Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падатак на дармаедаў» вернуць таксама інвалідам і пэнсіянэрам. Пасьля пісьмовай заявы


Ілюстрацыйнае фота. Пратэсты «недармаедаў». Гомель, люты 2016 году

Беларусам, якія сплацілі «збор на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў» за 2015 год, пачалі вяртаць грошы — пры ўмове працаўладкаваньня «дармаеда». Міністэрства падаткаў і збораў удакладніла 10 чэрвеня парадак вяртаньня збору.

Збор будуць вяртаць ня толькі тым, хто «браў удзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў» у 2017 годзе (пра 2016-ы, у якім трэба было плаціць збор за 2015-ы, гаворкі не вядзецца), але і тым, хто на 2017 год дасягнуў пэнсійнага ўзросту або быў прызнаным недзеяздольным ці інвалідам (незалежна ад групы інваліднасьці).

Каб збор вярнулі, трэба падаць у падатковы орган заяву адпаведнай формы. Грошы вернуць або на рахунак у беларускім банку, або гатоўкай праз касу «Беларусбанку» цягам месяца з дня падачы заявы.

Краіна дармаедаў: гісторыі

Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 3, які ўкараніў «падатак на дармаедаў», 2 красавіка 2015 году. Тым, хто не плаціў падаткі са сваёй працы больш за 183 дні на год, была прызначаная выплата ў 20 базавых велічыняў (летась гэта складала 360 рублёў).

Ды беларусы не захацелі плаціць збор за 2015 год — апошні дзень сплаты доўга адкладалі, урэшце збор сплацілі ненашмат больш за 50 тысяч з 470 тысяч атрымальнікаў «лістоў шчасьця». «Падатак на дармаедаў» справакаваў таксама масавыя акцыі пратэсту ў многіх гарадах Беларусі і абурэньне міжнароднай супольнасьці гэтым зборам як элемэнтам прымусу да працы.

Урэшце ў сакавіку Аляксандар Лукашэнка загадаў не спаганяць «падатак на дармаедзтва» да канца году, але не скасаваў сам збор. «Дармаедам», якія сплацілі збор, спачатку не плянавалі яго вяртаць: яго «пакінулі на рахунку» да наступнай сплаты збору на выпадак, калі чалавек зноў стане «дармаедам».

Шмат чаго засталося незразумела: улады так і не сказалі, колькі чалавек не сплацілі збор; не пакаралі вінаватых у народным абурэньні, якіх крытыкаваў Лукашэнка; не растлумачылі, на якое такое «ўтрыманьне дзяцей» (як казаў Лукашэнка) пойдуць ужо сабраныя грошы.

Заданьне Лукашэнкі «працаўладкаваць усіх беспрацоўных да 1 траўня» было праваленае: у краіне па-ранейшаму каля 40 тысяч афіцыйных беспрацоўных і каля 260 тысяч «рэальных» беспрацоўных. Менскія службы занятасьці спрабавалі пісаць лісты «дармаедам», але на іх адказала толькі каля 0,3% адрасатаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG