Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары: як прэтэндэнты «запрагаюць» свае кампаніі


Сёньня Палата прадстаўнікоў прызначыла правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на 11 кастрычніка 2015 году. За гэтую прапанову прагаласавалі 102 са 104 зарэгістраваных дэпутатаў.

Свабода пацікавілася ў асобаў, якія заявілі пра намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі, як будзе выглядаць старт іхняй кампаніі і зь якім настроем уступаюць яны ў перадвыбарчую гонку.

Анатоль Лябедзька: Біць бутэлькі з шампанскім ня будзем

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што прызначэньне выбараў не паўплывае на ход падрыхтоўкі ягонага штабу да выбараў. Сярод асноўных задачаў сваёй каманды палітык адзначыў фармаваньне ініцыятыўнай групы і пошук сродкаў на кампанію.

«Біць бутэлькі з шампанскім аб дзьверы офіса мы ня будзем. Усё будзе па-працоўнаму. У нас ёсьць пакрокавы плян працы — штотыднёвы і штодзённы. Сёньня будзе звычайны працоўны дзень, мы працягваем фармаваць ініцыятыўную групу і займаемся праблемай фаўндрайзінгу, што ў сёньняшніх умовах вельмі актуальна. Калі казаць пра настрой, зь якім падыходзім да пачатку выбарчай кампаніі, то нельга сказаць, што ён сьвяточны. На вялікі жаль, я канстатую праблему. І яна нават ня ў тым, што большасьць палітычных суб’ектаў і грамадзянскіх ініцыятываў адмовіліся ад актыўнай палітычнай працы, а некаторыя нават спрабуюць інтэгравацца ў існуючую сыстэму. Праблема ў тым, што шараговы грамадзянін Беларусі трымаецца стратэгіі чаканьня. Людзі чакаюць. Яны ведаюць, што краіна хворая, што дыягназ у эканоміцы — гэта ракавая пухліна, але глядзяць на яе і думаюць, што яна сама рассмокчацца. Настрой, які ёсьць у грамадзтве, такі, што трэба моцна біць у званы, каб разбудзіць людзей. А гэта даецца вельмі і вельмі цяжка. Таму я разумею адказнасьць, якая кладзецца на нас, тых, хто ідзе на выбары ў стане вялікай апатыі грамадзтва. На жаль, людзі канстатуюць, што трэба нешта рабіць, але самі рабіць нічога ня хочуць. Гэта вельмі складана, але ніхто не абяцаў нам лёгкага жыцьця».

Сяргей Калякін: Мы гатовыя да любога выніку

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

А вось старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін з аптымізмам глядзіць на перадвыбарчы пэрыяд і лічыць, што галоўнае ў палітыцы — не апускаць рукі, а пастаянна грукацца да людзей. Толькі ў такім выпадку, на думку палітыка, можна разьлічваць на станоўчы вынік сваёй барацьбы.

«Мы ўжо афіцыйна пачалі падрыхтоўку да выбараў. Цяпер фармуецца ініцыятыўная група, таму старт нашай кампаніі ўжо адбыўся. А прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў Палатай прадстаўнікоў толькі ўдакладніла нашы графікі, нічога больш. Ёсьць дакладная дата — нам зразумела, што і калі мы мусім рабіць паводле выбарчага календара. Але гэтае рашэньне нічога не зьмяніла. Адзінае, што магло б паўплываць, — гэта рашэньне не праводзіць выбары. Але ніякіх адмысловых мерапрыемстваў у сувязі з тым, што прызначаныя выбары, мы праводзіць ня будзем. Безумоўна, мы ідзем на выбары з добрым настроем. Людзі вельмі добра адгукаюцца. Разам з тым мы выдатна разумеем тое, што адбываецца ў краіне, таму... Усё можа быць. Трэба грукацца ў дзьверы, каб табе адчынілі. Такі павінен быць падыход. Трэба нешта рабіць, і тады сытуацыя можа зьмяніцца. Але мы гатовыя да любога выніку, бо разумеем, у якой краіне мы жывем», — сказаў Сяргей Калякін.

Марына Адамовіч: Незвычайны стан Міколы Статкевіча — нагода і прычына нашага ўдзелу

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча Марына Адамовіч лічыць, што трэба зьбіраць подпісы, каб паказаць людзям, што электаральная кампанія адбываецца ў той час, як за кратамі знаходзяцца палітычныя вязьні, у тым ліку кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году.

«Цяпер мы засяроджаныя на фармаваньні ініцыятыўнай групы. Што тычыцца незвычайнага стану прэтэндэнта ў кандыдаты — Міколы Статкевіча — то менавіта гэты стан і быў нагодай для фармаваньня гэтай ініцыятыўнай групы. Таму што вельмі цяжка рабіць выгляд, што ў краіне нічога дзіўнага не адбываецца ці што ідзе нармальная ў палітычным і маральным сэнсе выбарчая кампанія, а не імітацыйныя дзеяньні з загадзя прадказальным вынікам. Нам хацелася б нагадаць пра тое, што папярэднія чатыры тэрміны гэтая ўлада ня мела афіцыйнага прызнаньня ў дэмакратычным сьвеце, а таксама пра тое, што сытуацыя, якая адбылася ў 2010 годзе, да сёньня не завершаная. У краіне беспрэцэдэнтна доўга ўтрымліваюцца за кратамі палітычныя вязьні, а людзі, якія цягам апошніх год прайшлі праз гэтую сыстэму, не адноўленыя ў правах, не рэабілітаваныя. Асноўным споклічам нашай кампаніі будзе тое, што ў краіне ня можа быць справядлівых выбараў, пакуль за кратамі застаюцца кандыдат у прэзыдэнты на мінулых выбарах Мікалай Статкевіч і астатнія палітычныя зьняволеныя. Бязь іх вызваленьня, без аднаўленьня дэмакратычных прынцыпаў у нашай краіне цяжка гаварыць пра нармальны ўдзел у рэальнай электаральнай кампаніі».

Аляксандар Мех: Іду, каб зрабіць беларусаў моцным сярэднім клясам

Аляксандар Мех
Аляксандар Мех

Кобрынскі актывіст Аляксандар Мех кажа, што вядзе сваю кампанію ўжо больш за паўгода. Паводле ягоных слоў, за гэты час ён распаўсюдзіў 2 тысячы асобнікаў сваёй праграмы.

«Мы ў сваёй кампаніі адказваем на некалькі пытаньняў. Першае — хто? Аляксандар Мех. Другое — хто ён такі? Называем асноўнае з маёй біяграфіі. Трэцяе — чаго гэты кандыдат хоча? І тут мы кажам, што мы адзіныя, у каго сёньня ёсьць рэальная праграма. І гэтую праграму мы ўжо цягам васьмі месяцаў распаўсюджваем па Беларусі. Чацьвёртае пытаньне — якім чынам Аляксандар Мех стане прэзыдэнтам? І адказ тут такі: толькі пры ўмовах чэсных і справядлівых выбараў. Тое, што сёньня прызначана, гэта ня выбары, гэта фэйк. Мая праграма такая: зрабіць Беларусь заможнай, а беларусаў — моцным сярэднім клясам».

Паўлюк Канавальчык: Кампанію Шульгана будуем вакол дэкрэту «аб дармаедах»

Паўлюк Канавальчык
Паўлюк Канавальчык

Кіраўнік штабу прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, заснавальніка так званай «партыі дармаедаў» Юрыя Шульгана Паўлюк Канавальчык таксама сказаў, што ніякім асаблівым чынам дзень прызначэньня прэзыдэнцкіх выбараў на працу каманды не паўплывае. Адзінае — фармаваньне ініцыятыўнай групы выйдзе за межы кола сяброў Юрыя Шульгана і яго паплечнікаў.

«Пасьля афіцыйнага прызначэньня прэзыдэнцкіх выбараў мы пачнём адкрыта фармаваць ініцыятыўную групу. Да гэтага часу мы ўжо гэта рабілі, але збольшага запрашалі сяброў і знаёмых. Цяпер будзем зьвяртацца да ўсіх грамадзянаў Беларусі. Наша кампанія будуецца вакол дэкрэту „аб дармаедах“, таму асноўная наша мэта — дамагчыся адмены гэтага закону. Тым больш што падчас яго ўступленьня ў сілу міністар працы Мар’яна Шчоткіна казала, што дэкрэт мае часовы характар».

Сяргей Гайдукевіч: Мая праграма — гэта мая біяграфія

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

Кіраўнік лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч кажа, што да выбараў падрыхтаваны даўно і прызначэньне даты галасаваньня для яго ня мае ніякага значэньня:

«У нас даўно сфармаваная ініцыятыўная група. Я заўсёды казаў, што да прэзыдэнцкіх выбараў не рыхтуюцца за два месяцы, а як мінімум за некалькі гадоў. Я заявіў пра свой удзел амаль два гады таму, тады ж мы стварылі штабы і пачалі актыўную працу. Калі б мне каротка трэба было расказаць праграму, зь якой іду на выбары, то я сказаў бы наступнае: я нарадзіўся і вырас у гэтай краіне, я ведаю сваіх продкаў з 17 стагодзьдзя, для мяне сувэрэнітэт роднай дзяржавы — даражэй за ўсё на сьвеце. Я лічу, што гэта самае галоўнае, што можа быць. Я іду на выбары, іду змагацца, не крычу пра гэта ў інтэрнэце. За што змагацца? За будучыню. Таму што будучыню робяць моцныя людзі, якія займаюцца паўсядзённай палітыкай».

Прэтэндэнтка на кандыдата ў прэзыдэнты ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяна Караткевіч і прэтэндэнтка ад «Таварыства беларускай мовы» Алена Анісім сказалі, што рыхтуюць афіцыйныя заявы з нагоды прызначэньня даты выбараў. Заявы яны агучаць цягам дня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG