Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў з Днём Перамогі Пуціна і Парашэнку, але не Пашыньяна


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Ад імя Аляксандра Лукашэнкі 9 траўня былі разасланыя афіцыйныя віншаваньні кіраўнікам іншых дзяржаваў з Днём Перамогі.

Віншаваньні ад Аляксандра Лукашэнкі паслалі шэрагу расейскіх палітыкаў: прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну, прэм’ер-міністру Дзьмітрыю Мядзьведзеву, старшыні Савету Фэдэрацыі Валянціне Матвіенцы, старшыню Дзяржаўнай думы Вячаславу Валодзіну, патрыярху Маскоўскаму Кірылу, кіраўнікам «Саюзнай дзяржавы», Эўразійскай эканамічнай камісіі і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

Таксама віншаваньні атрымалі прэзыдэнты іншых дзяржаваў: Ільхам Аліеў (Азэрбайджан), Армэн Саргсьян (Армэнія), Гіоргі Маргвэлашвілі (Грузія), Нурсултан Назарбаеў (Казахстан), Сааранбай Джээнбекаў (Кіргізстан), Ігар Дадон (Малдова), Эмамалі Рахмон (Таджыкістан), Гурбангулы Бэрдымухамэдаў (Туркмэністан), Шаўкат Мірзіёеў (Узбэкістан), Пятро Парашэнка (Украіна).

Нікол Пашыньян, архіўнае фота
Нікол Пашыньян, архіўнае фота

​Пры гэтым не паведамляецца пра віншаваньні фактычнаму кіраўніку Армэніі, якая нядаўна перайшла з прэзыдэнцкай формы кіраваньня на парлямэнцкую: 8 траўня прэм’ерам Армэніі стаў апазыцыянэр Нікол Пашыньян пасьля амаль месяца мірных акцыяў пратэсту. Лукашэнка палохаў чыноўнікаў падзеямі ў Армэніі, магчыма нават, адмовіўся ад ідэі канстытуцыйнага рэфэрэндуму праз армянскія падзеі.

Уладзімір Пуцін тым часам віншаваў кіраўнікоў шэрагу дзяржаваў, у тым ліку Беларусі, але віншаваў не кіраўнікоў Украіны і Грузіі, а толькі грамадзянаў гэтых краінаў. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Парашэнку не віншавалі, бо «вы ведаеце пра тое, як Расея ставіцца да тых, хто разьвязаў братазабойчую і крывавую вайну на паўднёвым усходзе Ўкраіны» (узброены канфлікт прарасейскіх сэпаратыстаў з украінскімі войскамі пачаўся больш як за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог Парашэнка).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG