Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая запрасіла спэцдакладчыка ПАРЭ па Беларусі маніторыць мясцовыя выбары


Справа налева — Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч, дакладчык ПАРЭ па Беларусі Андрэа Рыгоні і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая на зімовай сесіі ПАРЭ ў Страсбуры

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая асабіста перадала спэцдакладчыку па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні запрашэньне пасачыць за правядзеньнем мясцовых выбараў.

Гэта адбылося ў Страсбуры, куды Канапацкая разам са старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэем Навумовічам былі запрошаныя на зімовую сэсію ПАРЭ.

«Спадар Рыгоні ня даў пакуль ніякага адказу: ні станоўчага, ні адмоўнага. Буду чакаць ад яго зьвестак», — сказала Свабодзе Ганна Канапацкая, якая 26 студзеня вярнулася са Страсбуру.

Дэпутатка адзначыла, што яна мела магчымасьць удзельнічаць у пасяджэньнях камісіі ПАРЭ па палітычных пытаньнях і дэмакратыі.

«Беларускага пытаньня ў парадку дня камісіі не было. Але і Навумовічу, і мне далі магчымасьць выступіць. Я была ў афіцыйнай камандзіроўцы як дэпутат Палаты прадстаўнікоў, аднак адразу падкрэсьліла, што прадстаўляю беларускую апазыцыю, правацэнтрысцкую кааліцыю. І сказала, што зьмены ў выбарчае заканадаўства, якія я спрабую прабіць для разгляду ў парлямэнце, рыхтавалі супольна ўсе апазыцыйныя сілы», — падкрэсьліла Ганна Канапацкая.

Паводле дэпутаткі, разам з Андрэем Навумовічам яны правялі шэраг сустрэч з эўрапейскімі чыноўнікамі, якія займаюцца праблемамі адмены сьмяротнага пакараньня, надзейнасьці і бясьпекі атамных станцый, імплемэнтацыі правоў чалавека на нацыянальным узроўні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG