Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНР пад белым сьцягам у школьным атлясе


Пытаньне дачкі-школьніцы вывела мяне з раўнавагі: «А чаму абвяшчэньне БНР у школьным гістарычным атлясе пазначана белым сьцягам? Хіба яе пад такім сьцягам абвясьцілі?»

І сапраўды: на адпаведнай гістарычнай мапе ўтварэньне БНР пазначана белым «капітулянцкім» сьцяжком. Можа, выпадкова? Вырашыў прыгледзецца больш пільна: як жа падаюць гэты пэрыяд беларускай гісторыі ў «вучэбным дапаможніку, дапушчаным Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь», якім карыстаюцца ўсе беларускія старшаклясьнікі?

Мапа пра падзеі 1917 году ў Беларусі і на сумежных тэрыторыях. Усталяваньне савецкай улады паўсюль пазначана чырвонымі сьцяжкамі, што пярэчаньняў не выклікае. А беларускі нацыянальны рух?.. Вачам ня веру: бела-зялёна-белымі. Пад гэтымі сымбалямі ў атлясе фігуруюць Усебеларускі зьезд, які адбыўся 16–18 сьнежня 1917 г. у Менску, а таксама Беларуская канфэрэнцыя 25–28 студзеня 1918 году ў Вільні.

А вось Слуцкі збройны чын 1920 году на адпаведнай мапе пазначаны бела-бэзава-белым сьцяжком. Мапы паўсюль паўнаколерныя, спаслацца на тое, што мастак такім чынам проста схематычна паказаў бел-чырвона-белы сьцяг — не выпадае. Так што прычына тут, выглядае, адна: пільны цэнзарскі нагляд. Беларускі нацыянальны рух у школьным падручніку можна было пазначаць, відаць, любымі колерамі — апрача тых, пад якімі ён сапраўды існаваў і існуе.

Калі такое стаўленьне да ўласнай гісторыі ў сябе ў краіне, то ці варта разьлічваць, што неяк па-іншаму да яе будуць ставіцца суседзі? Я пацікавіўся: а ці згадваецца якім-небудзь чынам БНР у школьных гістарычных атлясах з суседніх краін?

Разгортваем расейскі атляс, па якім вучаць гісторыю школьнікі Расейскай Фэдэрацыі. На адпаведнай мапе, на якой адлюстраваныя падзеі 1918–1922 гадоў, — згадка пра БССР і пра Літоўска-Беларускую ССР, якая праіснавала некалькі месяцаў. Пра БНР — ні слова.

Атляс, па якім вучаць гісторыю літоўскія школьнікі. Адзначаны дакладныя даты абвяшчэньня новых дзяржаў на руінах колішняй Расейскай імпэрыі ў 1918 годзе — Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Украіны — усіх, апроч Беларусі.

Найбольш карэктна пазначаны той пэрыяд нашай гісторыі ў школьным гістарычным атлясе Польшчы. Там пададзеныя абедзьве даты: і 25.03.1918 — дзень абвяшчэньня БНР, і 01.01.1919, калі была ўтворана БССР.

Зразумела, што афіцыйныя гісторыкі ў суседніх дзяржавах адлюстроўваюць найперш той пункт гледжаньня на гістарычныя падзеі, які адпавядае інтарэсам іхных краін. Але як разьлічваць на паважлівае і карэктнае стаўленьне да сваёй гісторыі з боку суседзяў, калі ні павагі, ні строгага навуковага падыходу да такой найважнейшай падзеі, як абвяшчэньне незалежнасьці, няма ва ўласнай дзяржаве?

...А дачцэ я паказаў старыя архіўныя фатаздымкі, і яна добра ведае, пад якімі сымбалямі адбывалася стварэньне БНР і змаганьне тых, хто адстойваў ідэалы першай Беларускай рэспублікі. Калі складальнікі падручнікаў і Мінадукацыі хочуць, каб ім давяралі, факты ды ілюстрацыі павінны быць дакладнымі і праўдзівымі. Увесьці дзяцей у зман у век інтэрнэту ўсё адно ня ўдасца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG