Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўны навігатар: TikTok па-беларуску


Рэсурсы TikTok па-беларуску
Рэсурсы TikTok па-беларуску

Апішам некалькі тэматычных каналаў, дзе вывучаюць беларускую мову ці проста гавораць па-беларуску. Дапаўняйце сьпіс, стварайце свае!

ТыкТок — інтэрнэт-сэрвіс для публікацыі кароткіх відэа. Ён імпэтна здабывае папулярнасьць, найперш сярод маладой і вельмі маладой аўдыторыі, і мае характэрныя жанравыя рысы, сярод якіх арыентацыя на забаву.

Апішам некалькі тэматычных каналаў, дзе вывучаюць беларускую мову ці проста гавораць па-беларуску.

Навучаньне

Найперш згадаем свабодаўскі канал у ТыкТоку. Тут актуальныя весткі па-беларуску чаргуюцца з развагамі на тэмы беларускае мовы (а таксама гісторыі, культуры), зь якіх нават абазнаныя даведаюцца нешта нечаканае для сябе, а новы глядач дык і падвучыцца. Якое папраўдзе значэньне слова „памяркоўны“? Што такое правапіс тарашкевіца? „Мацнейшы“ і „наймацнейшы“ — у чым розьніца? Усе моўныя сюжэты грунтуюцца на матэрыялах спэцыялістаў, ім можна давяраць.

ТыкТок-вэрсію моўнага шоў „Гоман“ вядзе філёляг і пісьменьнік Аляксей Шэін, а да яго далучаецца музыка і мастак Андрусь Такінданг. Тэматыка традыцыйная для навучальных моўных каналаў, але разнастайная: прыкладам, зімовыя слоўцы, кулінарная лексыка, гісторыя беларускіх альфабэтаў, таямнічае слова „варголы“ і многае іншае. Пра ўсё гэта — экспрэсіўна, творча і, што важна, прафэсійна, зь веданьнем навуковага грунту і працаў калег.

Аўтарскі канал Лізы Ветравай ужо вельмі папулярны сярод беларускай аўдыторыі. Вядоўца не пазыцыянуе сябе як знаўца прадмету (беларускае мовы), а паказвае, што сама шукае і знаходзіць новае для сябе і дзеліцца гэтым новым з гледачамі, пасылаючы прыблізна такі сыгнал: „я такая, як і вы — і вы ня бойцеся пераходзіць на беларускую“.

Тэматычныя каналы па-беларуску

ТыкТок-вэрсія рэсурсу natatnik.by — пра вандроўкі і знаходкі, этнаграфічныя артэфакты і дыялектнуюсамабытнасьць Берасьцейшчыны і ня толькі, а таксама пра кухню, даўншыфтэрства і г.д. На добрай і натуральнай беларускай мове усе гэтыя жыцьцёвыя рэчы абмяркоўваюць і на пытаньні гледачоў адказваюць таленавітыя вядоўцы.

Вядоўцы гутарковага каналу „Трэба пагаварыць“ Марыя Грыц, Кацярына Ваданосава і Крысьціна Дробыш апісваюць яго як „бясьпечную прастору, дзе жанчыны дзеляцца гісторыямі пра свой балючы досьвед“. Вядоўцы гавораць па-беларуску і гэтым часта настройваюць суразмоўцаў таксама па-беларуску дзяліцца сваімі перажываньнямі — як правіла, зьвязанымі зь цяжкімі паваротамі лёсу, зьперасьледам іх саміх ды іхных блізкіх.

Тутэйшы: Імітацыя дыялёгаў на вострыя і часта зьвязаныя зь беларускай ідэнтычнасьцю тэмы. Вядоўца падкупляе экспрэсіяй, адкрытай суб’ектыўнасьцю. Аднак якасьць беларускае мовы яшчэ вымагае ўдасканаленьня.

Натуральна, каналаў значна больш, таму (калі вы жывяце ў ТыкТоку) — дапаўняйце іх сьпіс і стварайце свае!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG