Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага «ляснога» міністра. І прыгразіў яму, бо «некаторыя проста абнаглелі»


Новыя прызначэньні Лукашэнкі. На фота зьлева направа: дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч, намесьнік старшыні адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Жаўняк, міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, Аляксандар Лукашэнка, старшыня адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава

Аляксандар Лукашэнка 5 красавіка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі Беларусі – Віталя Дрожжу. Папярэдняга міністра, Міхаіла Амельяновіча, ён зьняў з пасады за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных арганізацыях».

Новы міністар Віталь Дрожжа нарадзіўся ў Карэлічах Гарадзенскай вобласьці ў 1978 годзе, адвучыўся ў БДТУ і Акадэміі кіраваньня. Ад 2013 году працаваў генэральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», да таго — служыў у міліцыі, кіраваў лясьніцтвам на Лагойшчыне, быў галоўным інспэктарам-рэвізорам у Мінлясгасе, кіраваў Бабруйскай лясной гаспадаркай.

Віталь Дрожжа мае старонкі ў «Аднаклясьніках» і «ЎКантакце», дзе публікаваў фоты з забітымі жывёламі.

Абноўлена, 6 красавіка: Міністар выдаліў старонку на ВК. На момант публікацыі старонка на «Аднаклясьніках» актыўная, там засталося фота з забітым дзіком.​

Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа з паляўнічымі трафэямі. Скрыншоты фота з выдаленай старонкі «ЎКантакце»
Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа з паляўнічымі трафэямі. Скрыншоты фота з выдаленай старонкі «ЎКантакце»

​«Глядзіце, каб усё было сумленна і прыстойна, — перадае БЕЛТА словы Аляксандра Лукашэнкі. — Мы ўзмацняем кантроль, я пра гэта часта гавару, за працай кіраўнікоў, асабліва сябраў ураду, міністраў, таму што некаторыя проста абнаглелі. І з такімі мы разьбіраемся імгненна».

​Яшчэ ў сярэдзіне лютага Лукашэнка прыгадаў, што абяцаў перамагчы карупцыю яшчэ ў 1994 годзе. Два дні таму ён казаў, што ад карупцыі «ўжо людзі стогнуць у некаторых раёнах».

Лукашэнка загадаў новаму міністру «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы.

Лукашэнка заявіў, што ён сам і кіраўніца ягонай адміністрацыі Натальля Качанава гатовыя заняцца пасадкай саджанцаў у гэтым годзе.

Чытайце таксама: «Нават у Расеі больш строга». Чым небясьпечныя новыя правілы паляваньня ў Беларусі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG