Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паска і Вялікдзень: што пірог, а што сьвята?


Велікодны слоўнічак ад Радыё Свабода
Велікодны слоўнічак ад Радыё Свабода

Па-беларуску сьвята — Вялікдзень, а велікодны пірог — паска ці бабка.

Вялікдзень паводле заходніх і ўсходніх хрысьціянскіх традыцыяў звычайна сьвяткуецца ў розныя дні. У кожным разе ўсіх нас мелі б яднаць традыцыйныя беларускія звычаі ды — галоўнае — беларуская мова, што іх апісвае.

Слова Вялíкдзень, у гаворках таксама Вялíкадне, Вялічка, — старажытнае і матываванае. Вялікі дзень, пачатак перамогі сьвятла над цемраю. Назва перш абазначала вялікі дзень у наўпроставым значэньні — калі зь веснавога раўнадзеньня сьветлая пара содняў робіцца даўжэйшаю за цёмную. Гэта і было сьвята ў гонар сонца, вясны, абуджэньня прыроды й надыходу земляробчага сэзону. Зь яго ў далёкіх продкаў пачынаўся адлік каляндарнага году.

Націск у слове Вялíкдзень падобна як у вітальных складаных словах — дабры́дзень, дабра́нач. Скланяем абедзьве часткі, але першую — абмежавана: Вялíкадня, Вялíкаднем. Прыметнік — велікóдны.

У палякаў Wielkanoc. А ў нас Вялікдзень. Значыць, літоўскае слова Velykos, як і некаторыя іншыя асноўныя літоўскія словы, зьвязаныя з хрысьціянствам, пайшло ад беларускага.

Слова ж Пасха з грэцкае мовы — Πάσχα, а ў яе прыйшло з старажытнагабрэйскае — ‏פסח, як вымаўлялі габрэі-ашкеназы ў Беларусі, Пэйсах — сьвята Абмінаньня, у памяць пра тое, што Божая кара абмінула габрэйскія дамы ў дзень зьнішчэньня першынцаў. У хрысьціянаў жа адпаведнае слова стала абазначаць пераход ад сьмерці да вечнага жыцьця Хрыста, які ўскрос / уваскрос / уваскрэс / зь мёртвых паўстаў менавіта ў тыя дні.

Пасха была і ахвяраваньнем, таму словам гэтым пачалі называць рытуальныя хлябы ў некаторых мовах. Але слова Пасха фанэтычна нязручнае для беларускае. Як яго ўжыць у давальным і месным склонах, дзе гукі чаргуюцца (як страха — на страсе) — „аб Пасьсе“? Формы Пасха, але аб пасцы ўжываюць а. У. Завальнюк, М. Прыгодзіч і В. Раманцэвіч у „Энцыкляпэдычным слоўніку рэлігійнай лексікі беларускай мовы“ (2013). Тут яны ідуць за народнай мовай, у якой Пасха заканамерна ператварылася ў Паску ва ўсіх склонах. Паска — аб Пасцы. І абазначае велікодную здобную круглую булку ці пірог. Гэта важны складнік народнай традыцыі ў нашым рэгіёне Эўропы — велікодны пірог, які розьніцца рэцэптурай і выглядам у розных народаў і ў розных рэгіёнах. Скажам, ля Давыд-Гарадка ён мае ўверсе ўзоры зь цеста ў выглядзе крыжыка ці сакральных літараў, аплецены коскай і паліты толькі жаўтком.

Традыцыйная ўкраінская паска
Традыцыйная ўкраінская паска

Расейскае слова кулич таксама грэцызм, але паходзіць яно ад бізантыйскага κουλλίκι(ον), а тое ад старажытнага κόλλιξ ‘хлеб круглай ці авальной формы’. У Беларусі слова „кулич“ ня ведалі. У галавах сучасных беларусаў яго замацавала расейская інфармацыйная прастора і незьлічоныя палітыя глязурай стандартныя „куличи“ ў супэрмаркетах. У тым ліку беларускай вытворчасьці. Як гэты:

„Пасхальный кулич от Столинского хлебозавода в каждый дом“. Рэкляма ў раённай газэце „Навіны Палесся“
„Пасхальный кулич от Столинского хлебозавода в каждый дом“. Рэкляма ў раённай газэце „Навіны Палесся“

Хаця на Століншчыне ёсьць свая згаданая вышэй даўняя кулінарная традыцыя і свая назва велікоднага пірага.

Дарэчы, „кулич“ — гэта нават ня ўся Расея, а Паўночная і Цэнтральная. у паўднёварасейскіх землях не кулич, а паска, як і ва Ўкраіне.

У беларускіх гаворках поўначы і паўночнага захаду велікодны пірог могуць назваць бабка, баба, булкі, але затое тая ежа, якую прыносяць у царкву ці касьцёл, будзе звацца паска.

Часам паўстае моўная праблема — як перадаць па-беларуску рытуал сакралізацыі сьвяточнай ежы. Сьвянціць і сьвянцоны — відавочны палянізм. Сьвяціць, асьвячаць, асьвяціць, пасьвяціць, асьвячоны — больш натуральна па-беларуску.

Як віншавацца? Пакуль розныя канфэсіі не дамовіліся пра імёны ды тэрміналёгію велікодных падзеяў, маем павітаньні, не зьвязаныя наўпрост з пэўнай канфэсійнай або іменнай традыцыяй — Зь Вялікаднем! Радасных і спакойных Велікодных сьвятаў.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG