Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 адрозьненьняў украінскага параду да Дня Незалежнасьці ад беларускага вайсковага параду


Украіна і Беларусь амаль адначасова надалі канстытуцыйную сілу сваім дэклярацыям пра незалежнасьць. Украіна — 24 жніўня, а Беларусь — 25 жніўня 1991 году. Стартавая пляцоўка для незалежнага разьвіцьця была аднолькавая — СССР. Як цяпер адзначаюць свае Дні Незалежнасьці Ўкраіна і Беларусь? Глядзім на прыкладзе вайсковых парадаў.

1. Сымболіка. «Украінскі сьцяг — сымбаль супраціву, знак украінскай суб’ектнасьці, знак існаваньня нас, украінцаў», — кажа вядоўца жывога эфіру.

Беларускія парады праходзяць пад сьцягам, прыдуманым у 1951 годзе. Ніякай адмысловай гісторыі, ніякага сымбалізму на мадыфікаваным сьцягу БССР няма. Пад ім ніхто ні за што не змагаўся.

2. Дзяржаўнасьць. У гістарычных уводзінах да вайсковага параду вядоўца правёў адлік дзяржаўнасьці Ўкраіны ад Кіеўскай Русі да нашых дзён. Асаблівы акцэнт зроблены на войску Ўкраінскай Народнай Рэспублікі (УНР) ды іншых фармаваньнях пачатку ХХ ст, якія баранілі Ўкраіну ад Расеі. На парадзе прысутнічае сьцяг аднаго з палкоў УНР.

У Беларусі па-ранейшаму незалежнасьць афіцыйна зьвязаная з днём вызваленьня Менску ад нацыстаў, а старажытнасьць гісторыі дзяржаўнасьці падчас афіцыйных мерапрыемстваў не акцэнтуецца. БНР і надалей ганьбіцца.

На парадзе 9 траўня 2015 году міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч быў у форме супрацоўніка НКВД
На парадзе 9 траўня 2015 году міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч быў у форме супрацоўніка НКВД

3. Форма. Украінскія салдаты ўпершыню прайшлі парадам у новай вайсковай форме. Форма спраектаваная з улікам традыцый розных часоў. Адметныя дызайнэрскія элемэнты адсылаюць найперш да часоў УНР.

Беларуская парадная вайсковая форма застаецца калькай з савецкай. Пры тым, што нават «старэйшы саюзьнік» — Расея — адмовіўся ад савецкай стылістыкі і пераапрануў сваіх афіцэраў у форму «пад Захад».

4. Вайсковыя сьцягі. Украінскія вайсковыя падразьдзяленьні апошнія тры гады атрымліваюць новыя баявыя сьцягі. Падразьдзяленьням прысвойваюцца новыя назвы. Усе — з баявой гісторыі Ўкраіны.

Беларускія вайсковыя сьцягі застаюцца савецкімі. З баявой гісторыяй СССР.

​5. Народнасьць. Падчас хвіліны маўчаньня па загінулых у часе вайсковых дзеяньняў на Данбасе гучала песьня «Пливе кача» (Плыве качка). Народная песьня, якая сталася адной з песень Украінскай паўстанцкай арміі. А ў наш час зноў народнай — ужо праз новую вайну.

У Беларусі афіцыйнае мерапрыемства пакуль ня можа быць з элемэнтамі актуальнай народнасьці.

6. Расея. «Расейска-бальшавіцкая арда», «Не забудзем і не прабачым сьмерць украінцаў», «запарэбрык», «крамлёўскія лябараторыі». Гэта цытаты з розных камэнтароў і выступаў цягам параду, у тым ліку з выступу прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

У Беларусі расейскія вайскоўцы бяруць удзел у парадах. Сёлета ім адмовілі ў пешым праходзе, але дазволілі некалькім самалётам праляцець над Менскам.

7. NATO. Салдаты некалькіх краін-сябраў NATO, а таксама Грузіі, прайшлі ў вайсковым парадзе па цэнтры Кіева. Прэзыдэнт Парашэнка агучыў імкненьне Ўкраіны ўступіць у NATO і намер пачаць пераводзіць украінскую армію на стандарты NATO.

Прэзыдэнт Лукашэнка на парадах рэгулярна агучвае пагрозу з боку NATO для Беларусі і дэкляруе намер кінуць беларускае войска бараніць Расею ў выпадку вайны з NATO.

8. Вайна. Вайна адрозьнівае Ўкраіну ад Беларусі. Міністар абароны Ўкраіны асабліва гучна і з натхненьнем прывітаў калёну вэтэранаў Антытэрарыстычнай апэрацыі. І гледачы параду іх віталі асабліва бурна.​

Парад у Кіеве
Парад у Кіеве

9. Народ і армія. Украінцы прыходзяць у цэнтар Кіева ня толькі каб паглядзець на відовішча, але каб прывітаць сваіх салдатаў. «Расейская агрэсія зрабіла з украінцаў палітычную нацыю», — сказаў у сваёй прамове на адкрыцьці параду Пятро Парашэнка.

У Беларусі настроі сярод вайсковых афіцэраў застаюцца загадкай. За каго яны: за Беларусь, за Лукашэнку, за Крэмль? Нявызначанасьць спараджае недавер да войска.

10. Мова. Вышэйшыя афіцэры ўкраінскага войска, якія вялі парад, валодаюць украінскай мовай.

Узровень ведаў беларускіх вышэйшых афіцэраў у беларускай мове на публіцы не дэманстраваўся.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG