Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіцца новая каштоўная папера — інвэстыцыйны пай


Уладальнікамі інвэстыцыйнага паю могуць стаць як юрыдычныя асобы, так і звычайныя грамадзяне.

Такая магчымасьць зьявіцца пасьля таго, як законапраект «Аб інвэстыцыйных фондах», які сёньня ў першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў, набудзе сілу закону. Як сказаў, прадстаўляючы гэта дакумэнт, міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын, дзякуючы інвэстыцыйным паям насельніцтва атрымае новую форму ўкладаньня сваіх сродкаў і атрыманьня дывідэндаў.

Дэпутаты запыталіся ў міністра, а ці стане інвэстыцыйны пай прывабным для жыхароў Беларусі, якія на гэты момант трымаюць свае ўклады ў ашчадных банках? На гэта міністар адказаў:

«Інвэстыцыйныя паі будуць цікавыя толькі ў тым выпадку, калі яны будуць даваць людзям больш высокія прыбыткі, чым у банках. Праўда, у адрозьненьне ад банкаў, укладаючы свае грошы, чалавек будзе мець пэўную рызыку. Але ў законапраекце мы прапісалі такія нормы, каб гэтую рызыку мінімізаваць. Прыватная асоба мае ў Беларусі звычайна невялікія сродкі. Але ў людзей часта не хапае досьведу, як імі карыстацца. Да гэтых малых сродкаў няма цікавасьці ў банкаў ды іншых прадпрыемстваў, а вось цікавасьць інвэстыцыйных фондаў да таго, каб сабраць разам параўнальна невялікія сродкі многіх людзей і ператварыць у вялікія сумы, ёсьць».

Міністар Амарын сказаў, што такія інвэстыцыйныя паі ў Расеі ўведзеныя яшчэ ў 2001 годзе, а ў Казахстане — у 2004-м.

«Таму нам трэба сьпяшацца, каб дагнаць нашых калегаў па Эўразійскай эканамічнай прасторы і працаваць зь імі як роўныя».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG