Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на 103-м месцы з 163 у рэйтынгу міралюбнасьці. Крыху лепей, чым летась


Згодна з Усясьветным рэйтынгам міру за 2017 год (Global Peace Index, PDF), сьвет за год зрабіўся крыху (на 0,28%) больш міралюбным. Але трэнд адваротны: з 2008 году сьвет стаў больш ваяўнічым на 2,14%. На гвалт прыпадае 12,6% валавога ўнутранага прадукту ўсіх краінаў сьвету.

Самай міралюбнай у рэйтынгу ад 2008 году застаецца Ісьляндыя, сьледам — Новая Зэляндыя, Партугалія, Аўстрыя і Данія, самымі ваяўнічымі — Сырыя, Афганістан, Ірак, Паўднёвы Судан і Емэн. Самая міралюбная краіна з былой Варшаўскай дамовы — Чэхія, якая захавала 10-е месца.

Беларусь у сёлетнім рэйтынгу на чатыры пазыцыі бліжэй да міралюбнасьці ў параўнаньні зь мінулым годам. Краіна на 103-м месцы — між Анголай, Узбэкістанам і Македоніяй (100-102 месцы), М’янмай, Угандай і Гандурасам (104-106). На гвалт (то значыць, абарону, войскі і сілы правапарадку), паводле дасьледчыкаў, Беларусь траціць каля 6,5% ВУП — больш за 9,6 млрд даляраў на год або больш як 1000 даляраў на чалавека на год.

З краінаў былога СССР усе акрамя Армэніі і Туркмэністану палепшылі паказьнікі ў рэйтынгу. Расея захавала леташняе 151-е месца, Украіна на 154-м месцы (на 2 месцы вышэй за 2016 год), Літва і Латвія захавалі, адпаведна, 37-е і 32-е месцы. Польшча значна пагоршыла пазыцыі: цяпер яна на 33-м месцы, на 11 пазыцыяў ніжэй.

Постсавецкія краіны застаюцца трэцім паводле ваяўнічасьці рэгіёнам сьвету пасьля Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі (лічацца ў рэйтынгу за адзін рэгіён) і Паўднёвай Азіі. Дасьледчыкі згадваюць паляпшэньне сытуацыі на паўднёвым усходзе Ўкраіны, але адзначаюць разьвіцьцё Нагорна-Карабаскага канфлікту, у якім за мінулы год загінулі дзьве сотні чалавек, а таксама напружанасьць у стасунках Туркмэністану з Іранам. Са сьмерцю Іслама Карымава Ўзбэкістан значна палепшыў паказьнікі ў рэйтынгу (цяпер на 101-м месцы ў сьвеце, плюс 8 пазыцыяў).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG