Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў ад апазыцыйных партый скарацілася на чвэрць за чатыры гады


Выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі 311 асобам, альбо 1,37% з тых, хто падаваў дакумэнты. Агулам зарэгістравана 22276 чалавек. Гэтыя зьвесткі паведамілі 22 студзеня Свабодзе ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Калі параўноўваць лічбы са станам рэчаў чатырохгадовай даўнасьці, дык тады не зарэгістравалі 369 прэтэндэнтаў, альбо 1,62% ад агульнай колькасьці.

Чатыры апазыцыйныя партыі: АГП, «Справядлівы сьвет», БСДП (Грамада) і БНФ супольна падалі на рэгістрацыю 219 прэтэндэнтаў. Зарэгістравалі зь іх 174. Партыйнае прадстаўніцтва выглядае так:

  • АГП — 61 з 78,
  • «Справядлівы сьвет» — 57 з 72,
  • БСДП (Грамада) — 46 з 55,
  • БНФ — 10 з 14.

Чатыры гады таму на мясцовых выбарах квартэт гэтых партый меў 238 зарэгістраваных кандыдатаў. Параўнальна з тымі выбарамі цяпер у плюсе толькі сацыял-дэмакраты з Грамады, якія тады мелі 42 прэтэндэнтаў. Усе астатнія пайшлі ў мінус: АГП — на 20 кандыдатаў, «Справядлівы сьвет» — на 31, партыя БНФ — на 17.

Калі глядзець з прафэсійнага пункту гледжаньня, то, як і чатыры гады таму, у першай тройцы прадстаўленыя працаўнікі адукацыі, культуры, навукі, аховы здароўя (30,71%), сельскай гаспадаркі (20,79%), дзяржаўных органаў (11,09%).

Амаль не зьмянілася ў агульнай колькасьці прэтэндэнтаў доля дзейных дэпутатаў: цяпер іх 46,51% супраць 48,2% у 2014-м. Грамадзянаў Расеі сярод кандыдатаў чатыры гады таму было 26 чалавек, сёлета — 32.

Дэпутаты абіраюцца ў 1309 мясцовых саветах по 18111 акругах.

На выбары ідуць толькі адважныя? Апазыцыя вылучае ўсё меней кандыдатаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG