Латвія завяршыла будаўніцтва 280-кілямэтровай агароджы, якая абараняе яе ўсходнюю мяжу з Расеяй, паведаміла 29 сьнежня адміністрацыя дзяржаўнай маёмасьці, піша агенцтва dpa.
На відэа ўстаноўкі бачныя патрульныя дарожкі, якія праходзяць уздоўж агароджы, узмоцненай калючым дротам. Міністар унутраных спраў Латвіі Рыхардс Казлоўскіс ахарактарызаваў новы бар’ер як «значны ўклад у бясьпеку насельніцтва Латвіі і краіны» разам з падобнай агароджай, завершанай у 2024 годзе ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
Латвія плянуе ўсталяваць дадатковую інфраструктуру, а таксама сыстэмы назіраньня ўздоўж мяжы з Беларусьсю і Расеяй да канца 2026 года.
«Наша галоўная мэта — стварыць самую сучасную ахову мяжы на ўсходняй мяжы ЭЗ», — заявіў Казлоўскіс.
Латвія пачала ўмацоўваць свае межы з Расеяй і Беларусьсю пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое Рыга лічыць пагрозай для сваёй нацыянальнай бясьпекі.
Тры балтыйскія дзяржавы — Латвія, Літва і Эстонія — плянуюць паставіць танкавыя барʼеры і бэтонныя блёкі ўздоўж межаў з Расеяй і Беларусьсю, каб абараніць сябе ад патэнцыйных нападаў.
Пра завяршэньне будаўніцтва загароды на мяжы зь Беларусьсю стала вядома 31 ліпеня 2024 году.
Інфраструктуру — патрульныя сьцежкі, пешаходныя масты і іншыя збудаваньні, неабходныя для аховы ўсіх 173 км мяжы Латвіі зь Беларусьсю працягвалі ствараць пазьней.