Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўны навігатар у сеціве: глядзім YouTube


Вучымся беларускае мовы на YouTube
Вучымся беларускае мовы на YouTube

Працягваем агляд рэсурсаў сеціва, прысьвечаных вывучэньню і практычнаму выкарыстаньню беларускае мовы. На самай папулярнай відэаплятформе не бракуе каналаў, дзе можна падвучыцца ад знаўцаў.

Пачынальнікі

Відэапраграмы пра беларускую мову маюць сваю гісторыю. З 1980-х, калі кіраўніком Беларускай тэлевізіі быў Генадзь Бураўкін, там ішла праграма „Роднае слова“(вядоўцы Ўладзімер Содаль і Пётра Садоўскі), якая рэальна паўплывала на моўнае адраджэньне краіны.

Тут некалькі захаваных выпускаў.

Унівэрсальныя навукова-папулярныя курсы

Легендарны „Моўнікмовазнаўцы Зьмітра Саўкі, які вяла філёляг Вольга Іскрык, выходзіў у этэр Белсату 128 разоў. Часткова яго выпускі сабраныя тут і тут. „Моўнік“ шматгранны, як і асоба яго галоўнага аўтара і экспэрта: ён карысны тым, хто хацеў бы палепшыць свае веды, цікавы тым, хто ведае спрэчкі ў беларускай лінгвістыцы, патрэбны тым, хто змагаецца за правы беларускае мовы.

Прыклады тэмаў: „Горад ці места?“; „Што такое руская мова ВКЛ?“; Дзяржаў ці дзяржаваў, моў ці моваў?“.

Па-беларуску зь Вячоркам (91 выпуск) — адказы мовазнаўцы Вінцука Вячоркі на разнастайныя і актуальныя моўныя пытаньні: Як назваць аднаразовы пітны посуд?“; „Ці разумеюць беларусы па-ўкраінску?“; „Хто ты: мянчук ці мінчанін? ... Ёсьць моўныя відэанарысы: Як беларусы прынесьлі Расеі капец (пра гісторыю слова). А кадры вулічных апытаньняў сьведчаць, што беларуская мова ў сьвядомасьці нашых сучасьнікаў жыве.

Мова пра мову (46 выпускаў) — падкасты Вінцука Вячоркі: „Ці называў беларус бацькам некага, акрамя ўласнага таты?Кутні зуб — гэта каторы?Назвы беларускіх вуліц: пазбыцца каляніяльнае спадчыныі г.д. Шчодра праілюстраваныя музычнымі прыкладамі і vox populi.

Моўнае шоў „Гоман“ (ютуб-вэрсія). Онлайн-курс кампаніі „Годна“ вядуць, дынамічна падзяліўшы ролі, філёляг Аляксей Шэін і музыка й мастак Андрусь Такінданг. Кожны з 8 выпускаў прысьвечаны жыцьцёвай тэме, пачаўшы ад словаў моўнага этыкету.

Тэматычны прынцып размоўніка — і на курсах беларускае мовы Movavieda („Моваведа“) пад споклічам Шчасьлівыя людзі гавораць па-беларуску!“. Тут запісы заняткаў дзясятага сэзону, якія вядуць офлайн Аляксей Шэін і Алена Прыстаўка: Кухоннае начыньне; Твар, цела, вантробы; Ежаі г.д.

Мова нанова — нефармальныя курсы беларускае мовы з элемэнтамі шоў (жанр пачыналі курсы „Мова ці кава“). У канале ажно 644 відэа, гэта пераважна запісы заняткаў у розных гарадох Беларусі. Тэматыка шырокая, можна выбраць плэйлісты „Слоўнік“ (а ў ім тэмы „Гатэль, „Мастацтва, „Рэкляма,Жаночая драбяза…) Граматыка(з тэмамі „У гаросе ці ў гароху“, „абодва — абедзьве — абое“...), Дзеткам, Музычны госьць… Вядоўцы — журналіст Глеб Лабадзенка і мовазнаўца Алеся Літвіноўская. Актуальная этэрная вэрсія „Мовы нанова“ на Белсаце (вядоўца Віктар Шукеловіч) тут.

Тэматычныя і жанравыя каналы

#моваздома — адна з ініцыятываў Арт Сядзібы дзеля папулярызацыі беларускае мовы. У 11 выпусках — кароткі агляд самых прыкрых памылак з простым тлумачэньнем: У спасылке ці ў спасылцы? Ніякіх -ге, -ке, -хе ў канцы беларускіх слоў! Вядоўца Аляксандра Бабкова.

Мова са Свабодай. На 43 відэа — пераважна міні-слоўнічкі ў фармаце запамінальных анімацыяў: грыбы і ягады, дрэвы, экзатычныя жывёлы, офісныя прылады па-беларуску.

Як гаворыць краіна. Папулярная дыялекталёгія (7 выпускаў, усе рэгіёны) на канале Onliner Belarus. Кароткія справаздачы з экспэдыцыяў ілюструюць характэрныя рысы беларускіх гаворак. А ці вы ведаеце, дзе ў нас скажуць селязень, а дзе — вутáк? Вядзе дыялектоляг Вадзім Шклярык.

Сваімі словамі (ранейшая назва „Размаўляем па-беларуску“) — тэлевіктарына на тэмы беларускае мовы, а таксама літаратуры і этнаграфіі. Удзельнічаюць студэнты, школьнікі, сталыя людзі. Выходзіць на дзяржаўным канале Беларусь-3, рыхтуе ТРК „Гомель“, вядоўца Алена Трацэнка.

Беларускі алфавіт! — навучальная анімацыя для малых (6 выпускаў) ад „Гаваруна“.

Гэта спэцыялізаваныя моўныя каналы (колькасьць выпускаў пазначана на дзень публікацыі агляду). А розных тэматычных каналаў і плэйлістоў па-беларуску цяпер мноства — на ўсе тэмы, для ўсіх узростаў, рознай ступені сур'ёзнасьці. Шукайма, далучаймася, глядзім.

Працяг будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG