Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня Леніна: якія назвы вуліцаў найчасьцейшыя ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальнае кадастравае агенцтва падзялілася зь БЕЛТА статыстыкай назваў вуліц у беларускіх гарадах і вёсках.

Сярод беларускіх вуліц найчасьцей сустракаюцца назвы Цэнтральная (5056 такіх назваў), Маладзёжная (2166) і Садовая (2165).

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі 115 гарадоў і агулам 23 320 населеных пунктаў — гэта значыць, вуліца Цэнтральная ёсьць у кожным пятым населеным пункце.

Колькі ў Беларусі вуліцаў Леніна (частая з савецкіх часоў назва) і іншых «камуністычных» назваў, не паведамляецца. Але вядома, што даўжыня ўсіх вуліцаў Леніна ў краіне складае 440 км, Кастрычніцкіх — 382 км, Савецкіх — 698 км.

Большая частка суседніх зь Беларусьсю краінаў ці ўжо пазбавілася камуністычных назваў (Літва і Латвія), ці канчаткова пазбаўляецца іх цяпер (Польшча і Ўкраіна). У Польшчы дэкамунізацыя можа закрануць і назвы, зьвязаныя зь беларускімі дзеячамі савецкага часу, у тым ліку з рэпрэсаваным камуністамі Браніславам Тарашкевічам.

Які можа быць беларускі падыход да дэсаветызацыі і дэкалянізацыі публічнай прасторы

Цяпер у Беларусі амаль не даюць «камуністычных» назваў вуліцам, але нярэдка даюцца «абстрактныя». Напрыклад, у Менску неўзабаве зьявяцца вуліца Брацкая, праспэкт Міру і парк Пісьменьнікаў, але няма і не плянуецца ні вуліцы Васіля Быкава, ні вуліцы Рыгора Барадуліна, ні вуліц, названых у гонар іншых выдатных пісьменьнікаў Беларусі, а вуліца Караткевіча названая ў гонар не беларускага пісьменьніка, а савецкага падпольшчыка.

XS
SM
MD
LG