Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» заклікала галасаваць за «любых альтэрнатыўных уладам» кандыдатаў на мясцовых выбарах


Тацяна Караткевіч (зьлева), архіўнае фота

Лідэрка кампаніі «Гавары праўду» заклікала беларусаў ісьці на мясцовыя выбары 18 лютага і галасаваць ня толькі за кандыдатаў кампаніі, але і за «любых альтэрнатыўных уладам» кандыдатаў, піша БелаПАН.

«Ёсьць вялікія пытаньні да таго, у якім стане сёньня знаходзіцца грамадзтва. Яно сёньня не давярае ўладзе, і людзям складана рашыцца пайсьці на гэтыя выбары, — казала Тацяна Караткевіч на пікеце 27 лютага ў падземным пераходзе ля станцыі менскага мэтро «Кастрычніцкая». — Мы лічым, абавязкова трэба свой голас паказаць, пайсьці і падтрымаць альтэрнатыўнага кандыдата, які прадстаўляе беларускія дэмсілы, а калі яго няма, то прагаласаваць супраць усіх».

Паводле Караткевіч, «Гавары праўду» ідзе на мясцовыя выбары з шэрагам адзіных для ўсіх кандыдатаў пунктамі праграмы: выбарнасьць мэраў гарадоў (цяпер кіраўнікі гарвыканкамаў прызначаюцца «зьверху»), справядлівы і празрысты бюджэт, падтрымка ініцыятывы на месцах. Акамя гэтых трох пунктаў, у кандыдатаў будзе яшчэ па тры пункты праграмы па мясцовых пытаньнях.

Сама Караткевіч зарэгістраваная кандыдаткай у дэпутаты Менскага гарадзкога савету ў Заслаўскай акрузе Цэнтральнага раёну Менску, дзе абяцае змагацца з «ушчыльненьнем» забудовы і ўзмацненьнем статусу грамадзкіх абмеркаваньняў забудовы, спрашчэньнем адміністрацыйных працэдураў для ўпарадкаваньня двароў.

Большасьць апазыцыйных кандыдатаў на мясцовых выбарах 18 лютага складаюць афіцыйна зарэгістраваныя партыі АГП, «Справядлівы сьвет», БСДП (Грамада) і БНФ, якія разам вылучылі 174 чалавекі. Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» ўжо мае болей за 100 зарэгістраваных кандыдатаў, яшчэ паўтара дзясятка зарэгістравалі ад руху «За свабоду».

Масавых заклікаў да байкоту мясцовых выбараў не гучала (хіба асобныя меркаваньні аб шкодзе ад удзелу ў выбарах для апазыцыі). Паводле зьвестак ЦВК, яўка на папярэдніх мясцовых выбарах перавышала 77% (больш, чым абвяшчалася на папярэдніх і наступных парлямэнцкіх выбарах), але назіральнікі сьцьвярджалі, што на некаторых участках яўку завышалі ўдвая.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG