Выступаючы ў Эўрапейскім Парлямэнце, Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што Эўропа далучыцца да наступнага раўнду перамоваў з Расеяй, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
«Мы павінны даць дыпляматыі як мага найлепшы шанец на посьпех... У наступным раўндзе перамоваў возьме ўдзел моцная эўрапейская каманда. Гэта важна, бо бясьпека Ўкраіны наўпрост уплывае на нашу ўласную бясьпеку», — заявіла фон дэр Ляен у Страсбургу.
Пра згоду Крамля на далучэньне прадстаўнікоў Эўропы таксама паведамілі спэцыяльныя пасланьнікі ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер пасьля чарговых перамоваў з Уладзімірам Пуціным, якія адбыліся адразу пасьля трохбаковых перамоваў у Абу-Дабі ў пачатку лістапада.
Аднак сам Пуцін заявіў, што хоча спачатку пачуць пазыцыю Эўропы на двухбаковай аснове, перш чым пагадзіцца на пашырэньне фармату перамоваў, накіраваных на спыненьне расейскай вайны ва Ўкраіне. З гэтай мэтай ён запрасіў эўрапейскіх прадстаўнікоў у Маскву. Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў упэўненасьць, што ніхто туды не паедзе.
Выступаючы ў Эўрапейскім Парлямэнце, фон дэр Ляен нагадала, што на мінулым тыдні Кааліцыя ахвочых заклікала Расею пагадзіцца на спыненьне ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны на зімовы пэрыяд. Кааліцыя таксама заклікала Расею пагадзіцца на перамір’е, якое дазволіла б забясьпечыць бясьпечнае транспартаваньне харчовых прадуктаў цераз Чорнае мора.
«Гэта былі б значныя крокі, бо яны засьведчылі б сурʼёзнасць намераў Расеі наконт перамоваў... Мы і надалей будзем падтрымліваць Украіну і абараняць уласныя інтарэсы. Будзем ацэньваць прагрэс паводле дзеяньняў Расеі, а ня толькі паводле яе словаў», — заявіла старшыня Эўрапейскай камісіі.
Высокая прадстаўніца ЭЗ запэўніла, што блёк працягне аказваць максымальную падтрымку Ўкраіне, адначасова «максымальна» ціснучы на Расею, каб наблізіць мір. У прыватнасьці, фон дэр Ляен адзначыла, што Эўрапейская камісія нядаўна прапанавала чарговы — 22-і — пакет антырасейскіх санкцыяў.
«Санкцыі сапраўды дзейнічаюць — яны падрываюць асновы расейскай вайны. Мы маем нямала паказьнікаў, якія сьведчаць пра пагаршэньне пэрспэктываў расейскай эканомікі», — падкрэсьліла яна.
ЭЗ рыхтуецца налета вылучыць Украіне дадатковыя 45 мільярдаў эўра на ўсё большыя патрэбы абароны і бюджэту.
«Пуцін ня можа зламаць супраціў Украіны на полі бою. Таму замест гэтага ён спрабуе зламаць дух Украіны. Яму гэта ня ўдасца. Украінскі народ і надалей стаяцьме непахісна. А Эўропа і надалей будзе поруч зь ім — і падчас вайны, і ў мірны час», — запэўніла фон дэр Ляен.
На мінулым тыдні Эўрапейская камісія вылучыла новую прапанову: надаць Украіне пазыку ў 45 мільярдаў эўра, каб пакрыць значную частку фінансавага дэфіцыту, зь якім Кіеў сутыкнецца ў 2027 годзе.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Увесь час ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.