Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыю назвалі «найдабрэйшай» краінай сьвету. Беларусь 69-я


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле прынцыпу «жыві сам і дай жыць іншым» Беларусь на ўзроўні Лібану і Самоа.

Ганаровы прафэсар Унівэрсытэту Ўсходняй Англіі Сайман Анхольт склаў чарговы рэйтынг «Добрых краінаў» (Good Country Index), у якім на падставе іншых дасьледаваньняў ацэньвае ўнёсак краіны ў дабрабыт іх жыхароў і ўсяго чалавецтва.

На першым месцы са 163 краінаў у агульным рэйтынгу Швэцыя, яна ж першая паводле ўнёску ў росквіт і роўнасьць чалавецтва, а таксама ў ахову здароўя. Сьледам за Швэцыяй – Данія, Нідэрлянды, Вялікая Брытанія і Швайцарыя.

Вялікая Брытанія першая паводле ўнёску ў навуку, Бэльгія першая ў культуры, Паўднёвая Афрыка – у міры і міжнароднай бясьпецы, Аўстрыя – у парадку, Ісьляндыя – у клімаце і ахове навакольнага асяродзьдзя.
У параўнаньні зь мінулым годам, Беларусь палепшыла пазыцыі: летась дасьледчык паставіў яе на 79-е месца, сёлета – на 69-е. Па асобных паказьніках пазыцыі Беларусі наступныя: навука – 37-е месца, культура – 94-е, бясьпека – 97-е, парадак – 75-е, клімат – 69-е, багацьце і роўнасьць – 148-е, здароўе – 52-е.

У Беларусі адзначаюцца праблемы са свабодай прэсы, свабодай перасоўваньня, малымі ўнёскамі ў бюджэты ААН у бясьпецы, дабрачыннасьцю, прытулку ўцекачам, экалягічным адбіткам на плянэце, выкідамі вуглякіслага газу, адкрытым гандлем, унёскамі ў Міжнародную арганізацыю здароўя.

Суседзі Беларусі ў рэйтынгу – Калюмбія, Гана і Лібан (66-68 месцы), Самоа, Філіпіны і Фіджы (70-72 месцы).

Сьледам за імі ідзе геаграфічная суседка Беларусі – Украіна (73 месца). Расея яшчэ на пяць пазыцыяў ніжэйшая (78 месца). Польшча ў рэйтынгу на 25-м месцы, Эстонія на 38-м, Латвія на 41-м, Літва на 45-м.

Апошнія месцы ў рэйтынгу маюць Ірак, Маўрытанія, Цэнтральна-афрыканская рэспубліка, Экватарыяльная Гвінея і Лібія.

Афганістан, Андора, Бутан, Кот-д’Івуар, Ліхтэнштэйн, М’янма, Паўночная Карэя, Самалі, Судан, Таджыкістан, Тайвань, Туркмэністан, Узбэкістан, Эрытрэя, Эфіёпія і шэраг іншых краінаў не прадстаўленыя ў рэйтынгу празь недахоп зьвестак ад ААН і іншых міжнародных арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG