Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сочы беларуса трымалі ў рабстве, катавалі распаленай качаргой, — расейскія праваабаронцы


Сочы, ілюстрацыйнае фота
Сочы, ілюстрацыйнае фота

Расейскі праваабарончы рух «Альтэрнатыва» перадаў гісторыю беларуса, якога вызвалілі з сапраўднага рабства ў расейскім горадзе Сочы. Колькі ён прабыў у няволі, не ўдакладняецца.

Error rendering VK.

43-гадовы Мікалай прыехаў у Расею ў пошуках працы і грошай на лячэньне састарэлай маці, хворай на рак. Ён уладкаваўся на будоўлю ў прыгарадзе Сочы, стабільна атрымліваў заробак і меў месца ў інтэрнаце.

Але гаспадар аўтамыйні недалёка ад будоўлі перацягнуў беларуса да сябе на іншую працу, паабяцаўшы больш высокі заробак. У мужчыны адабралі пашпарт, ён самастойна рамантаваў памяшканьні аўтакрамы і кавярні на тэрыторыі былога санаторыя «Парус», займаўся рамонтам дарог ды іншымі даручэньнямі. Паводле праваабаронцаў, Мікалаю не плацілі заробак, а просьбы аб кампэнсацыі за працу «ўсё больш нэрвавалі зламысьнікаў», і «зь цягам часу пачаліся гвалт і зьдзекі».

«Аднойчы ў лютым гаспадары, Гарык і Андрэй, перабраўшы з алькаголем, прыйшлі ў халупу, дзе жыў Мікалай, і пачалі біць яго і катаваць распаленай качаргой, — піша „Альтэрнатыва“. — Другі інцыдэнт адбыўся пазьней і меў больш цяжкія наступствы. На гэты раз п’яныя гаспадары выкарыстоўвалі распалены нож. Ад болю Мікалай страціў прытомнасьць».

Праваабаронцы пішуць, што атрымалі зьвесткі пра Мікалая ад беларускіх калег з пошука-ратавальнага атраду (знайсьці абвестку пра зьнікненьне такога чалавека на старонках беларускіх атрадаў не ўдалося), да якіх зьвярнуліся родзічы пацярпелага. Сьцьвярджаецца, што мужчыну вызвалілі ўначы, пакуль гаспадары спалі, вывезьлі яго ў Маскву, цяпер абяцаюць дапамагчы яму напісаць заяву ў паліцыю і вярнуцца дамоў.

***

За мяжой працуюць сотні тысяч беларусаў (ёсьць зьвесткі, да 1,5 млн). Але з 2005 году, паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў, было выяўлена толькі 115 выпадкаў працоўнай эксплюатацыі за мяжой (135 выпадкаў агулам), з 2011 году штогод выяўляецца толькі 1–2 такія злачынствы, хоць СМІ пішуць пра выпадкі са значна большай колькасьцю пацярпелых.

Праваабаронцы канстатуюць, што рабства ў чыстым выглядзе ў Беларусі практычна няма, але існуе праблема прымусовай працы ды іншыя формы бесчалавечнага абыходжаньня — як, напрыклад, «лячэбна-працоўныя прафілякторыі», у якіх практыкуецца прымусовая «працатэрапія».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG