Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Жамчужнага ў турме зьбіў невядомы вязень у чорных акулярах і пальчатках


Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

Палітвязень Міхаіл Жамчужны ў калёніі стаў ахвярай нападу невядомага вязьня, які зьбіў яго і пагражаў «распусьціць на ніткі», калі зноў сустрэне ў вязьніцы.

Падрабязнасьці карэспандэнту Свабоды паведаміў праваабаронца Андрэй Бандарэнка зь «Нью Плятформы інавэйшн», які даведаўся пра інцыдэнт зь ліста палітвязьня.

«Гэта здарылася ў санчастцы, куды Міхаіла Жамчужнага зьмясьцілі як хворага і пакінулі ў калідоры. Раптам там узьнік гэты чалавек у чорных акулярах, у пальчатках і шапачцы, які накінуўся на Міхаіла і пачаў яго зьбіваць. Пры гэтым ён сказаў, што калі зноў убачыць Жамчужнага ў вязьніцы, дык „распусьціць на ніткі“. Мне такі выраз сустракаецца ўпершыню. Мяркую, гэта фальклёрная самадзейнасьць у турэмным фальклёры, хаця зьмест яе зразумелы», — сказаў Андрэй Бандарэнка.

Праваабаронца не выключае, што сам напад на Жамчужнага — не самадзейнасьць звычайнага вязьня, які ненавідзіць іншую частку вязьняў. Бандарэнка спаслаўся на тое, што на Жамчужнага ў Горацкай калёніі ціснуць адразу, як яго туды перавялі. Але, на думку заснавальніка «Плятформы», адміністрацыя мала што робіць для абароны Жамчужнага, толькі рэгулярна кідае яго ў карцэр.

5 студзеня Міхаіл Жамчужны быў на месяц зьмешчаны ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Гэтак яго пакаралі за адмову знаходзіцца ў адмысловым атрадзе, дзе ўтрымліваюць вязьняў зь «нізкім статусам». Жамчужны раней паведамляў, што неабгрунтаваным далучэньнем да гэтай групы вязьняў яго караюць за актыўнасьць у адстойваньні сваіх правоў і непрызнаньне віны. Цягам мінулага году Міхаіла Жамчужнага 17 разоў зьмяшчалі ў карцэр, і ўжо адзін раз такое пакараньне было накладзенае ў 2018 годзе — на 3 сутак у студзені. Міхаіл Жамчужны ў лісьце паведаміў, што будзе абскарджваць гэтае пакараньне, як абскарджваў усе ранейшыя.

«Сёньня, 6 лютага, Міхаіл павінен быў выйсьці з ПКТ, але паколькі меў 3 дні карцэру, што не залічваецца, дык выйдзе 9-га. Калі зноў за нешта не пакараюць», — сказаў Андрэй Бандарэнка.

Праваабаронца мяркуе, што гэтак ягонаму калегу помсьцяць за дзейнасьць па раскрыцьці злоўжываньняў міліцыянтаў.

Выкладчык і праваабаронца Міхаіл Жамчужны асуджаны на 6,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў спробе атрымаць сакрэтную інфармацыю пра дзейнасьць міліцыі і спробу даць хабар міліцыянту. Сваёй віны Жамчужны не прызнаў і працягвае абскарджваць прысуд, у тым ліку падаў скаргу ў ААН. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і дамагаюцца перагляду ягонай справы ў адкрытым судзе. На волю Міхаіл Жамчужны мае выйсьці больш як праз тры гады.

«Чырвонае і чорнае». Масьці і касты беларускіх турмаў

Сакрэтная справа Жамчужнага спараджае шмат пытаньняў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG