Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць «Інтэрвію тыдня» — незалежны эканаміст, сябра дзяржаўнай Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Яраслаў Раманчук. Ён лічыць, што бюджэт, прыняты на наступны год — гэта «бюджэт стагнацыі», канстатуе, што зноў выйгралі старыя кланы — чырвоныя дырэктары і начальства, і заяўляе, што ня варта чакаць эканамічных рэформаў у наступным годзе.

Сэнс бюджэту — «усё старое будзем падтрымліваць грашыма, усё новае — дэклярацыямі»

— Калі паспрабаваць нейкай адной фразай ацаніць агульную накіраванасьць прынятага Палатай прадстаўнікоў бюджэту — як бы вы яго акрэсьлілі? Гэта бюджэт разьвіцьця, бюджэт стабільнасьці, «антысацыяльны бюджэт», як яго ўжо называюць некаторыя?

— Гэта бюджэт знаходжаньня Беларусі ў пастцы стагнацыі. Гэты бюджэт гарантуе, што Беларусь будзе праядаць капітал і актывы, якія ёсьць. Гэты бюджэт — перамога старых кланаў, зьвязкі чырвоных дырэктараў і віп-начальства. Бюджэт, які спрабуе зрабіць тое, што Лукашэнка зрабіў у другой палове 90-х — запусьціць заводы.

Сэнс бюджэту — «усё старое будзем падтрымліваць грашыма, усё новае — дэклярацыямі». Спадзеў на тое, што ІТ-краіна неяк сама запрацуе. Гэты бюджэт, за які прагаласавала Палата прадстаўнікоў, прадстаўляе, па сутнасьці, толькі 40 працэнтаў ад агульнай сумы дзяржаўных выдаткаў, якія ёсьць у краіне. Бо рэспубліканскі бюджэт складае 55 працэнтаў, мясцовыя бюджэты — 45 працэнтаў. Але яшчэ ёсьць пазабюджэтныя фонды, пра якія нават МВФ ня ведае, ці там 3 працэнты ВУП, ці 8 працэнтаў.

— Каму дасталася больш, а каму менш у гэтым бюджэце? Якія галіны набылі, а якія сфэры страцілі?

Першымі «папяцьсот» атрымаюць тыя, хто працуе на дзяржаву

— Карэкцыя даходаў пачынаецца зь сілавога блёку і органаў дзяржаўнага кіраваньня. Так што першымі «папяцьсот» атрымаюць тыя, хто працуе на дзяржаву. Найперш сілавыя структуры, бо галодны міліцыянт — гэта небясьпека для краіны значна большая. На жаль, у бюджэце няма нічога, зьвязанага з падвышэньнем прадукцыйнасьці працы, нічога, што магло б сьведчыць, што дзяржава зразумела нізкі ўзровень дзяржаўнага кіраваньня. Даходы ад прыватызацыі ў бюджэце прадугледжаныя капеечныя.

Начальства мяркуе так — перш за ўсё трэба накарміць сябе, каб вэртыкаль працавала, потым — накарміць сілавыя структуры, судовую ўладу. Але нельга казаць, што бюджэт вельмі моцна скіраваны на падтрымку сілавога блёку — не, гэта звычайны, «традыцыйны» ў гэтым сэнсе бюджэт.

Калі міністар фінансаў Амарын кажа, што падатковы цяжар будзе ўсяго 25,5 працэнта — то гэта хлусьня, якая пераходзіць зь бюджэту ў бюджэт. Бо трэба таксама ўлічваць і выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, іншыя зборы — і ў выніку атрымліваецца, што дзяржава будзе разьмяркоўваць сваімі рукамі 40–43 працэнты ВУП. І гэтая лічба не мяняецца апошнія 7–8 гадоў, што зноў сьведчыць пра абсалютнае недапушчэньне рэформаў у 2018 годзе.

Паглядзіце на пэнсійнае забесьпячэньне. Гэта падман, піраміда

— Вы сказалі на пачатку нашай размовы пра «бюджэт стагнацыі». Але чаго вам як незалежнаму лібэральнаму эканамісту хацелася б? Што, па-вашаму, у нейкім «ідэальным» з вашага пункту гледжаньня бюджэце павінна быць?

— Бюджэт — гэта асноўны фінансавы дакумэнт, у якім усё відаць як у люстэрку. Перш за ўсё мы бачым, колькі грошай будуць разьмяркоўваць чыноўнікі сваімі рукамі. «Разьвіцьцё» было б тады, калі б мы бачылі, што дзяржава зразумела, што многія дзяржаўныя праграмы не працуюць, што яны даюць толькі нэгатыўны эфэкт. Лукашэнка сам кажа — чаго вы ад мяне просіце грошай, зноў на дзяржаўныя прадпрыемствы трэба даваць грошы зь бюджэту.

А гэта азначае, што зноў вырасьце дзяржаўны доўг. Нагадаю, што паводле стану на 1 кастрычніка толькі зьнешні доўг дзяржаўнага сэктару ў пашыраным значэньні складае 47 працэнтаў ВУП. Дадамо да гэтага 10 працэнтаў унутранага доўгу і будзем мець 57 працэнтаў. Гэта не разьвіцьцё. І калі вы бераце дарагія замежныя крэдыты, калі разьмяркоўваеце каштоўныя паперы на ўнутраным рынку за даляры — то нічога новага не зьяўляецца. Прадпрымальнікі зноў, мяркуючы па ўсім, не задаволеныя гэтым станам і ня бачаць пэрспэктываў разьвіцьця.

Калі б у бюджэце быў ліміт дзяржаўных выдаткаў — 30 працэнтаў ВУП, калі б падатковы цяжар быў разам з усім не 38–40, як сёньня, а 25 працэнтаў — то я б сказаў, што ўлада нешта зразумела, яна верыць прадпрымальнікам і інвэстарам і на іх будзе спадзявацца. А так — тыя ж самыя людзі, тыя ж самыя схемы. Таму я і кажу, што ніякіх падставаў лічыць гэты дакумэнт «бюджэтам разьвіцьця» няма.

— А хто самы пацярпелы ў гэтым бюджэце? Якая сфэра зазнала найбольшае зьмяншэньне выдаткаў?

— Уся эканамічная палітыка Беларусі накіраваная на тое, што людзі цярпяць, што яны «ахвярныя казлы», якія за ўсё гэта плацяць. Паглядзіце на пэнсійнае забесьпячэньне. Гэта падман, піраміда. Вось ужо два гады ў нас дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. І ніхто нават не зьбіраецца рабіць пэнсійную рэформу.

Няма ніякіх падставаў лічыць, што нешта палепшыцца ў якасьці адукацыі ці сыстэме аховы здароўя. На тыя грошы, якія выдзяляюцца ў гэтыя сфэры, нічога ня зробіш.

Даюць паўтара мільярда даляраў на падтрымку прадпрыемстваў. Даюць ільготныя крэдыты пад пэўныя дзяржаўныя праграмы. І тыя, хто трапіць у гэтыя праграмы, будзе «ў шакалядзе». Так што тая меншасьць, якая трапіць у гэтыя праграмы, будзе добра жыць, мець добрыя заробкі — за кошт астатніх, якія не разумеюць, што трэба зусім інакш падыходзіць да эканамічнай палітыкі.

Чыноўнікі нават не заўважылі, што трэба па-іншаму ставіцца да прадпрымальніцтва

— Нядаўна быў прыняты дэкрэт нумар 7, якога многія чакалі ўвесь год, спадзеючыся, што там будуць закладзеныя нейкія рэфарматарскія палажэньні для прадпрымальнікаў. Але калі ён выйшаў — шмат хто выказаў расчараваньне. А як вы да яго ставіцеся?

— У траўні я апошні раз зрабіў свае прапановы наконт праекту гэтага дэкрэту, напісаў 10 старонак тэксту. Але ніякага абмеркаваньня не было, і таму ў мяне не было ніякіх аптымістычных чаканьняў наконт гэтага дакумэнту. Зноў намэнклятура перамагла таго ж Лукашэнку, які заяўляў, што гэта радыкальна палепшыць умовы працы прадпрымальнікаў. Нічога такога ня здарылася, прадпрымальнікі хацелі аднаго, а атрымалі іншае.

Гэта больш частка сацыяльнай палітыкі, а не «палітыкі разьвіцьця». Гэта добра будзе для нейкіх самазанятых, калі мы даём магчымасьць працаваць зь мінімальнай рэгуляцыяй у невялічкіх крамах, у сфэры побытавых паслуг.

Але калі мы кажам пра разьвіцьцё, каб дзяржаўны сэктар быў ня 80 працэнтаў, а прынамсі ў два разы меншы, калі мы кажам пра падаткі — то ў дэкрэце нічога такога няма. Чыноўнікі гэта заблякавалі або аднесьлі на будучыню. Я сачу, як выконваюцца палажэньні гэтага дэкрэту — і бачу такі ж самы ціск і падатковых, і кантрольных органаў. Яны нават не заўважылі, што гэты дэкрэт прыняты і трэба неяк па-іншаму ставіцца да прадпрымальніцтва. Толькі словы, якія чыноўнікі навучыліся вельмі добра і прафэсійна выкарыстоўваць на сваю карысьць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG