Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бюджэце-2018 грошы ўрэзалі «ўсім, апроч фонду Лукашэнкі»


Аляксандар Лукашэнка

Выдаткі на многія сфэры ў праекце рэспубліканскага бюджэту на 2018 год былі прыкметна зьменшаныя ў параўнаньні з дакумэнтам, прадстаўленым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў у «нулявым» чытаньні. Гэта высьветлілася сёньня пры абмеркаваньні праекту бюджэту ў першым чытаньні.

Дэпутатка Ганна Канапацкая зьвярнула ўвагу на тое, як зьмяніліся некаторыя лічбы ў гэтым дакумэнце параўнальна з нулявым чытаньнем. Так, на будоўлю жытла спачатку плянавалася 16,3 мільярда рублёў, засталося — 14,8. На ахову здароўя адпаведна 6,4 мільярда і 5,9. Нават свае ўласныя выдаткі дэпутаты крыху скарацілі.

А вось памер прэзыдэнцкага фонду павялічыўся з 442 мільёнаў рублёў да 1 мільярда 200 мільёнаў.

«Ва ўсіх мінус, і толькі ў кіраўніка дзяржавы плюс», — канстатавала Канапацкая. І зьвярнулася з пытаньнем да міністра фінансаў Уладзімера Амарына, чаму так адбываецца.

З трыбуны ў Авальнай залі спадар міністар назваў такі крок апраўданым.

Уладзімер Амарын
Уладзімер Амарын

«Сродкі з рэзэрву мяркуецца накіраваць на неадкладныя рэчы: найперш на заробкі бюджэтнікам, на інвэстыцыйныя і інавацыйныя праекты. Калі ў наступным годзе эканоміка будзе працаваць добра, то выдаткі на ахову здароўя, адукацыю, культуру, сацыяльную сфэру будуць павялічаныя», — сказаў Амарын.

Ён паабяцаў, што грошы з рэзэрву будуць расходавацца галосна.

Пасьля пленарнага пасяджэньня карэспандэнт Свабоды запытаўся ў Ганны Канапацкай, ці задаволіў яе адказ міністра фінансаў.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Абсалютна не. Я ў яго пыталася пра рэзэрвовы фонд прэзыдэнта. А ён мне распавёў пра рэзэрвовы бюджэтны фонд. Гэта ж зусім розныя рэчы. Думаю, што спадар Амарын цудоўна ведаў, пра што я ў яго пыталася. Але ён зрабіў выгляд, што мяне не зразумеў», — кажа дэпутатка.


Бюджэт Беларусі на 2018 год быў прыняты ў першым чытаньні. 105 дэпутатаў прагаласавалі «за», 2 — «супраць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG