Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыпыненьне дэкрэту «аб дармаедах». Што засталося незразумелага


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Спаганяньне «збору з дармаедаў» прыпынена на бягучы год рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі. Тым, хто ўжо сплаціў збор, грошы вяртаць пакуль ня будуць: Лукашэнка заявіў, што тыя грошы «пойдуць у залік» на наступны год, але калі ў 2016 годзе «дармаед» знайшоў працу, тады грошы за 2015 год яму вернуць.

Але пакуль з прыпыненьнем дэкрэту ня ўсё зразумела — тым больш, што такое прыпыненьне пакуль не пацьверджана афіцыйна апублікаванымі дакумэнтамі.

Невядома, як скарэктуюць «дэкрэт аб дармаедах»

Касаваць дэкрэт ня будуць, падкрэсьліў Лукашэнка, а толькі «скарэктуюць цягам сакавіка». Афіцыйна апублікаваных пісьмовых распараджэньняў пакуль няма — толькі вусная заява. Хто будзе карэктаваць дэкрэт і як яго будуць мяняць, Лукашэнка не сказаў. Сказаў толькі, што «Адміністрацыя прэзыдэнта разам з урадам мусяць арганізаваць кантроль» за выкананьнем рашэньня аб прыпыненьні дэкрэту.

Паводле словаў Лукашэнкі, на вуліцах пратэставалі «ня тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды», а ў асноўным «тыя людзі, якія пакрыўджаныя, якім мы ні з таго ні з гэтага паслалі гэтыя паведамленьні». Верагодна, «сьпісы дармаедаў» звузяць.

Прадстаўніца парлямэнцкай камісіі ў працы і сацыяльных пытаньнях Тамара Красоўская распавяла журналістам, што зь ліку «дармаедаў» зьбіраюцца выключаць жанчын, якія сядзяць дома зь дзецьмі да 7 год; людзей, якія даглядаюць хворых бацькоў; людзей, якія праходзяць альтэрнатыўную службу і ўладальнікаў асабістых гаспадарак. Ці гэта ўсё і ці менавіта камісія будзе правіць дэкрэт, невядома.

Невядома, ці пакараюць вінаватых у народным абурэньні

Лукашэнка канстатаваў «агіднае і безадказнае» выкананьне дэкрэту з боку адказных чыноўнікаў, у тым ліку дэпутатаў «розных узроўняў, асабліва мясцовых саветаў». Выкананьне дэкрэту, сказаў ён, было працай кожнага старшыні райвыканкаму, кіраўнікоў гарадзкіх і раённых адміністрацыяў, а кантроль быў справай кіраўнікоў райвыканкамаў і Менгарвыканкаму.

Акцыя пратэсту супраць дэкрэту №3 у Віцебску, 26 лютага 2017 году
Акцыя пратэсту супраць дэкрэту №3 у Віцебску, 26 лютага 2017 году

Але пакуль Лукашэнка не рабіў кадравых перастановак і не казаў пра магчымыя пакараньні. Толькі адзначыў, што «чэсных людзей ня трэба было чапаць наагул», і прасіў даць яму сьпісы «гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць».

Невядома, колькі чалавек не сплацілі збор, хоць мусілі

Апошнія зьвесткі пра тое, колькі людзей сплацілі збор, былі прадстаўленыя 21 лютага — на наступны дзень пасьля завяршэньня збору. Але тыя зьвесткі былі толькі папярэднія. Таксама толькі папярэднія зьвесткі прадстаўляліся пра тое, колькі людзей вызваленыя ад збору (даказалі, што «не дармаеды»), і то толькі па дзьвюх асобных абласьцях, а не па ўсёй краіне.

Лукашэнка патрабуе: У Беларусі працаваць мусяць усе

Паводле гэтых папярэдніх зьвестак выходзіць, што збор сплацілі каля 52 тысяч чалавек, а не сплацілі, хоць мусілі, 300–350 тысяч. Гэтым апошнім пагражалі штрафы, адміністрацыйны арышт і прымусовыя працы. Але колькі месяцаў заняў бы разгляд у судах такой колькасьці спраў, уявіць цяжка.

Невядома, на што пойдуць сабраныя грошы

Грошы, сабраныя ў якасьці «падатку на дармаедаў», запэўнівае Лукашэнка, павінны застацца ў раённых бюджэтах і «да капейкі павінны быць накіраваныя на ўтрыманьне дзяцей»: дзіцячыя сады, дзіцячыя дамы, «купілі нешта, накармілі, напаілі і гэтак далей». Лукашэнка забараніў траціць сабраныя грошы на іншыя мэты — такія, як рамонт дарог і кватэраў.

Але ці можна за сабраныя грошы, напрыклад, будаваць дзіцячыя пляцоўкі ці рамантаваць дзіцячыя госьпісы, невядома. Раней пра «ўтрыманьне дзяцей» ня згадвалася. Дый увогуле раней не гаварылася, на што накіруюць сабраныя грошы.

Невядома, чаму прыпынілі дэкрэт

Пра тое, чаму дэкрэт прыпыняецца, Лукашэнка наўпрост не казаў. Але ён адзначыў, што «па 200–500 чалавек выходзяць на вуліцы» (насамрэч на шэрагу мітынгаў былі ня сотні, а тысячы людзей) і казаў, што «мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час». Пры гэтым ён дадаў, што дэкрэт не эканамічны ці фінансавы, а «ідэалягічны» і «маральны» — дзяржава нібыта не зьбіраецца атрымаць зь яго вялікіх грошай.

«Марш абураных беларусаў» у Менску, 17 лютага 2017 году
«Марш абураных беларусаў» у Менску, 17 лютага 2017 году

Таксама Лукашэнка дадаў, што ведае пра агучаныя ў СМІ заявы тых, каго ён называе «пятай калёнай». І ведае «нешта яшчэ — тое, чаго грамадзтва не ведае, хоць намёк у СМІ на гэта быў». Што за намёк маецца на ўвазе, няясна.

Невядома, ці будуць рэпрэсіі і правакацыі на акцыях пратэсту

Шэраг удзельнікаў акцыяў пратэсту супраць «дэкрэту пра дармаедаў» ужо выклікаюць у суды «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», некаторым даюць штрафы і суткі. Не падобна, каб асуджаным зьбіраліся вяртаць штрафы і кампэнсаваць арышты. Але ці пойдуць зараз улады на жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў будучых акцыяў пратэсту, невядома. Тым часам арганізатары гэтых будучых акцыяў адмяняць іх не зьбіраюцца, бо патрабуюць не прыпыненьня, а скасаваньня дэкрэту.

Лукашэнка жадае ўзяць пад дзяржаўны кантроль сацыяльныя пратэсты і палохае Майданам

Таксама незразумела, што меў на ўвазе тэлеканал «Беларусь-1», калі ў прапагандысцкім «рэпартажы» «Званок сябру» пытаў: «Ці дасьць Статкевіч удзельніку мітынгу гарантыю, што яму ня стрэліць у сьпіну нейкі кантужаны на Данбасе добраахвотнік з „Правага сэктару“?», «Ці дасьць Статкевіч гарантыю, што той жа кантужаны не прыхопіць на мітынг выбухоўку, якая выбухне ў натоўпе?». Статкевіч казаў, што пра падрыхтоўку правакацыяў і тэрактаў ня чуў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG