Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адказ Лукашэнку: стваральнікі БНР — Supermen & Wonder Women 


Лукашэнка назваў гісторыю БНР сумнай, параўнаў з Галакостам і параіў ёй не ганарыцца. Гэта ўжо прагрэс, бо раней БНР для яго ўвогуле не існавала.

Але байкі пра «сумную» БНР — такі ж самы гістарычны фэйк як «Скарына ў Піцеры». Гісторыя 25 сакавіка — гэта адзін з самых пазытыўных і матывуючых эпізодаў беларускага мінулага.

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Паралелі з Галакостам зь вялікай нацяжкай можна ўгледзіць толькі ў адным. Няскораны народ пасьля мора крыві і сьлёз адраджаецца і стварае дзяржаву ў часы, калі ніхто яму не спрыяе і не спачувае.

Гісторыя Беларусі пачатку XX стагодзьдзя — гэта гісторыя суцэльнага посьпеху. Толькі ўявіце, пасьля 123 гадоў расейскага панаваньня, а да гэтага вякоў манаполіі польскай культуры ў Рэчы Паспалітай, наш народ эфэктыўна выкарыстаў свае 5 хвілінаў. Маладая эліта адукоўваецца, адчыняе выдавецтвы, друкуе кнігі, газэты, часопісы, фармулюе ідэю, гуртуе шэрагі і выйграе.

Ідэя беларускай дзяржавы, якую яны аформілі першымі, ажыцьцявілася і існуе. Што ў гэтым сумнага?

1918 год — вайна, немцы, бальшавікі, палякі, тэрор. Імпэрыі вырашаюць лёсы народаў. Кожны справядліва клапоціцца, каб проста гэта ўсё перажыць. І тут на сцэну выходзяць яны — айцы і маці БНР. Гэты праект не гарантаваў ім кар’ернага росту, багацьця і славы. Далучыўшыся да бальшавікоў або палякаў, яны б маглі выйграць у разы больш. Яны паставілі на яго ўсё і жыцьцё многіх зь іх скончыцца трагічна. Але мэханізм, які яны запусьцілі, спрацаваў.

Ня ўсім народам гэта ўдалося. Некаторыя растварыліся ў імпэрыі і амаль зьніклі. А ідэя беларускай дзяржавы, якую яны аформілі першымі, ажыцьцявілася і існуе. Што ў гэтым сумнага? Па чым тут ліць сьлёзы і заломваць рукі?

Гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта гісторыя посьпеху. Гэта як галівудзкія фільмы «Дзень незалежнасьці» і «Паштальён», у якіх навокал бяда і ніякай надзеі для чалавецтва. А ў выніку перамога, сьцяг над руінамі і ўсьмешкі пад словы «Мы ўсё адбудуем, мы дамо рады».

Стваральнікі БНР — гэта беларускія супэргероі. Гэта нашыя Ўілы Сьміты і Кевіны Костнэры ў кіно пра БНР. У страшны, неспрыяльны час, яны выканалі сваю місію і далі компас іншым. Гісторыя БНР — гэта матывуючы фільм са шчасьлівай разьвязкай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG