Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падляскі ваявода прыпыніў перайменаваньне вуліцы Тарашкевіча


Браніслаў Тарашкевіч

Да 2-га сьнежня Богдан Пашкоўскі павінен быў падпісаць рашэньне пра лёс вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім. Такі крайні тэрмін прадугледжвае польскі Закон аб дэкамунізацыі.

Як паведаміў Свабодзе раднік ваяводы Роман Чэпэ, дакумэнт дагэтуль не падпісаны.

«Ваявода вырашыў пакуль прыпыніць гэтую працэдуру, паколькі гісторыкі Інстытуту нацыянальнай памяці да гэтага часу не даслалі сваю характарыстыку асобы Тарашкевіча», — гаворыць Чэпэ.

Працэс па дэкамунізацыі ў Польшчы каардынауе Інстытут нацыянальнай памяці. Групай, якая ацэньвае біяграфіі патронаў польскіх вуліц і плошчаў, кіруе доктар гістарычных навук Мацей Коркуць. У інтэрвію Свабодзе 15 лістапада доктар Коркуць заявіў, што Браніслаў Тарашкевіч быў камуністам і трапляе пад закон аб дэкамунізацыі. Падобны лёс чакаў і вуліцу Якуба Коласа ў Гайнаўцы. Сёньня Свабодзе пакуль не ўдалося скантактавацца з Коркуцем.

Раднік падляскага ваяводы патлумачыў, што дата 2 сьнежня хаця і запісаная ў законе, але дазваляе ваяводам адтэрміноўваць прыняцьце рашэньня з улікам пэўных абставінаў.

«Зразумела, што справа Тарашкевіч складаная. Мы ня хочам сьпяшацца, бо важна, каб гэта было ўзважанае рашэньне, падмацаванае грунтоўным аналізам гісторыкаў», — патлумачыў Роман Чэпэ.

14 лістапада Чэпэ ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што ваявода гатовы падпісаць рашэньне аб перайменаваньні, паколькі вуліца Тарашкевіча была ў сьпісе варшаўскага аддзелу ІНП. Але за Браніслава Тарашкевіча заступіўся беластоцкі аддзел ІНП і яго справа была накіраваная на дадатковы аналіз гісторыкаў.

У польскім законе аб дэкамунізацыі гаворыцца, што «назвы будоваў, аб’ектаў і грамадзкіх установаў, у тым ліку дарогаў, вуліцаў, мастоў і плошчаў, якія названыя адзінкамі мясцовага самакіраваньня ня могуць ушаноўваць асобаў, арганізацыяў, падзеяў або датаў, якія сымбалізуюць камунізм або іншы таталітарны лад».

28 лістапада з заяваў у абарону вуліцы Тарашкевіча ў Бельску выступіла Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку.

«Паводле нашага глыбокага перакананьня, закон не датычыць асобы Браніслава Тарашкевіча, паколькі для нікога і ніколі ён не сымбалізаваў і не сымбалізуе камунізм. Для беларусаў Тарашкевіч быў і застанецца аўтарам першай „Беларускай граматыкі для школаў“, сымбалем барацьбы палітычнымі мэтадамі за грамадзянскія правы беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай (міжваеннай Польшчы — РС), за свабоду народу, а напрыканцы сымбалем трагічнага лёсу беларускай інтэлігенцыі, якая стала ахвярай камуністычнага тэрору», — гаворыцца ў звароце Беларускага гістарычнага таварыства.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG