Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік Лукашэнкі паабяцаў пратэстоўцам разабрацца з будаўніцтвам акумулятарнага заводу пад Берасьцем


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У панядзелак 5 сакавіка памочнік Аляксандра Лукашэнкі —​ генэральны інспэктар Берасьцейскай вобласьці Васіль Герасімаў сустрэўся з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем, піша БелаПАН.

«Памочнік прэзыдэнта паведаміў актывістам, што плянуецца стварэньне камісіі, якая будзе разьбірацца з усімі фактамі, паднятымі ў сувязі з будаўніцтвам гэтага акумулятарнага заводу, — расказаў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк. — Усё больш людзей выступаюць супраць гэтага прадпрыемства, тым больш што кожны дзень зьяўляецца новая непрывабная інфармацыя пра яго».

Што выкрылі актывісты

Падчас сустрэчы актывісты Дзьмітры Бекалюк і Аляксандар Кабанаў паведамілі новыя факты пра завод.

Аляксандар Кабанаў, архіўнае фота
Аляксандар Кабанаў, архіўнае фота

Яны сьцьвярджалі, што кіраўніцтва прадпрыемства спрабавала ўтойваць ад грамадзтва тое, што будзе арганізаваная ліцейная вытворчасьць з аб’ёмамі больш як 13 тысяч тон сьвінцу і сплаваў за год.

Кіраўніцтва заводу казала пра інавацыйнасьць тэхналёгіяў вытворчасьці на заводзе, але актывісты сьцьвярджаюць, што яна састарэлая, яшчэ з 1990-х гадоў.

Зьміцер Бекалюк, архіўнае фота
Зьміцер Бекалюк, архіўнае фота

А тэхналёгія ачысткі ў ліцейнай вытворчасьці на заводзе нідзе не паказаная і не распрацаваная: ні ў дакумэнце аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяродзьдзе, ні ў праектнай дакумэнтацыі, ні ў тэхнічных пашпартах. Сыстэмы фільтрацыі і выдаленьня пылу і газу з працоўнай зоны таксама не прапрацаваныя. Як будуць на заводзе спраўляцца з высокатэмпэратурнымі аэразольнымі выкідамі сьвінцу, невядома.

Актывісты заявілі, што прадпрыемства падае кантрольным органам непраўдзівыя або недакладныя зьвесткі пра небясьпеку выбуху на заводзе.

Суд, пратэсты, дзясяткі тысяч подпісаў і штрафы на 100 базавых

У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 27 лютага пачаўся разгляд пазову супраць ТАА «АйПаўэр», якое пачало пад Берасьцем будаваць акумулятарны завод. Заяўнікі пазову — група грамадзянаў і грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» — кажуць, што працэдура грамадзкага абмеркаваньня праекту будаўніцтва была парушаная. Завод, лічаць яны, будзе шкодна ўзьдзейнічаць на навакольле. Наступнае судовае паседжаньне прызначана на 21 сакавіка.

Пратэсты супраць будоўлі акумулятарнага заводу пачаліся ў студзені. Пасьля сходаў з удзелам чыноўнікаў і жыхароў блізкіх да будаўніцтва вёсак Берасьцейскі гарвыканкам не падтрымаў ідэі правесьці сустрэчу наконт будаўніцтва з жыхарамі гораду. На калектыўны зварот супраць акумулятарнага заводу ў Берасьцейскім аблвыканкаме заявілі, што ня бачаць падставаў для прыпыненьня будоўлі.

22 лютага жыхары Берасьця і раёну накіравалі ў адміністрацыю Лукашэнкі амаль 37 тысяч подпісаў супраць будоўлі прадпрыемства (яшчэ 8 тысяч подпісаў супраць заводу сабрана на Change.org, каля тысячы —​ на Petitions.by).

23 лютага Кабанава і Пятрухіна затрымалі, пасадзілі на выходныя за краты, а 28 лютага прысудзілі кожнаму па 50 базавых велічыняў штрафу (1225 рублёў) за нібыта заклікі да несанкцыянаванай акцыі.

25 лютага на месца правядзеньня акцыі прыйшлі дзясяткі чалавек, але акцыя фактычна не адбылася. 4 сакавіка акцыя пратэсту была праведзеная ў новым фармаце: пратэстоўцы кармілі галубоў.

У Берасьці 80 чалавек «кармілі галубоў» супраць будаўніцтва заводу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00

Хто будуе завод

Акумулятарны завод будуецца на пляцоўцы «Аэрапорт» у берасьцейскай свабоднай эканамічнай зоне каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2. За два кілямэтры ад будоўлі — рака Мухавец. На прадпрыемстве будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае.

Праект заводу прадугледжвае вытворчасьць сьвінцу і яго сплаваў магутнасьцю больш за 13 тысяч тон на год, элемэнты хімічнай вытворчасьці з выкарыстаньнем сьвінцу, яго сплаваў і сернай кіслаты, а таксама зборачныя апэрацыі, у тым ліку паяньне расплаўленым сьвінцом.

Заказчыкам заводу выступае кампанія «АйПаўэр» прадпрымальніка Віктара Лемяшэўскага. Падрадчык — кітайская карпарацыя. Агульны кошт праекту — каля 20 мільёнаў даляраў.

Чытайце таксама: Пад Сьветлагорскам спыніўся цэлюлёзны завод, бо рабочыя зьехалі на сьвяты ў Кітай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG