавіта ад альянсу, а ня толькі ад дзяржаваў-чальцоў, запрашала ня толькі Беларусь, але і Расея.

Паводле заходніх экспэртаў і палітыкаў, Расея, запрашаючы замежных назіральнікаў на свае вучэньні, ніколі з часоў завяршэньня «халоднай вайны» не забясьпечвала поўнай празрыстасьці назіраньня ў адпаведнасьці з правіламі АБСЭ. Паводле гэтых правілаў запрашэньне зьяўляецца абавязковым у выпадку, калі колькасьць удзельнікаў вучэньняў перавышае 13 тысяч. Аднак заходнія прадстаўнікі кажуць, што магчымасьці для назіраньня за расейскімі вучэньнямі былі абмежаваныя і не адпавядалі патрабаваньням так званага Венскага дакумэнту нават у тых выпадках, калі колькасьць іх удзельнікаў перавышала 13 тысячаў. Паводле экспэртаў, бывалі выпадкі, што Расея праводзіла буйныя вучэньні, але абвяшчала, што гэта некалькі розных вучэньняў, каб абысьці абмежаваньне ў 13 тысяч чалавек.

Нядаўна генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг выказаў перасьцярогу, што ў вучэньнях «Захад-2017» могуць узяць удзел больш сілаў, чым заяўлена афіцыйна.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG