Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмяніўся бюджэт Беларусі за 10 гадоў. ІНФАГРАФІКА


Параўноўваем дзяржаўныя выдаткі 2008 і 2018 году.

Напрыканцы 2007 году, калі парлямэнт зацьвярджаў дзяржаўны бюджэт на будучы, 2008 год, сярэдні заробак у Беларусі складаў 369 даляраў у эквіваленце, а за адзінку амэрыканскай валюты давалі 2154 беларускія рублі. Празь дзесяць гадоў курс даляра — крыху больш за 2 рублі (з улікам дэнамінацыі — 20 тысяч), а сярэдні заробак — 420 даляраў.

Свабода параўнала, як за гэты час зьмянілася фінансаваньне паасобных міністэрстваў і ведамстваў.

Выдаткі на сельскую гаспадарку зьнізіліся амаль у шэсьць разоў

«Раскідацца грашыма нельга. Грошы ніхто не друкуе. Тое фінансаваньне, і ўзровень, і аб’ёмы, якія былі, — пра іх трэба забыць адназначна, але задачы застаюцца. Таму за меншую цану трэба рабіць тое, што было намечана. Гэта прынцыпова і канцэптуальна. Спыніцца — значыць загубіць усё тое, што пачалі 7 гадоў таму. Гэтага дапусьціць нельга», — казаў Аляксандар Лукашэнка, наведваючы саўгас у Горках у 2011 годзе.

Лічбы бюджэту на 2018 год пацьвярджаюць абяцаньне кіраўніка краіны зьменшыць выдаткі на фінансаваньне сельскай гаспадаркі. Бюджэт Мінсельгасхарчу — каля 255 мільёнаў даляраў у эквіваленце. Дзесяць гадоў таму было амаль у шэсьць разоў больш — 1,4 мільярда.

Мінадукацыі, Мінкульт і Дзяржтэлерадыё — на чвэрць менш

Таксама за дзесяць апошніх гадоў на чвэрць зьнізілася фінансаваньне Міністэрства культуры — з 76 мільёнаў даляраў у 2008 годзе да 56,6 мільёна ў 2018-м. Прыкладна такія ж страты ў Міністэрства адукацыі. Выдаткі на дзейнасьць гэтага ведамства скараціліся з 347 мільёнаў у 2008 годзе да 254 у 2018-м (-27%).

Аналягічна зь Дзяржтэлерадыёкампаніяй. Калі ў 2008 годзе яе структуры атрымлівалі зь дзяржаўнага бюджэту агулам больш за 53 мільёны даляраў, то ў наступным атрымаюць толькі 38,5. Такім чынам, за дзесяць апошніх гадоў фінансаваньне дзяржаўнага мэдыяхолдынгу скарацілася на 27%.

Мінспорту, МУС і Мінздароўя — рост ад 11% да 18%

Дзяржаўныя выдаткі на фінансаваньне Міністэрства спорту за дзесяць гадоў падрасьлі на 14% — з 80,3 мільёна даляраў да 91,5 мільёна. Крыху менш у працэнтных суадносінах (але значна больш у абсалютных лічбах) вырасьлі выдаткі на дзейнасьць Міністэрства ўнутраных спраў. У 2008 годзе на праваахоўныя органы дзяржава выдзяляла 331 мільён, у 2018-м плянуе выдзеліць 367,5 мільёна даляраў — на 36,5 мільёна больш, амаль поўны гадавы бюджэт БТ.

Вырасьлі за дзесяць гадоў і выдаткі Міністэрства аховы здароўя, прычым на цэлых 18% — з 356 мільёнаў у 2008 годзе да 421 мільёна ў 2018-м.

Стабільнасьць Мінабароны і Службы бясьпекі прэзыдэнта, значны мінус у КДБ

На фоне агучаных вышэй лічбаў стабільнасьць (у даляравым эквіваленце) дэманструюць Міністэрства абароны і Служба аховы прэзыдэнта. Выдаткі першых за дзесяць гадоў амаль не зьмяніліся (—1,3%, бюджэт на 2018 год крыху перавышае 610 мільёнаў даляраў), другіх — зьнізіліся на 3%: з 12,4 мільёна ў 2008-м да 12 мільёнаў у 2018-м.

А вось фінансаваньне дзейнасьці Камітэту дзяржаўнай бясьпекі зьніжаецца. Дзесяць гадоў таму КДБ мог разьлічваць на 88,5 мільёна даляраў. У наступным годзе яму заплянавана выдзеліць 81 мільён (—8,5%).

Адміністрацыя прэзыдэнта — мінус 19%.

Так, згодна з афіцыйна апублікаванымі Міністэрствам фінансаў дадзенымі, фінансаваньне дзейнасьці Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь за дзесяць апошніх гадоў скарацілася з 15 мільёнаў у 2008 годзе да 12,2 мільёна ў 2018-м (—19%). У той жа час яшчэ на пачатку 2017 году кіраўніца Адміністрацыі Натальля Качанава паведаміла журналістам пра будучае скарачэньне штату гэтага органа на 30%.

І ўрэшце пра сам бюджэт. У 2008 годзе ён складаў 18,7 мільярда даляраў у эквіваленце. Бюджэт Беларусі на 2018 год заплянаваны ў памеры 9,9 мільярда даляраў. Гэта амаль напалову менш.

У бюджэце-2018 грошы ўрэзалі «ўсім, апроч фонду Лукашэнкі»

XS
SM
MD
LG