Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіральнікам подпісаў можна плаціць — Лазавік


Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік

Ад 2 ліпеня патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты змогуць падаваць дакумэнты для рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

Пасьля ўступленьня ў сілу пастановы Палаты прадстаўнікоў (то бок ад моманту публікацыі) асобы, якія маюць намер вылучацца кандыдатамі ў прэзыдэнты, маюць права прадстаўляць неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў пачынаецца цягам пяці дзён пасьля падачы дакумэнтаў.

«Калякіна спыталі, калі ён панясе свае сьпісы ініцыятыўнай групы. Ён сказаў, што асабліва сьпяшацца ня будзе, бо незалежна ад таго, калі была зарэгістравана ініцыятыўная група, збор подпісаў можна будзе пачынаць за 80 дзён да дня выбараў. Гэта значыць, з 23 ліпеня. Таму, калі ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная раней, яе дзеяньні да 23 ліпеня будуць незаконнымі».

Спадар Лазавік распавёў пра «істотную зьмену», якая тычыцца ініцыятыўных групаў.

«Мы цудоўна ведаем, што некаторыя патэнцыйныя кандыдаты плацілі грошы зьбіральнікам подпісаў. Прычым гэта рабілася незаконным шляхам, гэта была незаконная працэдура. Сёньня закон прадугледжвае, што асоба, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты, можа сфармаваць свой асабісты фонд не пасьля рэгістрацыі яго кандыдатам, а пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. То бок на месяц раней. І з гэтага фонду ён мае афіцыйнае права аплочваць працу сваёй ініцыятыўнай групы, гэтаксама як і іншыя арганізацыйныя мерапрыемствы».

Патэнцыйны кандыдат Тацяна Караткевіч падала заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне 15 ліпеня трох пікетаў дзеля таго, каб запрасіць грамадзянаў увайсьці ў склад ініцыятыўнай групы.

Мікалай Лазавік лічыць гэта заўчасным, бо невядома, ад каго падаюцца заяўкі.

«Пікеты па зборы подпісаў праводзяцца ва ўсіх не забароненых для гэтага месцах, і ніякія заяўкі не патрэбныя. То бок выканкам павінен прыняць рашэньне, дзе гэтыя пікеты забароненыя. І ўва ўсіх незабароненых месцах без усялякіх заявак пікеты можна будзе праводзіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG