Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык, які пераназывае вуліцы ў Польшчы: за Тарашкевічам можам скасаваць і Коласа


Мацей Коркуць

У Бельску-Падляскім перайменуюць ня толькі вуліцу Браніслава Тарашкевіча, але і беларускі ліцэй, названы ў яго гонар. У Гайнаўцы, хутчэй за ўсё, зьнікне вуліца Якуба Коласа. Колас і Тарашкевіч стануць ахвярамі закону аб дэкамунізацыі, які ўступіў у дзеяньне ў Польшчы.

Працэс па дэкамунізацыі ў Польшчы каардынауе Інстытут Нацыянальнай Памяці. Групай, якая ацэньвае біяграфіі патронаў польскіх вуліц і плошчаў, кіруе доктар гістарычных навук Мацей Коркуць. Зь ім размаўляе Дзьмітры Гурневіч.

— Спадар Коркуць, Тарашкевіч бясспрэчна быў сябрам камуністычнай партыі. Але ці можна асобу з гістарычнай пэрспэктывы ацэньваць толькі па гэтай прыкмеце?

— Ніводная біяграфія не адназначная. Заўсёды ёсьць шмат вымярэньняў. Мы цудоўна разумеем, што камуністычная ідэалёгія выкарыстоўвала людзей. У СССР разьвіваўся нацыянальны рух, бо паводле ленінскага прынцыпу 1920-х, форма не была важная, важны быў зьмест. Ня важна, на якой мове адбывалася камуністычная індактрынацыя — ці па-ўкраінску, ці па-беларуску.

— Браніслаў Тарашкевіч быў навукоўцам, аўтарам граматыкі беларускай мовы. Беларусы яго ўспрымаюць менавіта як інтэлектуала. Чаму б не прыняць пад увагу гэты момант?

— Бясспрэчна, у яго ёсьць заслугі перад беларускай мовай. Але гэта не адмяняе ягоную камуністычную дзейнасьць. Я зацытую яго аўтабіяграфію з 1933 году: «Я лічыў сябе перакананым камуністам». У іншых дакумэнтах ён прызнаваўся, што яго асабісты шлях да нацыянальнага руху і камуністычнай партыі быў доўгім і складаным. Яго дзейнасьць упісвалася ў дзейнасьць камуністычнай партыі і нам вядома, што ён такой дзейнасьцю займаўся.

— То бок кожны чалавек, які быў сябрам камуністычнай партыі аўтаматычна ня можа больш ніколі быць ушанаваным?

— Кожная асоба, якая зьяўляеца сымбалем злачынных таталітарных ідэалёгій, ня вартая ўшанаваная ў Польшчы. Мы ня супраць, каб беларуская мова разьвівалася. Але закон не пра гэта. Закон ясна кажа пра дзеячоў, падзеі і назвы, якія зьяўляюцца сымбалем камунізму або нацыянал-сацыялізму. Калі ён быў нацыянальным дзеячам, то камуністычным, і змагаўся ў тым ліку і супраць «беларускай рэакцыі». Мы ня можам хлусіць, што мы гэтага ня бачым. А мова, якой ён выказваўся пра польскі міжваенны ўрад, а таксама пра беларускіх дзеячоў, беларусаў, якія не былі камуністамі — гэта мова камуністычнай партыі i мова савецкай прапаганды.

Ён называў польскую санацыю фашыстамі. А як ён выказваўся пра беларускі рух? Зацытую: «Беларуская санацыя і беларуская хадэцыя, ППС, Вызваленьне і Сялянская таварыства — то гэта лепш або горш схаваныя ворагі рабочых. Гэта прыхільнікі і падпора фашызму. Сапраўды, усё гэта фашыстоўкі лягер». Так пісаў Тарашкевіч. Гэта лёзунгі камуністаў. Тут няма нацыянальнага фактару. У законе пра гэта ані слова. І зьвярніце ўвагу, у рамках абмену вязьнямі ён трапіў на савецкі бок, а СССР ня браў абы-каго. Ён браў тых, каго лічыў сваім.

— Але яму не дазволілі застацца ў Менску. Яго забралі ў Маскву, дзе потым расстралялі.

— Троцкі таксама быў ахвярай камуністаў, але ня думаю, што ў вас знойдуцца для яго апраўданьні. У Маскве Тарашкевіч быў працаўніком Міжнароднага аграрнага інстытуту. Працаваў зь іншымі дзеячамі Польскай камуністычнай партыі. Ён марыў аб тым, каб паехаць у Гішпанію напрыканцы 1930-х. Там бальшавікі хацелі стварыць пляцдарм для камунізму на другім баку Эўропы. Але тады акурат пачыналіся ўнутраныя чысткі.

Ён прапагандаваў камунізм, казаў пра тое, што «Заходняя Беларусь» павінна быць аб’яднаная ў рамках камуністычнай рэспублікі, у СССР. А ўжо напрыканцы 30-х яго зьняволіла НКВД і забіла. Такой была лёгіка савецкіх чыстак, Сталін забіваў сваіх верных дзеячоў. У рамках сваёй злачыннай прафіляктыкі. Але сёньня гэта не азначае, што ён і такія як ён былі антысталіністам. Гэта былі ўнутраныя чысткі ўнутры камуністычнага руху.

— І ня можа быць выключэньня?

— Задайце сабе пытаньне, чаму такі чалавек, які дзейнічаў супраць польскай дзяржавы і на карысьць савецкага таталітарызму, заслугоўвае нейкія спэцыяльныя прывілеі, выключны падыход. Назва вуліцы — гэта ўганараваньне, знак асаблівай павагі. У нас ёсьць мноства сваіх прыстойных навукоўцаў, аўтараў і польскай граматыкі, якія ня маюць сваіх вуліц. Ня ўсіх у нас ушанавалі. А людзей Сталіна і Гітлера мы не павінны ставіць за ўзор да перайманьня, незалежна ад таго, ці былі яны палякамі, немцамі, расейцамі, немцамі або беларусамі. Чаму мы павінны ўшаноўваць камуністаў? Ёсьць закон, і Тарашкевіч трапляе пад яго фармулёўкі.

— Для яго, верагодна, камунізм быў формай змаганьня за Беларусь, якую ў 1921 годзе падчас Рыскай канфэрэнцыяй падзялілі Польшча і Расея. І на сваёй зямлі ён апынуўся ў чужой дзяржаве, і быў грамадзянінам другой катэгорыі.

— Я ня ўпэўнены, што гэта была другая катэгорыя. Ён удзельнічаў у выбарах. Быў дэпутатам. За дзейнасьць супраць дзяржавы і на карысьць камунізму і СССР трапіў у турму. Але да Тарашкевіча было асаблівае стаўленьне, таму яго і вызвалілі. І ён аднавіў камуністычную дзейнасьць. Сталінізм быў ідэалёгіяй ня толькі варожай да Польшчы, але і супраць свабоднага чалавецтва. Калі нехта ў Беларусі захоча называць вуліцы яго імем, мы ня будзем выказвацца на гэты конт. Гэта ня наша справа. Наша справа — гэта вуліцы ў Польшчы, якая ў XX ст. панесла вялізарныя страты ад камуністычнага і нямецкага таталітарызмаў.

— У Бельску ёсьць ліцэй Тарашкевіча. Ці назва гэтай установы таксама будзе зьмененая?

— Гэта грамадзкая ўстанова. А патрон — гэта ўзор для перайманьня. І які Тарашкевіч дае прыклад моладзі? Выходзіць, што мы кажам: бярыце прыклад з патрона, дзейнічайце супраць Польшы на карысьць камунізму. Ці хацелі б вы так выхоўваць сваіх дзяцей? Я — не.

— Я палітыкаў у прынцыпе не хачу ставіць сваім дзецям за ўзор. Ані Тарашкевіча, ані Пілсудзкага, ані Дмоўскага.

— Пілсудзкі і Дмоўскі — гэта ўжо вашае меркаваньне. Дзейнасьць у камуністычнай партыі — гэта згода на тое, якімі мэтадамі яна працавала. У СССР злачынства таксама не называлі злачынствам. Камуністы бачылі гэтыя злачынствы і прымалі іх. Яны тлумачылі, што гэта цана рэвалюцыі. Ахвярамі Сталіна былі і польскія камуністы. Але для нас польскае паходжаньне не апраўдвае гэтых дзеячаў. Спачатку яны прымалі злачынствы іншых, а потым самі сталі ахвярамі. Але яны да канца былі камуністамі.

— У Гайнаўцы ёсьць вуліцы Коласа і Купалы. Яны таксама былі ў камуністычнай партыі. Які лёс чакае вуліцы іх імя?

— Да вуліцы Янкі Купалы ў нас няма пытаньняў. Ён ня быў актыўным дзеячом партыі, як Тарашкевіч. Нават у савецкай літаратуры ён шукаў для сябе месца. Нават калі ня ўсё ў яго біяграфіі было ідэальнае, то ён зьяўляецца бясспрэчным сымбалем беларускай культуры. І мы гэта шануем. У Купалы ёсьць вуліца ў Гданьску. Мы не зьвярталіся наконт замены яго вуліцы. Беларусы — гэта блізкі нам народ і ў іх шмат герояў. Яны таксама былі ахвярамі таталітарызмаў. Над Коласам мы яшчэ працуем.

Янка Купала
Янка Купала

— Польскі дзіцячы паэт Юліян Тувім таксама быў камуністам. Што зь ягонымі вуліцамі? У Польшчы іх шмат.

— Тувім ня быў актыўным дзеячам камуністычнай партыі, як Тарашкевіч. Да вайны ён займаўся паэзіяй. Пасьля вайны, напрыканцы жыцьця, у яго сапраўды быў флірт з накінутай палякам прапагандай. Але ён усё роўна ня быў у камуністычнай партыі. Тувім бліжэй да Купалы, але ніяк да Тарашкевіча.

— Ці думаеце вы, што адмова Польшчы ад вуліц Коласа і Тарашкевіча выкліча расчараваньне ў Беларусі?

— Беларусь, дзе знаходзяцца Курапаты, залітыя беларускай крывёй, павінна браць прыклад з Польшчы ў гэтай галіне. Злачынствы камунізму, злачынная ідэалёгія камунізму, дзеячы на карысьць пабудовы таталітарнай сыстэмы і ў нас, і ў Беларусі, павінны стаць напамінам, а ня ўзорам.

Якуб Колас
Якуб Колас

— Наколькі я разумею, пытаньне з Тарашкевічам вырашанае і мы чакаем толькі подпіс ваяводы?

— Я адкажу вам пытаньнем. Ці магчыма зьмяніць біяграфію Браніслава Тарашкевіча, каб не падманваць грамадзкую думку? Думаю, што не. Мы ня хочам і ня можам маніпуляваць. Мы бярэм пад увагу дэталі, таму і ставім у адно месца Тарашкевіча, а ў іншае месца — Купалу. Зразумейце, што для нас у працэсе дэкамунізацыі нацыянальнасьць ня мае значэньня. Што з таго, што Фэлікс Дзяржынскі быў маім земляком, калі гэта крывавы злачынца і сустваральнік антычалавечай сыстэмы. У нас не павінна быць месца для такіх людзей, і ня важна, што ён быў палякам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG