Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта выбары?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

У зьвязку з пачаткам выбарчай кампаніі варта адзначыць цікавы фэномэн. У Беларусі ў рамках дзейнага рэжыму існуе цэлы шэраг інстытутаў, якія фактычна лішнія, безь якіх можна абысьціся. Гэта Нацыянальны сход, мясцовыя саветы, Канстытуцыйны суд, прафсаюзы, БРСМ, партыі, выбары... Калі б яны раптам зьніклі ці былі распушчаныя прэзыдэнцкім указам, гэта ніяк не паўплывала б на існаваньне эканамічнай і палітычнай сыстэмы. Больш за тое, думаю, большасьць насельніцтва гэтага б і не заўважыла. Бо ўсе гэтыя інстытуты даўно страцілі першапачатковы сэнс, гэта пятае кола ў дзяржаўным возе.

І тым ня менш яны існуюць, на іх функцыянаваньне трацяцца вялікія рэсурсы, іх ачольваюць буйныя чыноўнікі, іх працу асьвятляюць дзяржаўныя мэдыі. Навошта ўвесь гэты спэктакль, гэтая вялізарная імітацыя?

Адказ можа быць просты і складаны. Просты адказ палягае ў тым, што так прынята ва ўсім сьвеце. Маўляў, у нас жа ўсё як у людзей. Бачыце, ёсьць і парлямэнт, і дэпутаты, і выбары. Як любіць казаць Лукашэнка эўрапейскім журналістам, у Беларусі больш дэмакратыі, чым у Эўропе.

Але такі просты адказ не дастатковы, каб патлумачыць існаваньне гэтых, на першы погляд, непатрэбных, «пустых», не напоўненых рэальным зьместам інстытутаў. Бо адзін з канцэптуальных пастулятаў ідэалягічнага канструкту Лукашэнкі палягае ў тым, што мы ідзем сваім асаблівым шляхам. Дзейны кіраўнік увесь час падкрэсьлівае, што беларуская сацыяльная мадэль непадобная ні да заходняй, ні да ўсходняй. А калі так, то можна было б адмовіцца ад гэтых, па сваёй прыродзе заходніх, інстытутаў, бо, маўляў, яны не адпавядаюць нашым традыцыям. Лукашэнка цягам доўгіх гадоў свайго кіраваньня рабіў шмат рэчаў, якія ішлі насуперак усясьветным тэндэнцыям, рабіў тое, што не прынята ў сьвеце. Напрыклад, павыганяў замежных амбасадараў зь іхніх рэзыдэнцыяў. Ці ня стаў адмяняць сьмяротнае пакараньне.

Тым ня менш усе прадстаўнічыя ўстановы (парлямэнт, мясцовае самакіраваньне) захоўваюцца. Ну, а выбары — гэта сьвятое. Прычым з удзелам апазыцыі, якую нават дапускаюць у такія пэрыяды да дзяржаўных мэдыяў. І гэта робіцца ня толькі дзеля таго, каб наладзіць адносіны з Захадам. Бо гэтыя фармальныя працэдуры захоўваліся і ў тыя часы, калі адносіны з ЗША і ЭЗ былі для афіцыйнага Менску ня надта цікавыя.

І каб адказаць на зададзенае пытаньне, трэба зьвярнуцца да такога трохі абстрактнага паняцьця, як легітымнасьць. Гэты мудрагелісты тэрмін азначае, па сутнасьці, права на ўладу.

Гэта толькі ў манархічных сыстэмах улада ад Бога. А ва ўсіх астатніх, нават таталітарных, сыстэмах фармальна ўлада ад народу

Успаміны дзяцінства. Мая маці, вясковая настаўніца, была чальцом партыі. У яе была даволі важная «партыйная нагрузка». Яна ўзначальвала ў нашай вёсцы выбарчую камісію. А выбараў у савецкія часы было шмат. Выбіралі дэпутатаў Вярхоўных Саветаў СССР і БССР, абласных, раённых, сельскіх саветаў. Дарэчы, у Савецкім Саюзе выбіралі судзьдзяў. Дык вось, як толькі набліжаліся чарговыя выбары, спакой у нашай сям’і канчаўся. Кожны дзень з райцэнтру прыяжджалі нейкія чыноўнікі. З райвыканкаму, з райкаму, з пракуратуры, з КДБ, зь сельсавету. Што толькі не правяралі! Сьпісы выбарцаў, дасьведчанасьць сябраў выбарчых камісіяў, інфармаваньне насельніцтва, гатоўнасьць урнаў, мастацкую самадзейнасьць у клюбе, буфэт. Калі хто з грамадзян заяўляў, што ня пойдзе галасаваць, бо старшыня калгасу ня даў яму машыны, каб прывезьці торфу, да яго прыходзіла цэлая камісія чыноўнікаў, яго ўгаворвалі, пужалі, абяцалі даць дзьве машыны і інш. Нават пажарнікі прыяжджалі, каб ацаніць стан супрацьпажарнай бясьпекі.

То бок, хоць рэальных выбараў не было, ніякай апазыцыі не існавала, палітычная ляяльнасьць была амаль стопрацэнтная, савецкая сыстэма здавалася жалезабэтонна непахіснай, аднак падчас выбараў увесь дзяржаўны апарат стаяў на вушах. Чаму?

Адказ той самы. Бо нават і ў тыя часы выбарчая працэдура забясьпечвала легітымнасьць. Гэта толькі ў манархічных сыстэмах улада ад Бога. А ва ўсіх астатніх, нават таталітарных, сыстэмах фармальна ўлада ад народу. Як ужо гэтая народная падтрымка забясьпечваецца, іншая справа.

Калі вяртацца да савецкай гісторыі, то вось знамянальны факт. Адразу пасьля вайны, у 1946 годзе, былі праведзены чарговыя выбары Вярхоўнага Савету СССР. Пры тым, што з 1939 па 1952 гады не праводзілася зьездаў КПСС, пленум ЦК з 1945 па 1952 гг. зьбіраўся толькі адзін раз. То бок для Сталіна народная легітымнасьць была значна больш важная, чым партыйная. Бо бяз выбараў «царь не настоящий».

Таму цалкам зразумела, што і цяпер, хоць рэальных выбараў няма, але падчас выбарчай кампаніі ўвесь дзяржаўны апарат знаходзіцца ў рэжыме ўсеагульнай мабілізацыі. Улады ставяцца да гэтай кампаніі значна больш сур’ёзна, чым можна сабе ўявіць і чым выглядае звонку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG