Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка нагадаў, што не скасуе дэкрэт пра дармаедаў. Дэкрэт абновяць да 1 кастрычніка


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да 1 кастрычніка — рыхтаваньне новай рэдакцыі «дэкрэту пра дармаедаў», кажа ён, ужо завершанае.

9 сакавіка Лукашэнка пастанавіў прыпыніць на год дзеяньне дэкрэту пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй Беларусі, але пасьля шматкроць нагадваў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў».

«Марш недармаедаў» у Віцебску, 26 лютага
«Марш недармаедаў» у Віцебску, 26 лютага

Што менавіта зьменяць у дэкрэце, Лукашэнка не ўдакладніў, спаслаўшыся на тое, што «неаднаразова пра гэта выказваўся».

«Мясцовыя органы ўлады, якія непасрэдна кантралююць рынак працы і бачаць кожнага чалавека, і выканаўчыя органы ўлады на месцах павінны мець усе паўнамоцтвы і вагары ўзьдзеяньня на гэтых людзей для разьвязаньня праблемы. Вось што мы павінны зрабіць і прапісаць у новай рэдакцыі дэкрэту, — заявіў Лукашэнка. — Я спадзяюся, што акрамя ўраду пытаньнем сур'ёзна зоймуцца дэпутаты. Гэта іхны хлеб. Ухіляцца ад гэтай праблемы дэпутату нельга».

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі «як мінімум паўмільёна» людзей, якія не працуюць. Паводле ж Белстату, у Беларусі толькі 260 тысяч беспрацоўных — але амаль паўмільёна лістоў разаслалі «патэнцыйным дармаедам». З тых 470 тысяч толькі 11% сплацілі збор (ім цяпер абяцаюць вярнуць грошы за 2015 год). Беларусь тымчасам страціла з 2010 году 300 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва.

Краіна дармаедаў: гісторыі

Лукашэнка кажа, што з тых «паўмільёна» можна вызваліць ад збору каля 200 тысяч чалавек — шматдзетныя сем’і, хворых, інвалідаў і «людзей, якія, можа, і хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца ў сілу жыцьцёвых абставінаў».

«Але 300 тысяч дзе? — абураўся Лукашэнка. — Таму Дэкрэт № 3 — гэта 300 тысяч. Тых, хто павінен працаваць, але не працуе. І мы іх павінны прымусіць працаваць. Вось і ўся ідэалёгія».

Міжнародныя арганізацыі тымчасам абвінавачваюць Беларусь ува ўжываньні прымусовай працы насуперак падпісаным Беларусьсю дамовам. Рэч ня толькі ў «дармаедах», але і ў прымусовай працы зьняволеных і вайскоўцаў, прымусовых суботніках, удзеле школьнікаў і студэнтаў ува ўборачнай кампаніі, неэфэктыўнай барацьбе з гандлем людзьмі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG