Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш арыштаў і штрафаў, але спынілі справу «Белага легіёну». Праваабаронцы падсумавалі вынікі 2017 году


Праваабарончы цэнтар «Вясна», які праводзіць штогадовы маніторынг сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, абнародаваў аналітычны агляд за 2017 год. Праваабаронцы адзначылі як адмоўныя, гэтак і станоўчыя моманты ў леташняй сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Мінусы

Агульная сытуацыя ў параўнаньні з 2015–2016 гадамі пагоршылася, лічаць у «Вясьне». І аргумэнтуюць такую выснову жорсткай рэакцыяй уладаў на акцыі сацыяльнага пратэсту супроць дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі № 3, якія каціліся па краіне зь вясны 2017 году.

Больш за 600 судоў над удзельнікамі акцый пратэсту

Усяго, паводле «Вясны», цягам 2017 году зафіксавана больш за 600 выпадкаў прыцягненьня грамадзян да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыях пратэсту, больш як у 250 выпадках судзьдзі прызначалі грамадзянам адміністрацыйны арышт.

40 чалавек арыштавалі па палітычна матываваных справах

Праваабаронцы «Вясны» кажуць, што аднавілася практыка палітычна матываванага перасьледу. Прыклад — крымінальная справа аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», заведзеная ў сакавіку супроць сябраў былой арганізацыі «Белы легіён», незарэгістраванага «Маладога фронту» ды іншых актывістаў. Таксама згадваецца справа актывістаў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, якая дагэтуль ня спыненая.

69 выпадкаў, калі да да адказнасьці прыцягвалі журналістаў

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ было прызначана 69 штрафаў. Працягваўся і пераслед журналістаў незалежных СМІ ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі прафэсійнай дзейнасьці, у тым ліку за працу па асьвятленьні акцый сацыяльнага пратэсту.

2 чалавекі прызнаныя палітвязьнямі

Зьміцер Паліенка сярод удзельнікаў пратэсту супраць будоўлі каля Курапатаў, сакавік 2017
Зьміцер Паліенка сярод удзельнікаў пратэсту супраць будоўлі каля Курапатаў, сакавік 2017

Цягам году двух чалавек беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязьнямі. Гэта былы выкладчык і праваабаронца Міхаіл Жамчужны і сацыяльны актывіст Зьміцер Паліенка. Міхаіл Жамчужны адбыў у карцэры больш за 100 сутак, ён спрабуе аспрэчыць прысуд і пратэстуе супроць спагнаньняў, якія накладае на яго адміністрацыя вязьніцы. Актывіст Зьміцер Паліенка пасьля ўдзелу ў веснавых акцыях пратэсту быў адпраўлены за краты на той падставе, што суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленьні ад прысуджанага раней умоўнага пакараньня.

3 новыя сьмяротныя прысуды

Адзін з асуджаных да сьмяротнага пакараньня, Ігар Гершанкоў, у Магілёўскім судзе
Адзін з асуджаных да сьмяротнага пакараньня, Ігар Гершанкоў, у Магілёўскім судзе

На пачатку 2017 году стала вядома пра выкананьне сама меней аднаго сьмяротнага прысуду, які быў вынесены раней. Але на гэтым «сьмяротны канвэер» у Беларусі не спыніўся. У сакавіку вынесьлі сьмяротны прысуд жыхару Нароўлі Аляксею Міхаленю, у ліпені магілёўскі абласны суд прысудзіў да сьмерці Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога — гэты прысуд у сьнежні пацьвердзіла калегія Вярхоўнага суду. Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротная кара.

Затрымлівалі 50 валянтэраў праваабарончага руху і назіральнікаў

Затрыманьне праваабаронцаў «Вясны»
Затрыманьне праваабаронцаў «Вясны»

25 сакавіка 2017 году праваабаронцы называюць днём усплёску рэпрэсій супроць грамадзянскай супольнасьці і нагадваюць, што тады ў офісе «Вясны» былі нематывавана затрыманыя міліцыянтамі больш за 50 валянтэраў, праваабаронцаў і назіральнікаў. Сярод іх быў Аляксей Лойка, які пры гэтым атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і трапіў у лякарню.

Плюсы

Справа «Белага легіёну» спыненая

1880 дзён за кратамі. Гісторыя «Белага легіёну»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00

У лістападзе 2017 году канчаткова спынілі крымінальную справу супроць 10 актывістаў былой арганізацыі «Белы легіён». Раней вызвалілі ад адказнасьці іншых асобаў спаміж 35 затрыманых па гэтай справе.

Прафсаюзных актывістаў вызвалілі з-пад варты

2 жніўня ў офісе незалежнага прафсаюзу РЭП і ў салігорскім офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу прайшлі ператрусы, пасьля якіх былі затрыманыя старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар прафсаюзу Ігар Комлік. Генадзя Фядыніча сьледчыя вызвалілі ў той жа дзень, а вось вызваленьне Ігара Комліка адбылося толькі 2 кастрычніка пасьля шэрагу заяў праваабарончых і прафсаюзных арганізацый. Пры гэтым крымінальны перасьлед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка да канца 2017 году ня быў спынены.

Аднавіла працу парлямэнцкая група па сьмяротным пакараньні

Працягвалася праца зноў створанай парлямэнцкай працоўнай групы па пытаньнях вывучэньня адмены сьмяротнага пакараньня. 24 студзеня ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) у Страсбургу старшыня Сталай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, кіраўнік працоўнай групы па пытаньнях сьмяротнага пакараньня Андрэй Навумовіч заявіў пра гатоўнасьць правесьці парлямэнцкія слуханьні па праблеме сьмяротнага пакараньня ў краіне. Цягам году дыялёг афіцыйнага Менску з прадстаўнікамі краін Эўразьвязу па адмене сьмяротнага пакараньня працягваўся. У тым ліку ў канцы году Беларусь наведалі міжнародныя экспэрты па гэтай праблеме з ЗША і Вялікай Брытаніі.

«Нягледзячы на пагаршэньне агульнай сытуацыі ў краіне ў пэрыяд вясновых падзей, улады працягвалі прыкладаць намаганьні, накіраваныя на працяг дыялёгу і нармалізацыю адносін з краінамі Захаду (ЭЗ і ЗША)», — адзначаюць праваабаронцы «Вясны».

Свабодны рэп: вынікі году пад біт і ў рыфме

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG